Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 сьнежня: прэзэнтацыя творчай спадчыны Зоські Верас і новага альбому Vinsent’а, юбілей Славы Кораня


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.

У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча —прэзэнтацыя зборнікаў творчай спадчыны Зоські Верас — «Выбраныя творы» і «Пакуль рука пяро трымае». Пачатак а 17-й.

У сталічнай галерэі Ў — літаратурны хэпэнінг «Мроі пра мора», сустрэча зь беларускімі паэтамі-марыністамі і развагі пра сувязі паміж беларускай гісторыяй, культурай, літаратурай, мастацтвам і морам. Пачатак а 19-й.

Жывая прэзэнтацыя альбому Vinsent’а «Vir» адбудзецца ў менскім клюбе «Пляцоўка Хол». Пачатак а 19-й.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1388 — першая згадка Маладэчна ў пісьмовых крыніцах.

1555 — першае летапісная згадка пра цяперашні Столін у Берасьцейскай вобласьці.

1918 — у Вілейцы было абвешчана пра стварэньне Літоўскай савецкай рэспублікі. Такім чынам бальшавікі ўтваралі паўсюль прамаскоўскія ўрады, бо імкнуліся запабегчы ўзьнікненьню незалежных рэспублік.

1951 — быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку — адна з найбольш значных культурных установаў беларускае эміграцыі.

1986 — у Алма-Аце адбыўся масавы выступ моладзі супраць рашэньня пленуму ЦК КПК, на якім першым сакратаром ЦК быў прызначаны рэкамэндаваны Масквой Генадзь Колбін. Пазьней быў вылучаны лёзунг «самавызначэньня», супраць маніфэстантаў ужылі сілу, некалькі чалавек былі забітыя. У студзені 1987 году Пленум ЦК КПСС назваў падзеі ў Алма-Аце «праявай казахскага нацыяналізму».

1989 — Масавыя выступленьні ў горадзе Тымішаара, пачатак антыкамуністычнай рэвалюцыі ў Румыніі.

1991 — Казахстан абвясьціў незалежнасьць.

2011 — адбыўся расстрэл мітынгу нафтавікоў у Казахскім горадзе Жанаазэн. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 17 чалавек, паводле неафіцыйных — 90.

Зруйнаваныя і абгарэлыя будынкі Жанаазэну, сьнежань 2011 году
Зруйнаваныя і абгарэлыя будынкі Жанаазэну, сьнежань 2011 году


У гэты дзень нарадзіліся:

1770 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.

1905 — Мікалай Сярдобаў, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.

1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

1917 — Артур Кларк, англійскі пісьменьнік, вучоны, футуроляг і вынаходнік.

1939 — Алег Бембель, беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, дысыдэнт, праваслаўны манах.

1946 — Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт, журналіст, публіцыст.

1955 — Слава Корань, гітарыст і вакаліст, лідэр рок-гурта «Ўліс».

Цытата на памяць

Ёсьць назвы,
і болей нічога:
Жанчына...
Каханьне...
Жыцьцё...
Замкнута ад нас адкрыцьцё,
А ключ — пад падушкай у Бога.

Сяргей Законьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG