Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі дзясяткі людзей загінулі з-за авіяўдараў па рынку


Зруйнаваныя будынкі ў Сырыі (архіўнае фота)

Зруйнаваныя будынкі ў Сырыі (архіўнае фота)

Паводле сырыйскіх крыніцаў, расейскія авіяўдары па рынку ў вёсцы Маарат аль Наасан, забілі дзясяткі людзей.

Мясцовыя групы, якія падтрымліваюць апазыцыю Асаду, паведамляюць у сацыяльных сетках, што авіяўдары сёньня нанесьлі расейскія вайсковыя самалёты. Паводле лідэра заснаванай у Вялікабрытаніі сырыйскай праваабарончай арганізацыі Рамі Абдурахмана, у выніку было забіта і паранена як найменей 35 чалавек. Яны знаходзіліся на рынку, дзе гандлююць дызэльным палівам, прывезеным з рэгіёнаў, што кантралюе Ісламская дзяржава.

Расейскі генштаб паведаміў, што на працягу апошніх сутак па Сырыі было нанесена 17 авіяўдараў супраць «нелегальных аб’ектаў нафтавытворчасьці, кантраляваных тэрарыстамі». Генштаб удакладняе, што на працягу трох апошніх дзён у Сырыі былі зьнішчаныя шэсьць «аб’ектаў незаконнага нафтапромыслу» і сем калёнаў аўтамабіляў, якія перавозілі сырую нафту і прадукты яе перапрацоўкі. Паветраныя ўдары зьяўляюцца часткай ваеннай апэрацыі па зьнішчэньні нафтавай прамысловасьці, якая ўяўляе сабой асноўную крыніцу даходу баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Сёньня ж пытаньні разьвязкі сырыйскай праблемы абмяркоўвалі ў Маскве вышэйшыя прадстаўнікі Расеі і ЗША. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры сустрэўся па чарзе з міністрам Сяргеем Лаўровым і прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. На сустрэчы Пуцін заявіў, што Расея разам з ЗША супольна шукаюць рашэньне сырыйскага крызысу. Масква і Вашынгтон дасюль мелі розныя падыходы што да ролі прэзыдэнта Асада ў будучым уладкаваньні Сырыі.

XS
SM
MD
LG