Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уваход у залю з кветкамі забаронены», — што зьдзівіла ў Нобэлеўскім банкеце госьцю Алексіевіч


Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі, нобэлеўскі аташэ Сьвятланы Алексіевіч Стэфан Эрыксан і госьця зь Беларусі Жанна Грышчанка. Фота: Арцём Шрайбман, TUT.BY

Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі, нобэлеўскі аташэ Сьвятланы Алексіевіч Стэфан Эрыксан і госьця зь Беларусі Жанна Грышчанка. Фота: Арцём Шрайбман, TUT.BY

Беларуская госьця Нобэлеўскага банкету і гераіня наступнай кнігі ляўрэаткі, прафэсарка Жанна Грышчанка распавяла Свабодзе пра ўрачыстасьці і фармальнасьці цырымоніі.

На ўручэньне Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме Сьвятлана Алексіевіч паехала не адна, а ў суправаджэньні сяброў — бізнэсоўца Юрыя Зісера, пісьменьніцы Юліі Чарняўскай, журналісткі Ядвігі Юферавай, маскоўскага выдаўца Барыса Пастэрнака ды іншых. Сярод тых, хто суправаджаў ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, была прафэсарка БДУ сацыёляг Жанна Грышчанка, якая распавяла Свабодзе пра «нобэлеўскія прыгоды».

У Стакгольм яна прыляцела толькі на два дні і пасьпела наведаць галоўнае мерапрыемства Нобэлеўскага тыдню — цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі і банкет, на якім ляўрэаты рабілі ўрачыстыя прамовы. Але была ня простай госьцяй, распавядае Жанна:

Не паверыце, я — гераіня чарговага раману Сьвятланы Алексіевіч! Раман пра каханьне!

— Не паверыце, я — гераіня чарговага раману Сьвятланы Алексіевіч! Раман пра каханьне! Па праўдзе кажучы, я і сама ня вельмі верыла ў тое, што мая гісторыя каханьня можа натхніць намінантку (тады яшчэ) на Нобэлеўскую прэмію. Тым ня менш, вось ужо паўтара года мы супрацоўнічаем, прычым ня толькі ў межах рэалізацыі ідэі раману. Паралельна вядомы швэдзкі рэжысэр-дакумэнталіст Стафан Юлен здымае фільм пра жыцьцё і творчасьць Сьвятланы, у якім я таксама выконваю ролю адной з гераінь. Вам, як першаму журналісту, які зьвярнуўся да мяне з просьбай даць інтэрвію, адкрыю таямніцу. Прэм’ера фільму плянуецца на кастрычнік 2016 году ў Стакгольме. Так што, мой статус госьці сярод запрошаных Сьвятланай сяброў і калегаў (ад 14 да 16 чалавек па розных крыніцах) адзначаны, пагадзіцеся, некаторай арыгінальнасьцю.

— Ці былі складаныя фармальнасьці кшталту дрэс-коду, забароны фатаграфаваньня ці кантактаў з каралеўскай сям’ёй? Наколькі бюракратычнай была падрыхтоўка ды цырымоніі?

— Некаторыя складанасьці, вядома, былі. Вось, напрыклад, неабходнасьць прытрымлівацца пратакольных патрабаваньняў дрэс-коду, які абавязвае жанчын да вечаровай сукенкі ў падлогу, наяўнасьці каштоўнасьцей, пальчатак, маленькай торбачкі ды інш. У мужчынаў — фракі, белы колер манішкі і матылькі, якасьць абутку і нават даўжыня шкарпэтак абумоўленыя пратаколам.

Але калі лёс мужчынскай паловы запрошаных быў не такі гнятлівы, бо кожны зь іх абмежаваўся замерам сваіх памераў і іх дасылкай у Стакгольм для наступнага пракату, то жанчынам давялося ў літаральным сэнсе пабегаць. Я, напрыклад, да свайго поўнага зьдзіўленьня вымушаная была прызнаць, што цалкам не гатовая да сустрэчы з каралеўскай сям’ёй. На падрыхтоўку дрэс-коду сышоў месяц! Хоць недахоп, заўважу, цалкам выбачальны. Ня кожны дзень, самі разумееце, даводзіцца вячэраць з каралём.

Сутыкнуліся і зь іншымі фармальнасьцямі пратаколу, што нямала зьдзівілі мяне асабіста. Так, напрыклад, уваход у залю з кветкамі (меркавала падарыць Сьвятлане) строга забаронены. Пратакол прадугледжвае наяўнасьць у залі кветак, прывезеных з італьянскага Сан-Рэма, дзе жыў апошнія гады Нобэль. Троху складаным быў уваход спачатку ў Канцэртную залю Стакгольма, а затым у гарадзкую Ратушу з прычыны строгага захаваньня рэжыму security, зьвяралі запрашэньні са зьвесткамі пашпартоў.

Ход самой цырымоніі адпрацаваны гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі. Усе выверанае да дробязяў.

Ход самой цырымоніі адпрацаваны гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі. Усе выверанае да дробязяў. Ляўрэатам, да прыкладу, давялося з раніцы рэпетаваць праходку ў пары і спуск па параднай лесьвіцы ў Блакітную залю, не апускаючы галавы. А афіцыянты, якія бегалі па той жа лесьвіцы з падносамі на ўзроўні пляча, разьмеркаваўшыся па сталах з гасьцямі, заміралі ў нямой паставе, скіраваўшы свой позірк на каралеўскую пару. І толькі пасьля таго, як кароль пакаштуе віно ці страву, афіцыянты прыступаюць да абслугоўваньня гасьцей за сталамі. Пры гэтым раздача страваў строга абмежаваная часавым інтэрвалам, ад 2 да 3 хвілінаў. Усё гэта выглядала пацешна.

— Што адбываецца на саміх цырымоніях? Людзі сядзяць і слухаюць, а на банкеце — ядуць? Ці размаўляюць між сабой, знаёмяцца, абмяркоўваюць прэмію?

— Так, так, менавіта ў такой пасьлядоўнасьці — сядзяць, слухаюць, а пазьней ядуць і танчаць, абменьваючыся ўражаньнямі. Я б яшчэ дадала — падскоквалі пэрыядычна: кароль заходзіць, потым выходзіць, гімн граюць, ляўрэатаў вітаюць пэрсанальна і стоячы. Ужо на банкеце расслабляюцца, ды і тое пасьля трэцяй чаркі. Спачатку два куфлі шампанскага брут 2008 году, затым, перад гарачай стравай, — чырвонае віно пяцігадовай вытрымкі і дэсэртнае віно перад падачай марозіва. Бліжэй да канца банкету гасьцям прапануюць каньяк. Па нарастаючай! Расслабленьне, адпаведна, таксама.

Мне здаўся цікавым факт прысутнасьці ў залі саліднай колькасьці студэнтаў, для якіх накрытыя сталы ў той частцы залі, што аддзеленая ад асноўнай скляпеньнямі аркі. Для кожнага зь іх удзел у такім маштабным мерапрыемстве, сьвяце ўсіх сьвятаў, прэстыжны і адказны. Па ходу яны выконваюць дапаможныя функцыі: сустракаюць гасьцей, дапамагаюць ім зарыентавацца ў абстаноўцы, суправаджаюць аздабленьне цырымоніі. Напрыклад, сюжэту тостаў ляўрэатаў на банкеце папярэднічаў вынас студэнтамі сьцягоў сваіх унівэрсытэтаў.

— Што вы чулі ад замежнікаў пра Алексіевіч і пра Беларусь? А што самі даведаліся пра ляўрэатаў у іншых галінах?

Гэта ня проста ўменьне зь іх боку радавацца жыцьцю або посьпеху іншага чалавека. За ўсім гэтым стаіць нешта непараўнальна большае.

— Добрае пытаньне, трэба адзначыць. Я шмат думала пра гэта менавіта там, у Стакгольме, перажываючы розьніцу паміж нашай і замежнай публікай. І гэта ня проста ўменьне зь іх боку радавацца жыцьцю або посьпеху іншага чалавека. За ўсім гэтым стаіць нешта непараўнальна большае. Прыходжу да высновы аб існаваньні адчувальнага парогу культуры нацыі, які задае жорсткія межы адчуваньня ёю свайго гонару і годнасьці.

Пераможцаў, як вядома, ня судзяць! У дачыненьні да нас варта дапоўніць — іх, пераможцаў, альбо віншуюць з посьпехам, альбо ненавідзяць! Але ненавідзець, пажадана, ціха, моўчкі, пра сябе, не выдаючы сваёй зайздрасьці і злосьці, не прыніжаючы значнасьць перамогі яе залішнім палітызаваньнем, ня ўцягваючы творчую асобу ў вір адвечнага супрацьстаяньня між белымі і чырвонымі. Статус Нобэлеўскага ляўрэата напоўнены велізарнай сілы сымбалічным капіталам.

Сёньня імя Сьвятланы Алексіевіч і назва краіны Беларусь зьліліся ў адзінае цэлае. Дзе б я ні зьяўлялася і ні адказвала на пытаньне, адкуль прыехала, адразу рэакцыяй было захопленае «О! Сьвятлана Алексіевіч!». Такога маштабу творчы Чалавек заслужыў права на свой асабісты пункт гледжаньня, у тым ліку і на памылку. Давайце не забываць аб тым, што ўжо ля вытокаў станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці гучаў дэвіз: «Жыцьцё — Радзіме, гонар — нікому!» Вельмі хочацца, каб такое разуменьне нашага грамадзянскага гонару стала стымулам яднаньня нацыі!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG