Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трактар ад Алексіевіч


На выпускным фота Сьвятлана Алексіевіч другая зьлева ў ніжнім шэрагу

На выпускным фота Сьвятлана Алексіевіч другая зьлева ў ніжнім шэрагу

Нобэлеўская прэмія па літаратуры валодае магіяй чароўнай палачкі. Прычым менавіта літаратурная, а не навуковая.

Бо кнігі ляўрэата, у адрозьненьне ад навуковага адкрыцьця, можна адразу пачаць чытаць. А ў мясьціны, дзе літаратар рос і выхоўваўся, і якія паўплывалі на яго сьветапогляд, можна паехаць хоць заўтра. І тыя мясьціны, якімі б нецікавымі яны ні былі ўчора, пасьля дакрананьня чароўнай нобэлеўскай палачкі набываюць новыя рысы. Дарога сярод вымерлых палескіх вёсак становіцца іншай. Бо гэта Яе дарога. Не сумняваюся, што калі-небудзь у Капаткевічы і Івашкавічы паедуць літаратурныя турысты. Усім раю са сталіцы ехаць празь Любань і Навасёлкі. Гэта карацей і даведаесься больш. А ў Навасёлках вас чакае сапраўднае адкрыцьцё. Можа быць, найлепшы помнік партызанам у Беларусі. Прынамсі, мяне гэты помнік проста агаломшыў. Я спыніўся і стаяў каля яго чвэрць гадзіны. Манумэнт уяўляе сабой тры агромністыя чалавечыя фігуры. Кожная вышынёй з трохпавярховы дом. Бэтонныя волаты не стаяць статычна, а выяўленыя ў дынаміцы. Тры гіганты з суворымі тварамі выходзяць зь лесу на вялікую дарогу.

І звычайная школа ў Капаткевічах, якую скончыла ў 1965-м годзе Сьвятлана Алексіевіч, таксама дзякуючы чароўнаму Нобэлю, перастае быць проста звычайнай школай. Дарэчы, школа сапраўды незвычайная. Школа выпусьціла каляндарык на будучы год, прысьвечаны Нобэлеўскай ляўрэатцы. А на дошцы аб’яваў на самым бачным месцы вісіць інфармацыя пра знакамітую выпускніцу.

Гэтую працу робіць настаўніца беларускай мовы Натальля Каліцька.

— Нашы настаўнікі заўжды падтрымлівалі цікавасьць да яе асобы. Хоць па праграме яна не вывучалася асабліва. Заўсёды зьвярталі ўвагу вучняў, што ў нас была такая выпускніца. Ёсьць і стэнд, прысьвечаны ёй. Нашы дзеці яе ведаюць.

Як шмат залежыць для выхаваньня пачуцьця радзімы ад выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Беларускую мову Сьвятлане Алексіевіч выкладала Аляксандра Антанішына.

Аляксандра Антанішына

Аляксандра Антанішына

— Матэматыку яна не любіла, беларускую мову яна не надта паважала таксама. Яна цэлую сумку, кніг дзесяць, цягала з сабой. Часам у мяне на ўроку чытала. Я чытала яе кнігі. Цяжка чытаюцца. Яна апісвала найгоршыя эпізоды. Выбірала такіх людзей, хто перажыў многа. Аб партызанах адгукалася вельмі кепска. Гэта няправільна. Партызаны таксама былі людзі харошыя. Нашы Капаткевічы ў вайну спалілі. Дык партызаны апрацоўвалі агароды. А тое, што адзежу зьдзіралі... Дык людзі ж самі не давалі. Прыйдуць немцы, дык ім з-за страху давалі ўсё. І партызану нічога не дадуць. Што ім заставалася рабіць? Трэба было рабаваць! Партызаны многа зрабілі харошага. Праўда, з-за іх людзей палілі. Але што зробіш? Гэта вайна.

Уявіце сабе ўрокі беларускай літаратуры без Караткевіча і Стральцова. Без Барадуліна і Адамчыка. Бяз Быкава і Адамовіча. Бо яны зьявяцца ў школьнай праграме пазьней. А вось што было. І што не магло не адбіцца ў памяці юнай Сьветы Алексіевіч.

— Да яе ніяк не даходзіла, што такое «вобраз народу». Вобраз асобнага героя — гэта яна разумела. А агульны вобраз не даходзіў да яе. Гэта ж адзін народ. Рускі і беларускі. Усе так лічаць. Быў адзін і застаўся адзін.

А яшчэ чароўная нобэлеўская палачка цудоўна раскрывае людзей. Паслухаем словы старой настаўніцы на адрас сваёй знакамітай вучыніцы.

— Я зьдзіўляюся, як яна атрымала Нобэлеўскую прэмію. За тое, што плявузгала на Савецкі Саюз. Выбірала найгоршае. Чаму яна харошае не выбірала? Хай бы яна і тое, і другое апісвала. Навошта самае горшае?

Івашкавічы
Івашкавічы

Алексіевічы жылі ў Івашкавічах. У школу Сьвятлана хадзіла зь сяброўкаю, Надзеяй Шут. Надзея ўсё жыцьцё прарабіла сельскай бібліятэкаркай. І ўсё жыцьцё прапагандавала творчасьць сваёй сяброўкі.

— Яна ў самадзейнасьці ўдзельнічала і песьні нават пісала. Мы сьпявалі яе песьні.

Калгасныя кіраўнікі пабудавалі ў Івашкавічах аграсядзібу. Называецца «Матчына хата». Домікі ў той сядзібе зробленыя са зрубаў хат, дзе ніхто ўжо не жыве. Але дом, дзе жыла сям’я Алексіевічаў, калгасныя ўлады разбурылі і закапалі. І яго не ўваскрэсіць ніякая чароўная палачка. Як і мазгоў калгаснаму начальству таксама не дадасьць. У мястэчку Асавец, дзе Алексіевічы жылі пасьля Івашкавічаў, таксама не засталося нічога памятнага — ні дома, ні школы, дзе пісьменьніца працавала свой першы працоўны год.

Асавец
Асавец

Месца, дзе была старая школа

Месца, дзе была старая школа

І гэта вельмі мяне ўзрадавала. Я нават знаходжу ў гэтым таксама ўмяшаньне чароўнай сілы. Бо няма чаго тут рабіць турыстам. Ну, ня слухаць жа шчырасьці ад былых настаўнікаў Асавецкай школы. Напрыклад, вось такія. Ад былой дырэктаркі, Галіны Крысько. Таксама выкладчыцы роднай мовы.

Галіна Крысько

Галіна Крысько

— Як Вы ўспрынялі навіну пра Нобэля?

— Адмоўна. Як яна з Народным фронтам зьвязалася, яна ня езьдзіць да нас. З Быкавым, я знаю, яна зьвязалася. Быкава я паважаю, як пісьменьніка. Але яго паводзіны! Адмоўныя! Як можна пайсьці пісьменьніку ў Народны фронт?! Як можна супраць народу свайго выступаць?

Вох, атрымаў бы Быкаў па «паводзінах» ад Галіны Рыгораўны двойку. Але ж былі залатыя часы ў асавецкай школе!

— Мы зрабілі першы ў раёне музэй Леніна! У нас быў зроблены шалаш. І Ленін быў зроблены. Сядзеў на пяньку і пісаў. Як у вялікім музэі. І маўзалей быў зроблены!

— А з чаго ж вы зрабілі Леніна?

— Выразалі. На пяньку сядзеў. У адзеньні. Усё, як трэба.

Шкада, што асавецкі філіял мадам Цюсо разбураны. Зрэшты, і Нобэлеўскую прэмію далі «не па адрасе». Якою б пісьменьніцай магла б быць сама Галіна Крысько! Калі б ня гэты маўзалей.

— «У вайны не жаночы твар» цяжка чытаецца. У яе няма ідэі нейкай. Праз кожныя пяць лістоў новы расказчык. Дык я таксама так пісала! Сяду, аформлю і будзе тая самая кніга!

Васіль Марціновіч, колішні настаўнік працы, той самы «тата Карла», які з палена выразаў Леніна, бачыць сакрэт Нобэлю Алексіевіч у душэўным сяброўстве Сьвятланы Аляксандраўны зь Зянонам Пазьняком.

— Няхай на здароўе атрымлівае. Яна ж працавала для гэтага. Калі б яна ня зьехала ў Францыю, то не далі б ёй. Ёсьць жа і разумнейшыя. Але так яна нас клявала, клявала. Расію і Беларусію. Яна ж з гэтым Пазьняком увесь час. Яны бэнээфаўцы. Ну во, чамусьці далі. Ну, для нас, для Беларусіі, няблага.

А жонка пана Марціновіча, Ганна, сакрэт посьпеху Алексіевіч знаходзіць не ў хаўрусе з Пазьняком, а з Лукашэнкам. Толькі ня ў кнігах пісьменьніцы.

— Яна сама вінаватая. Яна магла б яшчэ большым аўтарытэтам карыстацца. Калі б яна жыла ў Беларусіі. Пісала б аб беларусах. Яна абрала сабе такі шлях. Канечне, радасна. Што Нобэлеўскую прэмію далі ёй. Але ў яе нямнога кніг. Ёсьць пісьменьнікі, у якіх творы мацнейшыя. Нобэлеўскую прэмію яна атрымала з-за таго, што многа ў яе выказваньняў было пра Лукашэнку. Але, як бы там ні было, я задаволеная. Хай будзе ў нас, у Беларусіі, Нобэлеўская прэмія.

Блукаючы па дамах асавецкай інтэлігенцыі я ўсё больш адчуваў сябе ці то Чычыкавым, ці то добраахвотным псыхатэрапэўтам. Былая настаўніца гісторыі Галіна Кісель бачыць прычыну Нобэлю Алексіевіч у жыда-масонскай змове.

— Я з гэтай сям’ёй вельмі сябравала. Бацька вельмі харошы. Але высьветлілася аднойчы, што яны ўсё-ткі яўрэі! А я яўрэяў не ўважаю. Што яны робяць у сьвеце? Царскія ўлады не падпускалі яўрэяў блізка да Масквы і Піцеру. Вось чаму іх так многа на ускраінах. Асабліва ў Беларусіі. Чаму зараз усе расійскія алігархі яўрэі? Як і ў Штатах!

Дык як жа «адкрылася таямніца яўрэйства» Сьвятланы Алексіевіч? Аказваецца, прыехаў з Мазыра школьны інспэктар. І пачуў, як Алексіевіч старэйшая выкладала асавецкім дзеткам замест нямецкай мовы ідыш! А я ж, наіўны, думаў, што антысэміцкае трызьненьне засталося ў далёкім мінулым.

— Быў Зяленін, інспэктар. Ён сам з Навасыбірску. Ён не стрымаўся пасьля яе ўроку. Ішоў і крычаў: «Як вы сьмееце на яўрэйскай мове выкладаць!»

Алексіевіч называе героя сваёй апошняй кнігі «чырвоным чалавекам». Гэтаму асавецкаму чалавеку мне цяжка падабраць колер.

За што Абаму далі? За тое і Алексіевіч далі. Каб брахала на нас. Як можна не любіць Радзіму? Яна ганьбіць нас сваёй прэміяй

— Са Сьветай я паддружвала. У нас розьніца невялікая ва ўзросьце. Але мне асабіста яе кнігі не падабаюцца. Не маё. Ня наша! Цяпер Нобэлеўскую прэмію выдаюць Штаты. Сваім сябрам. За што Гарбачову далі? За тое, што Саюз разваліў. За што Абаму далі? За тое і Алексіевіч далі. Каб брахала на нас. Як можна не любіць Радзіму? Яна ганьбіць нас сваёй прэміяй.

Таемная яўрэйка, якая, пасябраваўшы зь Зянонам Пазьняком, зьвязалася з Васілём Быкавым, каб уступіць у Народны Фронт, каб пасьля атрымаць Нобэлеўскую прэмію ад Барака Абамы за тое, што «плявузгае» на Лукашэнку. Пасьля ўсяго пачутага на радзіме гераіні, мне вельмі хацелася адсюль як мага хутчэй зьбегчы. Бо сам ужо стаў непакоіцца за сваё псыхічнае здароўе. Каб спытацца карацейшага шляху я зайшоў у машынна-трактарны парк мясцовага СВК. Дзе курылі трактарысты і мэханікі. Неінтэлігентныя, грубыя мужыкі з мазолістымі мазутнымі рукамі. Тут і адбыўся дыялёг, які лягчэй уявіць на менскай кухні.

— Вы ня ведаеце Сьвятлану Алексіевіч?

— Вядома, ведаем.

— У мяне нават дзьве кнігі яе ёсьць. «Цынкавыя хлопчыкі», «У вайны не жаночае аблічча».

— Зараз беларусы практычна нічога не паказваюць пра яе. А па спадарожніку, па канале «Белсат» я глядзеў, як яе ўзнагароджвалі. Нобэлеўская прэмія! Гэта ж першы раз такое ў Беларусі!

— Маці нямецкую мову выкладала, а бацька рабіў ваенруком.

— І пра яе нічога нашы навіны не паказваюць. Нічога! А на «Белсаце» будзе ўсё.

— Вы радыя?

— Радыя, вядома. Зямлячка.

Звычайныя трактарысты і мэханізатары выявіліся ня проста разумнейшымі за сваіх настаўнікаў. Яны проста здаровыя людзі, якія выратавалі ў маіх вачах гонар Асаўца. Няўжо ўся справа ў «Белсаце»?

— Хай бы ў родны калгас з таго мільёну купіла трактар. А мы б напісалі «Сьвятлана Алексіевіч».

— Гэта як раней на танках пісалі?

— Так, на трактары б напісалі.

Сапраўды, калі на фронце былі танкі «ад Любові Арловай», чаму б ня быць трактару «ад Сьвятланы Алексіевіч»? Ёсьць людзі, якія гэта заслугоўваюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG