Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч абышла палову Палаты прадстаўнікоў


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч сустрэлася са старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэем Наўмовічам.

Размова з дэпутатам стала сёмай для спадарыні Караткевіч у сьценах Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, экс-кандыдатка абышла роўна палову з чатырнаццаці камісіяў.

Разам з Тацянай Караткевіч у размове з дэпутатам Наўмовічам удзельнічаў і яе калега па кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён сказаў Свабодзе, што такія сустрэчы ў сьценах парлямэнту даюць пэўны плён:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Найперш гэта дае адчуваньне і пэўнае разуменьне, пра што яны думаюць, як яны адчуваюць сытуацыю. І даволі часта ўзьнікае ўражаньне, што яны жывуць у нейкім іншым сьвеце. Дэпутаты не адчуваюць націску праблемаў, тых выклікаў, якія ёсьць зараз у краіне.

Па-другое, гэта стала нашай працай. Мы абяцалі выбарцам прасоўваць тэму пераменаў, на якой грунтавалася праграма Тацяны Караткевіч. Таму мы ідзем у камісіі не для абстрактных размоваў, а з канкрэтнымі пунктамі праграмы. І пытаемся, што па гэтых тэмах зроблена, і што можна зрабіць.

Па-трэцяе, хутка распачнецца парлямэнцкая кампанія. І нашы кандыдаты могуць сказаць, што мы ідзем у гэты парлямэнт, таму, што тыя людзі, якія знаходзяцца там, не адчуваюць сваёй адказнасьці перад грамадзтвам».

Андрэй Наўмовіч гаворыць Свабодзе, што і ён бачыць карысьць ад падобных сустрэч:

Мне карысна ведаць, што цікавіць, што трывожыць такую кампанію як „Гавары праўду“. Гэта дае глебу для пэўнай аналітыкі. А ў нас у парлямэнце без аналітыкі працаваць нельга.

«Што яны мне даюць? Натуральна, я атрымліваю дадатковую інфармацыю. Мне карысна ведаць, што цікавіць, што трывожыць такую кампанію як „Гавары праўду“. Гэта дае глебу для пэўнай аналітыкі. А ў нас у парлямэнце без аналітыкі працаваць нельга. Бо, прымаючы тое ці іншае рашэньне, яго трэба спачатку прааналізаваць.

Гэтаксама я сустракаюся і з грамадзянамі. І такія сустрэчы заўжды даюць станоўчы вынік. Можа, у нейкіх пастановачных пытаньнях у мяне погляд зусім іншы. Але ж я ведаю і іх погляды, і іх падыходы. Сказаць, што іх падыходы нейкія недарэчныя, нельга. Але ж у кожнага свой погляд.

І яшчэ. Да сустрэчы з Караткевіч і Дзьмітрыевым я тое-сёе пра іх ведаў. Чытаў матэрыялы, бачыў па тэлебачаньні. Але калі размаўляеш вось так сам-насам, то бачыш узровень чалавека, бачыш, што ён з сябе ўяўляе. І гэта таксама станоўча. А тым больш, што Тацяна Караткевіч была кандыдаткай на прэзыдэнта. Для мяне размова зь ёй стала першай рэальнай сустрэчай зь ёй».

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, на сустрэчы са старшынём камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ўздымалася пытаньне аб адмене артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Акрамя таго Караткевіч і Дзьмітрыеў выступілі за заяўляльны прынцып рэгістрацыі няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў, за ўвядзеньне пасады амбудсмэна, за мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Дарэчы, рэгістрацыя няўрадавых арганізацыяў тычыцца непасрэдна і кампаніі «Гавары праўду». Зь дня на дзень тут чакаюць афіцыйнага адказу ад Міністэрства юстыцыі аб лёсе заяўкі на рэгістрацыю самой кампаніі. Адпаведныя дакумэнты перадалі ў Мін’юст 16 лістапада. Згодна зь дзейным заканадаўствам, міністэрства мае разгледзець іх не пазьней як празь месяц з моманту атрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG