Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры ў Маскве: Асад ня мае палітычнай будучыні


Джон Кэры (зьлева) і Ўладзімер Пуцін

Джон Кэры (зьлева) і Ўладзімер Пуцін

Вашынгтон гатовы супрацоўнічаць з Масквой у барацьбе супраць групоўкі «Ісламская дзяржава», заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры 15 сьнежня пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным у Маскве. Пры гэтым Кэры паўтарыў пазыцыю ЗША, што прэзыдэнт Сырыі Башар аль-Асад ня мае палітычнай будучыні.

Па словах Джона Кэры, яны з Уладзімерам Пуціным дасягнулі ўзаемаразуменьня па прыцягненьні груп сірыйскай апазыцыі да ўдзелу ў перамовах па мірным урэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі, якія павінны адбыцца ў Нью-Ёрку.

Кэры падкрэсьліў, што ні баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава», ні «Фронту ан-Нусра», зьвязанага з «Аль-Каідай», ня будуць прыцягнутыя да перамоваў.

Паводле слоў дзяржсакратара ЗША, ён абмеркаваў з Пуціным пытаньні па абмене інфармацыяй аб месцах правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі ў Сырыі.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў пасьля сустрэчы Кэры з Пуціным заявіў, што бакі дамовіліся аб каапэрацыі супраць групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Сырыі. Ён пацьвердзіў, што міжнародная сустрэча па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі адбудзецца 18 сьнежня ў Нью-Ёрку.

Акрамя Сырыі, падчас візыту ў Маскву Джон Кэры меў таксама абмеркаваць пытаньне адносна Ўкраіны. Зрэшты пасьля сустрэчы бакі заявілі толькі пра неабходнасьць выкананьня менскіх дамоўленасьцяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG