Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскіданыя гнёзды пад Віцебскам


Уладальнікі лецішчаў, зьнішчаных дзеля пабудовы Віцебскай ГЭС, правялі флэшмоб з паветранымі шарыкамі.

100 паветраных шарыкаў, выпушчаных у неба на месцы разбураных хат былога садаводчага таварыства «Крыніца», — гэта зруйнаваныя надзеі на няспраўджаныя абяцаньні службовых асобаў, кажуць удзельнікі.

Таварыства «Крыніца» мясьцілася ў Віцебскім раёне, непадалёк ад вёскі Цяцёркі. Апрача шарыкаў, людзі прыйшлі на месца сваіх былых уладаньняў зь дзьвюма вялікімі расьцяжкамі — «Хаты — мыльныя бурбалкі?» і «Мы — не суінвэстары ГЭС».

Удзельнікі флэшмобу
Удзельнікі флэшмобу

Хаты ў «Крыніцы» разбурылі яшчэ ўвесну, калі было абвешчана, што тэрыторыя садаводчага таварыства будзе затопленая падчас працы Віцебскай ГЭС. Гаспадарам маёмасьці абяцалі выплаціць грашовыя кампэнсацыі. Але за той час, які прамінуў ад ацэнкі ўладаньняў да моманту выплаты, некалькі разоў мяняўся курс даляра. І грошы людзі атрымалі ў беларускіх рублях, але не па тым курсе, які быў момант выплаты, а не ацэнкі. Такім чынам, нехта атрымаў на траціну меней, нехта палічыў, што атрыманая сума на 5 тысяч даляраў меншая за абвешчаную спачатку.

Людзі панесьлі страты, таму і нарадзілася пытаньне: чаму абяцаньні лопнулі, нібыта мыльныя бурбалкі. І пратэстная выснова пра тое, што з уладальнікаў зрабілі дадатковых інвэстараў будаўніцтва ГЭС, «зэканоміўшы» на іх на карысьць будоўлі.

Так тэрыторыя «Крыніцы» выглядала ўлетку
Так тэрыторыя «Крыніцы» выглядала ўлетку

Так тэрыторыя «Крыніцы» выглядае цяпер
Так тэрыторыя «Крыніцы» выглядае цяпер

100 белых паветраных шарыкаў паляцелі ўвысь з таго месца, дзе былі хаты, а цяпер абсталёўваецца штучнае вадасховішча.

Сумны досьвед садаводчага таварыства «Крыніца» хвалюе іхных суседзяў з таварыства «Суднабудаўнік». Людзі непакояцца, што за свае хаты і іншыя пабудовы, асуджаныя да зносу, яны таксама атрымаюць заніжаную кампэнсацыю. Нядаўна ў «Суднабудаўніку» правялі сход, выклікаўшы на яго прадстаўнікоў адказных службаў, але зноў пачулі толькі абяцаньні без пісьмова зафіксаваных гарантыяў. Таму ўладальнікі яшчэ ня зьнесеных лецішчаў таксама далучыліся да флэшмобу тых, хто ўжо страціў уласныя грошы праз будаўніцтва гідраэлектрастанцыі ў Віцебскім раёне.

Паветраныя шарыкі над былой «Крыніцай»
Паветраныя шарыкі над былой «Крыніцай»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG