Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Таямніца былога музэю Вялікай Айчыннай вайны або яшчэ адна чорная пляма на Машэраве


Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

1 сьнежня 1956 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» зьявілася нататка пад назвай «Гісторыка-краязнаўчы музей БССР».

Вось яе поўны тэкст:

«На Цэнтральнай плошчы Мінска, побач з Палацам культуры прафсаюзаў будаўнікі паставілі агароджу. Нямногія мінчане ведаюць, што тут праз два гады будзе ўзвышацца прыгожы будынак гісторыка-краязнаўчага музея, праект якога склалі беларускія архітэктары Г. Бенедзіктаў і Г. Заборскі. Будынак музея будзе адным з прыгажэйшых у Саюзе. У сярэдзіне яго ўпрыгожаць мармуровыя калоны. Паверхі злучаць мазаічныя лесьвіцы, а вестыбюлі, экспазіцыйныя залы і пакоі будуць прыгожа аддзеланы. На першым паверсе музея размесціцца аддзел прыроды. На другім і трэцім — аддзел гісторыі Беларусі. На здымку: праект гісторыка-краязнаўчага музея БССР».

Але на здымку мы бачым праект усім вядомага гмаху былога музэю Вялікай Айчыннай вайны, які нядаўна быў вераломна выключаны ўладамі са сьпісу помнікаў архітэктуры і разбураны.

У чым жа тут справа? Што здарылася больш за 50 гадоў таму?

Сёньня мала хто ведае, што пасьля ХХ зьезду КПСС беларуская інтэлігенцыя паспрабавала выкарыстаць пэўнае палітычнае паслабленьне, каб палепшыць нацыянальную справу ў БССР. Адным з дасягненьняў 1956 году і стала пастанова разьмясьціць Гісторыка-краязнаўчы музэй і Рэстаўрацыйныя майстэрні ў вялікім будынку на Цэнтральным пляцы Менску. 15 сьнежня 1956 году рашэньнем ураду была створаная Арганізацыйная група па стварэньні Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музэю.

Аднак узьнятыя галовы былі вельмі хутка апушчаныя рэпрэсіямі другой паловы 1950-х гадоў. Сярод карных акцыяў можна назваць звальненьне ў поўным складзе рэдакцыйнай калегіі газэты «Літаратуры і Мастацтва» на чале з галоўным рэдактарам Васілём Віткам у апошнія дні 1956 году, рэпрэсіі супраць студэнтаў і працаўнікоў Акадэміі навук у 1958-59 гадах і некаторыя іншыя.

У выніку справа з будаўніцтвам гісторыка-краязнаўчага музэю замарудзілася аж на восем гадоў. Ён быў пабудаваны толькі ў лістападзе 1964 году, пад самы канец эпохі Кірылы Мазурава. Але ў сакавіку 1965 году першым сакратаром ЦК КПБ, пасьля ад’езду Мазурава ў Маскву, стаў Пётар Машэраў, які не падзяляў поглядаў папярэдніка на каштоўнасьць гістарычнай навукі, затое вельмі шанаваў Вялікую Айчынную вайну і свой удзел у партызанскім руху. За часы ягонага кіраўніцтва ў Беларусі былі адкрытыя комплексы «Берасьцейская крэпасьць-герой», «Хатынь», «Курган Славы», «Прарыў» і іншыя. Зрэшты і Мазураў ня быў анёлам — яшчэ на пасадзе старшыні Савету міністраў БССР у пачатку 1956 году ён падпісаў пастанову пра скопваньне Замкавай гары і пабудову на яе месцы Дому спорту «Працоўныя рэзэрвы».

Далей дамо слова Ўладзімеру Караткевічу, які ў студзені 1966 году зрабіў у дзёньніку наступны запіс:

«А тут яшчэ дзікая справа з музэем. Усе нашы намаганьні пайшлі дымам. А было так. Пабудавалі цудоўны будынак для гісторыка-краязнаўчага музэю. 4300 кв.м. карыснай плошчы і яшчэ два паверхі для музэйных фондаў і майстэрань. І тут адна асоба, зьявіўшыся ў музэй Айчыннай вайны, з абурэньнем заўважыла, што няма яе партрэта. Апраўдваючыся, супрацоўнікі сказалі аб цеснаце. Між тым, музэй меў 1300 кв.м., цалкам добра. І вось на пачатку сьнежня стала вядома, што ў верхніх інстанцыях абмяркоўваецца пытаньне аб тым, каб музэі памяняць месцамі... Супрацоўнікі ўзьнялі трывогу, пісалі лісты, літаральна білі ў набат. Таму што гэта была катастрофа. Для фондаў музэю айчыннай вайны ня трэба і трох пакояў. Для іхняй экспазыцыі ў новым будынку хапае аднаго паверху, а два ніжнія паверхі для фондаў будуць пуставаць. Між тым, калі гістарычнаму музэю аддадуць будынак музэю Айчыннай вайны — яны будуць задыхацца ў цеснаце...»

Робячы свой запіс у канцы студзеня 1966 году, Караткевіч троху паблытаў даты. Насамрэч, пастанова ЦК КПБ аб абмене будынкамі паміж дзьвюма музэйнымі установамі была прынятая яшчэ ў лістападзе 1965 году.

Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны месьціўся тады ў цяперашнім будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю на вуліцы Карла Маркса, 12. Беларускі Дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музэй быў утвораны пастановай ЦК КПБ ад 7 лістапада 1964 году на базе Арганізацыйнай групы і праз пяць дзён, 12 лістапада, заехаў у новы будынак, дзе адразу ж была разгорнута юбілейная выстава «900 год Менску».

Пішучы пра гэтыя падзеі, Караткевіч спачатку не назваў імя асобы, якая не знайшла свайго партрэту ў экспазыцыі. Але пазьней у ягоным дзёньніку імя верагоднага віноўніка ўсё ж зьяўляецца:

«І пасьля гэтую справу правялі цішком, у таямніцы ад супрацоўнікаў. Тыя прыйшлі на работу — ім сказалі: ідзіце дадому. Наступнага дня быў загад: спыніць экспазыцыю. Даведаліся, што прыяжджаў Машэраў. Ён, відаць, і аддаў загад... І вось нядаўна афіцыйная пастанова. „З мэтай увекавечаньня“... Паколькі верхні паверх будзе пуставаць, там зробяць „Галерэю партызанскіх герояў“... Адна рэспубліка з 15 ня мае свайго гісторыка-краязнаўчага музэю. І ня будзе яго мець пры цяперашняй палітыцы... Словам, буйнейшая навуковая ўстанова пасьля акадэміі, вялікі навукова-мэтадычны цэнтар, магчымая слава наша — ляснулі».

Такім чынам, Гісторыка-краязнаўчы музэй праіснаваў у сваім будынку толькі адзін год. Пасьля пераезду на вуліцу Карла Маркса экспазыцыя была скарочана ў тры разы і, вядома, за кошт дарэвалюцыйнага часу: фактычна, засталіся толькі археалёгія і савецкі пэрыяд.

Музэй вялікай Айчыннай вайны сапраўды ня меў патрэбы ў такім вялікім памяшканьні. Да самага моманту ягонага зносу там была разьмешчана і частка фондаў Нацыянальнага гістарычнага музэю, так і ня вывезеных адтуль у 1965 годзе. Рэстаўрацыйныя майстэрні ў выніку апынуліся на першым паверсе жылога (!) дому па тагачаснай вуліцы Максіма Горкага (цяпер Максіма Багдановіча).

Фактычны разгром сур’ёзнай навуковай установы, якая займалася тысячагадовай гісторыяй Беларусі, чорнай плямай кладзецца на імя Пятра Машэрава побач са зносам Нямігі, якога ён дамогся некалькі гадоў пазьней.

Цяперашнія ўлады мелі шанц выправіць памылку і пасьля пабудовы новага музэю Вялікай Айчыннай вайны павінны былі перасяліць на Кастрычніцкі пляц Нацыянальны гістарычны музэй, захаваўшы за ім для навуковых мэтаў і стары будынак. Але гісторыя і культура цяпер не ў пашане. Будынак, які ўнутры, паводле праекту, быў аформлены ў беларускім нацыянальным стылі, зьнесьлі і цяпер на яго месцы чакаецца пабудова новага недарэчнага хмарачоса.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG