Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск і Дуда — за працяг санкцый супраць Расеі


Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск папрасіў старшынёўства Эўразьвязу ўключыць у парадак дня камітэту пастаянных прадстаўнікоў ЭЗ (COREPER) прапанову працягнуць санкцыі супраць Расеі яшчэ на 6 месяцаў. «Гэта будзе вынікаць з высноваў Эўрапейскай Рады, прынятых у сакавіку, калі працягласьць санкцый супраць Расейскай Фэдэрацыі была дакладна зьвязаная з поўнай рэалізацыяй менскіх дамоўленасьцяў», — гаворыцца ў лісьце Туска. Раней Італія выступіла з прапановай абмяркоўваць санкцыі супраць Расеі замест аўтаматычнага іх падаўжэньня.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, які знаходзіцца зь візытам у Кіеве, таксама выказаўся за працяг санкцый адносна Расеі да выкананьня менскіх дамоўленасьцяў. Паводле польскага прэзыдэнта, пазыцыя Варшавы ў пытаньні санкцый адназначная — яны павінны быць працягнутыя. «Мы ня будзем умешвацца ў працэс выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, але мы будзем адназначна падтрымліваць пазыцыю Ўкраіны», — сказаў ён,

Анджэй Дуда таксама запрасіў Украіну ўзяць удзел у чарговым саміце НАТО, які заплянаваны ў наступным годзе ў Варшаве.

XS
SM
MD
LG