Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такога ніколі не было» — Сьвятлана Алексіевіч пра сустрэчу ў менскім аэрапорце


«Такога ніколі не было — каб так цёпла віталі людзі і цалкам ігнаравала дзяржава», сказала расчуленая пісьменьніца пасьля выхаду з залі прылётаў.

Сярод прысутных былі прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, шмат журналістаў. Афіцыйны бок праігнараваў прылёт нобэлеўскай ляўрэаткі — не было ані прадстаўнікоў уладаў, ані карэспандэнтаў дзяржаўных СМІ.

Пасьля выхаду пісьменьніцы з залі прылётаў людзі скандавалі: «Сьвятлана!», «Дзякуй!», «Віншуем!». Нехта прынёс плякат «Беларусы ганарацца Вамі, Сьвятлана!».

Сьвятлане Алексіевіч падарылі багата кветак і адмыслова сьпечаны каравай з надпісам «Мы ганарымся». Шмат хто прынёс кнігі, каб атрымаць аўтограф пісьменьніцы.

З-за недахопу часу нобэлеўская ляўрэатка не змагла адказаць на ўсе пытаньні, якія ёй хацелі задаць карэспандэнты, але адзначыла, што ігнараваньне з боку беларускіх уладаў сьведчыць пра слабасьць гэтай улады, а таксама сказала, што ніколі такога не было, каб нобэлеўскага ляўрэата цёпла віталі людзі і цалкам ігнаравала дзяржава.

Міліцыянты, якія прысутнічалі ў аэрапорце ў вялікай колькасьці, не перашкаджалі людзям вітаць Сьвятлану Алексіевіч.

Аўтамабіль, у якім разам з роднымі і блізкімі зьехала пісьменьніца з аэрапорту, праводзілі аплядысмэнтамі.

Запіс жывой трансьляцыі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG