Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама выступіў у абарону іміграцыі ў ЗША


Барак Абама
Барак Абама

У аўторак прэзыдэнт ЗША Барак Абама зьвярнуўся зь вітальным словам да 31 новых грамадзян ЗША падчас цырымоніі натуралізацыі.

У сваім выступе ён заклікаў амэрыканцаў асудзіць «нянавісьць і перадузятасьць», маючы на ўвазе скандальныя выказваньні некаторых вядомых палітычных дзеячаў наконт мусульман і імігрантаў.

«Іміграцыя — гэта наша гісторыя. Больш за два стагодзьдзі яна застаецца асновай нашага нацыянальнага характару. Гэта наша найстарэйшая традыцыя. Яна зрабіла нас тымі, хто мы ёсьць», цытуе Абаму «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША адзначыў унёсак імігрантаў і пэрыяды ў гісторыі краіны, у якія, як ён сказаў, Амэрыка «паддалася страху», напрыклад, у канцы 1800-х гадоў, калі ў краіну забаранілі ўяжджаць імігрантам з Кітаю, або, калі падчас Другой сусьветнай вайны амэрыканцаў японскага паходжаньня зьмяшчалі ў спэцыяльныя лягеры.

«У такія дні, як сёньня, нам трэба вырашыць для сябе ніколі не паўтараць падобныя памылкі. Мы павінны вырашыць, што заўсёды будзем выступаць супраць нянавісьці і перадузятасьці ва ўсіх іх праявах», — заявіў Абама.

Прэзыдэнт ЗША раскрытыкаваў выказваньні патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Дональда Трампа і сэнатара Тэда Круза пасьля тэрактаў у Парыжы і каліфарнійскім Сан-Бэрнардына.

Трамп заклікаў часова забараніць усім мусульманам ўезд у краіну, а Круз заявіў, што Злучаныя Штаты павінны прымаць толькі тых сырыйскіх уцекачоў, якія зьяўляюцца хрысьціянамі. Акрамя таго, больш за дзясятак губэрнатараў штатаў заявілі пра свой намер не дапусьціць расьсяленьне сырыйскіх уцекачоў у сваіх штатах.

Тыя, хто крытыкуе плян адміністрацыі Абамы прыняць у краіне імігрантаў з Сырыі і Іраку, аргумэнтуюць сваю пазыцыю тым, што гэтыя імігранты ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бясьпекі, паколькі сярод іх могуць апынуцца тэрарысты, якія трапяць на тэрыторыю ЗША.

«Калі мы бачым сёньня сырыйцаў, таго, хто шукае прытулак, мы павінны ўзгадаць пра габрэйскіх уцекачоў падчас Другой сусьветнай вайны. Некаторыя кажуць, што ёсьць мы і ёсьць яны, забываючы, што мы таксама калісьці былі «імі», — сказаў прэзыдэнт Абама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG