Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт нафты зьнізіўся да меней чым 37 $ за барэль. Беларусь патрабуе ад Расеі зьніжкі


У апошні раз да такіх значэньняў кошт паўночнаморскай нафты маркі Brent апускаўся ў канцы 2008 году.

Зьніжэньне нафтавых каціровак прывяло да паслабленьня курсу расейскага рубля. Паводле Маскоўскай біржы, кошт аднаго даляра сёньня складае 71 рубель 15 капеек, а курс эўра — 78 рублёў 9 капеек.

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў раней заяўляў, што ў 2016 годзе цэны на нафту могуць апусьціцца ніжэй за 30 даляраў за барэль. Пры гэтым бюджэт Расейскай Фэдэрацыі на наступны год зьвярстаны, зыходзячы з цаны на нафту ў 50 даляраў.

Беларусь апошнім часам скардзіцца на якасьць і кошт расейскай нафты і хоча зьбіць цану. Нядаўна пра цэны на нафту казаў намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка, які ня першы год запар вядзе перамовы па нафтавым пытаньні з Расейскай Фэдэрацыяй. Уладзімер Сямашка наракаў на рэзкае зьніжэньне коштаў на нафту, што дае падставу для абмеркаваньня гэтага пытаньня з расейскім бокам.


«Кошты рэзка ўпалі. Ёсьць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створаная рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі «Лукойла», «Сургутнафтагазу», «Газпрамнафты» і «Раснафты» і, натуральна, нашага «Белнафтахіму»,


— сказаў Уладзімер Сямашка, камэнтуючы інфармацыю ў СМІ пра тое, што беларускі бок прапануе расейскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, якая пастаўляецца: павялічыць дысконт мінімум яшчэ на пяць даляраў за тону.

Перамовы «Белнафтахіму» і расейскімі нафтавымі кампаніямі-пастаўшчыкамі аб умовах паставак нафты ў Беларусь на наступны год плянуецца завяршыць у сьнежні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG