Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Лада Алейнік


Лада Алейнік

Лада Алейнік

Нарадзілася ў 1970 у вёсцы на Случчыне. У 1976 пераехала з бацькамі ў Менск. Скончыла сталічную сярэднюю школу, вывучылася на філфаку БДУ, выйшла замуж і нарадзіла двух сыноў. Амаль дзесяць год працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў той самай школе, дзе калісьці вучылася. У 2002 абараніла кандыдацкую дысэртацыю «Проза Лукаша Калюгі: праблема стылю» (пад кіраўніцтвам прафэсара Л. Сіньковай) і з 2003 працуе на філфаку БДУ.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

У першую чаргу, відаць, для сваіх студэнтаў. Ва ўсякім разе, большасьць маіх артыкулаў — гэта альбо плён падрыхтоўкі да лекцый, альбо вынік рэфлексій пасьля дыскусій са студэнтамі.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У бібліятэках, асабліва ў выходныя дні, калі шмат вольнага часу.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Аповесьці Франсуазы Саган пакінулі ўражаньне, што гэта я іх напісала.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Санча Панса.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Адным прозьвішчам тут ніяк нельга абмежавацца. Вельмі люблю сямейныя сагі Галсуорсі і Томаса Мана, навэлы Мапасана і Цвайга, аповесьці Купрына, апавяданьні Чэхава, Буніна. Сярод айчынных пісьменьнікаў ХХ ст. — Кузьма Чорны і Лукаш Калюга, а сярод сучасьнікаў — Федарэнка і Сьцяпан.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Раман Рублеўскай «Дагератып».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Чытаць магу на ўкраінскай мове, на польскай, нават тое-сёе па-француску прачытала. А вось размаўляць не атрымліваецца — непераадольны комплекс. Лічу, што калі ня ведаеш мовы дасканала, то лепей маўчаць.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

У мяне ўсяго адна кніга. І, шчыра кажучы, я ня вельмі яе люблю.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Спадзяюся выдаць манаграфію, прысьвечаную сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Я не адчуваю сябе асабліва заняволенай.

XS
SM
MD
LG