Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўнай перашкодай застаецца нежаданьне Бялграду прызнаць незалежнасьць Косава.

Сэрбія, якая атрымала статус краіны-кандыдата ў ЭЗ у сакавіку 2012 году, сёньня на міжурадавай канфэрэнцыі ў Брусэлі адкрывае першыя два разьдзелы перамоўнай плятформы аб уступленьні ў Эўразьвяз. Паводле афіцыйных дадзеных, гаворка ідзе пра разьдзелы 32 і 35. Першы зь іх зьвязаны з пытаньнямі фінансавага кантролю, а другі прысьвечаны нармалізацыі адносінаў з рэспублікай Косава, якая абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў лютым 2008 году, перадае карэспандэнт Радыё Свабода на Балканах Юлія Пятроўская.

У складзе дэлегацыі Сэрбіі, якая накіроўваецца ў Брусэль, — прэм’ер-міністар Аляксандар Вечыч, міністар замежных спраў Івіца Дачыч і міністар па справах эўрапейскай інтэграцыі Ядранка Ёкісмовіч. Ад Эўразьвязу ў сустрэчы ўдзельнічаюць міністар замежных спраў, які старшынюе ў Радзе ЭЗ Люксэмбурга Жан Асэльборн, кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Фэдэрыка Магерыні, эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Ёханэс Ган, а таксама прадстаўнікі 28 дзяржаваў-сябраў ЭЗ.

Пра пачатак дыялёгу аб уступленьні Сэрбіі ў ЭЗ было абвешчана яшчэ ў 2014 годзе, аднак адкрыцьця першых разьдзелаў давялося чакаць да канца гэтага году. У лістападзе Бялград атрымаў даклад Эўрапейскай камісіі са станоўчымі ацэнкамі з нагоды прагрэсу Сэрбіі ў набліжэньні да эўрапейскіх стандартаў. Адначасова Эўракамісія рэкамэндавала Бялграду ў большай ступені прывесьці сваю зьнешнюю палітыку ў адпаведнасьць з палітыкай ЭЗ.

Пазьней, у першай палове 2016 году, чакаецца пачатак дыялёгу па разьдзелах 23 і 24 — аб рэформе сыстэмы правасудзьдзя, а таксама па пытаньнях бясьпекі, міграцыі і барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Агулам перамоўная плятформа складаецца з 35 разьдзелаў.

Ёханэс Ган, які на днях наведаў Бялград, заклікаў сэрбскія ўлады «скарыстацца спрыяльным момантам для пачатку грунтоўных рэформаў». Паводле яго слоў, ЭЗ чакае, што Сэрбія прыкладзе асаблівыя намаганьні для ўмацаваньня вяршэнства закона, незалежнай судовай сыстэмы, свабоды слова і распачне далейшыя крокі з мэтай нармалізацыі адносінаў з Косава. Прадстаўнікі Сэрбіі назвалі сёньняшні дзень «гістарычным» і паведамілі, што цалкам гатовыя да перамоваў. «Мы зрабілі вялікую працу, але значна больш нас чакае наперадзе», — сказаў прэм’ер Вучыч, дадаўшы, што Бялград хацеў бы скончыць перамовы да канца 2019 году.

Зрэшты, многія назіральнікі адзначаюць, што гэта занадта аптымістычная ацэнка. Так, перамовы Харватыі з ЭЗ працягваліся шэсьць гадоў. А Чарнагорыя, якая распачала перамовы аб уступленьні ў 2012 годзе, пакуль адкрыла каля 20 разьдзелаў і закрыла толькі два зь іх. Працягласьць дыялёгу залежыць ад ступені адпаведнасьці краіны стандартам ЭЗ, ад тэрмінаў выкананьня розных умоваў, зьвязаных з адкрыцьцём або закрыцьцём разьдзелаў, а таксама магчымымі двухбаковымі спрэчкамі з асобнымі краінамі-сябрамі ЭЗ, якія могуць блякаваць перамовы.

Як адзначае ў інтэрвію Радыё Свабода супрацоўнік бялградзкага Цэнтру міжнароднай палітыкі і бясьпекі Ігар Наваковіч, «найбольш складаныя пытаньні перамоваў Сэрбіі з ЭЗ датычаць вяршэнства закона, паколькі патрабуюць істотнай трансфармацыі існай у краіне практыкі. Акрамя таго, тэхнічна складаным зьяўляецца разьдзел 27, прысьвечаны навакольнаму асяродзьдзю, які патрабуе больш за ўсё рэсурсаў для рэформаў». Экспэрт таксама назваў «палітычна складанымі» разьдзел 35 (Косава) і 31 (пытаньні зьнешняй палітыкі, абароны і бясьпекі).

Камэнтуючы магчымасьць уступленьня Сэрбіі ў Эўразьвяз без фармальнага прызнаньня незалежнасьці Косава, чаму пярэчыць палітычная эліта Сэрбіі, Наваковіч сказаў, што такая магчымасьць тэарэтычна існуе. «Патрабаваньні да гэтага часу тычыліся падпісаньня ўсеабдымнага пагадненьня паміж Бялградам і Прышцінай, якое дазволіла б забясьпечыць бакам мірнае суіснаваньне, супрацоўніцтва і сяброўства ў ЭЗ. Гэта не абавязкова мяркуе прызнаньне. Тым ня менш ня выключана, што якая-небудзь з краінаў паставіць ўмову аб прызнаньні Косава перад уступленьнем Сэрбіі ў ЭЗ. Але ў любым выпадку канчатковае рашэньне і патрабаваньні дзяржаваў-сябраў будуць залежаць ад палітычнай сытуацыі, якая складзецца да гэтага моманту ў самым рэгіёне», — растлумачыў Ігар Наваковіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG