Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьледчы камітэт накіраваныя матэрыялы па 12 беларусах, якія ваююць на Данбасе


Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку

Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку

Супраць іх СК можа распачаць крымінальныя справы. Агулам МУС налічыў «больш за сто» беларусаў, якія ваююць па абодва бакі фронту на ўсходзе Ўкраіны.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі накіравала ў Сьледчы камітэт матэрыялы на завядзеньне крымінальных спраў на 12 удзельнікаў баявых дзеяньняў у Данбасе. Пра гэта паведаміў сёньня журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

«Ёсьць матэрыялы праверак, яны накіраваныя ў Сьледчы камітэт, — заявіў міністар. — Агульны сьпіс удзельнікаў баявых дзеяньняў грамадзянаў Беларусі складае больш за сто чалавек. Матэрыялы ў Сьледчы камітэт перададзеныя пакуль на 12 чалавек. Прычым гэта тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на карысьць абодвух бакоў. Асновы для завядзеньня крымінальных спраў, на наш погляд, маюцца, але апошняе слова будзе за Сьледчым камітэтам».

На пытаньне журналістаў, на чыім баку ваююць беларусы, кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў краіны адказаў:

У мяне такое ўражаньне, што бальшыня з тых, хто паехаў на Данбас, ваююць за тых, хто больш заплаціць.

«Ведаеце, у мяне такое ўражаньне, што бальшыня з тых, хто паехаў на Данбас, ваююць за тых, хто больш заплаціць. Ідэйных барацьбітоў там няшмат, бальшынёй рухае карысьць».

Міністар Шуневіч таксама сказаў, што пасьля таго, як на менскім чыгуначным вакзале быў затрыманы ўдзельнік баявых дзеяньняў ва Ўкраіне (тактычная група «Беларусь» палічыла гэтае затрыманьне правакацыяй), міліцыя пачала больш уважліва адсочваць сытуацыю. Праўда, сказаў міністар, зьвяртаючыся да журналістаў, насельніцтва гэтага не заўважае.

«Мы склалі такую тыповую матрыцу патэнцыйнага ўдзельніка баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, і гэтую матрыцу мае кожны міліцыянт», — распавёў Шуневіч.

У міністра таксама запыталіся, ці маюцца зьвесткі пра беларусаў, якія ваююць на баку тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». На што міністар адказаў, што адсочваецца і гэтая сытуацыя:

«Тут вельмі цяжка набраць доказы, што пацьвярджалі б удзел гэтых людзей. Мы ведаем тыповы шлях такіх людзей, гэта зь Беларусі ў Турэччыну, а з Турэччыны ў ІДзІЛ, але кожны такі выпадак патрабуе дэталёвага аналізу. Я не магу зараз сказаць дакладную колькасьць беларусаў, якія былі б патэнцыйнымі ўдзельнікамі падзеяў у „Ісламскай дзяржаве“, але калі параўноўваць з Украінай, то там гаворка ідзе пра сотні, а тут, мабыць, пра адзін дзясятак».

Раней Шуневіч папярэджваў, што супраць беларусаў, якія ваююць на Данбасе, могуць пачаць крымінальны перасьлед. Тады ён казаў пра «дзясяткі грамадзянаў». На яго заяву тады адказала тактычная група «Беларусь» у складзе «Правага сэктару»: маўляў, беларусы, якія сёньня бароняць Украіну, бароняць і Беларусь.

XS
SM
MD
LG