Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў збор твораў Зоські Верас — паэткі, грамадзкай дзяячкі, навукоўкі з фэнамэнальнай памяцьцю


 Зоська Верас. Фота Сяргея Панізьніка. 1978 год

Зоська Верас. Фота Сяргея Панізьніка. 1978 год

Сёньня ў Менску прэзэнтуюць зборнік «Зоська Верас. Выбраныя творы», які выйшаў у сэрыі «Беларускі кнігазбор».

Свабода пагутарыла з укладальніцай зборніка, дырэктаркай Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыкай, якая распавяла пра працу над зборнікам, а таксама пра розныя аспэкты асобы Зоські Верас, якія знайшлі сваё адлюстраваньне ў новым, самым поўным на гэты момант, выданьні яе спадчыны.

Ганна Запартыка

Ганна Запартыка

— Распавядзіце пра працу над выданьнем, якое цяпер лічыцца самым поўным зборам твораў Зоські Верас.

— Творы Зоські Верас былі раскіданыя па пэрыядычных выданьнях 20-30-х гадоў. Недрукаваныя творы знаходзіліся ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва, Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча, у многіх прыватных калекцыях. Пасьля таго, як усё было сабрана, трэба было адбіраць тое, што мае ўвайсьці ў зборнік, — найбольш важкае, найбольш па-мастацку завершанае. У выніку атрымаўся грунтоўны том. Вялікую яго частку складаюць успаміны Зоські Верас, якія яна пісала ў храналягічным парадку, пасьля некаторыя зь іх перапрацоўвала і друкавала ў розных часопісах. Найперш, гэта ўспаміны пра Максіма Багдановіча, Гальляша Леўчыка, Ядзьвігіна Ш., некаторых іншых. Да 2000-х гадоў успаміны Зоські Верас заставаліся ў рукапісе, і ўпершыню былі апублікаваныя ў «Віленскім куфэрку», які выдае маладзечанскі краязнавец і пісьменьнік Міхась Казлоўскі. Пасьля ўспаміны публікаваліся ва ўкладзеным літаратарам і журналістам Міхасём Скоблам зборніку «Я помню ўсё». Кніга, якая пабачыла сьвет у «Беларускім кнігазборы», стала трэцяй, дзе публікуюцца ўспаміны Зоські Верас.

Вокладка кнігі, якая выйшла ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор"

Вокладка кнігі, якая выйшла ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор"

Значную частку кнігі складаюць працы і артыкулы Зоські Верас, якія друкаваліся ў часопісе «Беларуская борць», дзе пісьменьніца выяўляла сябе як вучоная-біёляг і як грамадзкая дзяячка. Тут жа ёсьць і Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік, які ўжо выдаваўся раней, а цяпер увайшоў у зборнік выбраных твораў як прыклад навуковай лексыкі.

Ёсьць у зборніку і перапіска Зоські Верас. Вядома, што агулам яна напісала звыш 7000 лістоў. Зразумела, што сабраць усю яе эпісталярную спадчыну немагчыма — у яе былі сотні карэспандэнтаў.

— А як адбіраліся лісты для зборніка?

—Спачатку ўсё, што было знойдзена, вывучалася. Пасьля трэба было адабраць лісты, каб, па-першае, адлюстраваць розныя пэрыяды яе жыцьця і, па-другое, каб ахапіць усе сфэры інтарэсаў, якімі цікавіліся карэспандэнты Зоські Верас, — гэта і памяць пра Максіма Багдановіча, пра Фабіяна Шантыра, пра працу ў «Беларускай борці».

— Для вас, як для чалавека, які вывучыў спадчыну Зоські Верас, кім яна паўстае найперш — літаратаркай, грамадзкай дзяячкай, навукоўкай, чалавекам з фэнамэнальнай памяцьцю?

Кніга лістоў і ўспамінаў Зоські Верас "Пакуль рука пяро трымае"

Кніга лістоў і ўспамінаў Зоські Верас "Пакуль рука пяро трымае"

— Цяжка вылучыць, кім яна ёсьць найперш. Пакуль мне была вядомая толькі як перапіска, я меркавала, што Зоська Верас — найперш дзяячка, удзельніца шматлікіх гістарычных і вырашальных для лёсу Беларусі падзеяў, пра якія яна можа распавядаць, дзякуючы сваёй выключнай памяці. Але калі былі сабраныя літаратурныя творы, то я зразумела, што ў пачатку ХХ стагодзьдзя, у пэрыяд «Нашай Нівы» мы мелі выдатную пісьменьніцу з чуйнай паэтычнай душой. Магчыма, яе вершы не зусім апрацаваныя і не зусім прафэсійныя, але ў іх выдатна адлюстроўваецца беларуская душа, што нельга не назваць яе паэткай. А абразкі Зоські Верас — гэта выдатны ўзор лірыкі пачатку ХХ стагодзьдзя. Ня так шмат мы на той час мелі пісьменьнікаў, каб так проста адмінусаваць Зоську Верас ад літаратуры. У той жа час, калі я стала знаёміцца з публіцыстыкай Зоські Верас, якая друкавалася ў «Беларускай борці», я зразумела, што яна была выдатнай навукоўкай са спэцыялізацыяй у расьлінным сьвеце і пчалаводзтве. Думаю, што пры пэўных абставінах, Зоська Верас магла б стаць доктарам у гэтай навуцы.

— Як вы лічыце, ці дастаткова вывучаецца літаратурная спадчына Зоські Верас?

— У межах школьнай асноўнай праграмы яна не вывучаецца. Магчыма, дзесьці ў сьпісах для пазакляснага чытаньня ёсьць яе зборнік «Каласкі». Але я перакананая, што многія яе вершы, напісаныя для дзяцей, варта было б уключаць у чытанкі і хрэстаматыі для школьнікаў. Гэтаксама як і расказваць пра асобу Зоські Верас, пра яе замілаванасьць прыродай, такім чынам вучыць прыгожаму нашых дзетак.

Прэзэнтацыя кніг «Зоська Верас. Выбраныя творы» і «Пакуль рука пяро трымае» пачнецца 16 сьнежня 2015 году а 17.00 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (г.Менск, вул. Багдановіча, 7а).

Фота з прэзэнтацыі кнігі беларускай пісьменьніцы Зоські Верас "Пакуль рука пяро трымае" ў Вільні

Фота з прэзэнтацыі кнігі беларускай пісьменьніцы Зоські Верас "Пакуль рука пяро трымае" ў Вільні

XS
SM
MD
LG