Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская турэмная адміністрацыя не дазволіла перадаць Надзеі Саўчанцы кнігі Сьвятланы Алексіевіч


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Палонная ўкраінская лётчыца і беларуская Нобэлеўская ляўрэатка ўжо ня першы раз абменьваюцца лістамі.

Палоненая ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць у Расеі, з турмы адказала на ліст беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Ліст перадаў яе адвакат Марк Фэйгін.

«Ад душы дзякую вам, Сьвятлана Алексіевіч, — піша Саўчанка. — На жаль, мне кнігі ў турму перадаваць забаранілі, нават кнігу, што я напісала. Кажуць, што ўся літаратура, што мне людзі дасылаюць, не праходзіць праверку на экстрэмізм. Прапанавалі замовіць кнігі, што ёсьць у крамах Расеі. Я адказала, што тое, што ёсьць у іх на палічках з дазволенага ў Расеі, мне не цікава чытаць. Вашыя кнігі я з радасьцю прачытаю на ВОЛІ ва Ўкраіне! Дзякуй за вашую пазыцыю і добрае стаўленьне да мяне і да Ўкраіны».

Ліст напісаныя па-расейску, але падпісаны па-ўкраінску: Надія Савченко.

Адказ Саўчанкі напісаны побач з ранейшым лістом Алексіевіч: пісьменьніца перадала адвакату лётчыцы сваю кнігу «Ў вайны не жаночы твар» са словамі захапленьня і падтрымкі ў аўтографе. Раней Саўчанка перадала Алексіевіч сваю кнігу «Моцнае імя Надзея» — таксама з аўтографам. А да таго Саўчанка ў лісьце падзякавала пісьменьніцы за словы, сказаныя Алексіевіч пра знаёмства зь лётчыцай у інтэрвію «Радыё Свабода».

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў СІЗА ў Новачаркаску Растоўскай вобласьці. Лётніцу абвінавачваюць у дачыненьні да гібелі расейскіх журналістаў ВГТРК улетку 2014 году, а таксама ў замаху на жыцьцё ўцекачоў і незаконным перасячэньні мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачваньні і настойвае на тым, што яе незаконна вывезьлі на тэрыторыю Расеі пры ўдзеле спэцслужбаў. Судовы працэс па справе ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі будзе працягнуты ў студзені 2016 году.

XS
SM
MD
LG