Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца Тыдзень польскага тэатру


У Менску прадставяць усю гісторыю польскага прафэсійнага тэатральнага мастацтва ад Тадэвуша Кантара да сучасных альтэрнатыўных праектаў. На сустрэчы, а таксама лекцыі і майстар-клясы, з дзеячамі польскага тэатру запрашаюць усіх ахвотных.

Нацыянальнаму тэатру ў Варшаве сёлета спаўняецца 250 год, таму 2015 абвясьцілі ў Польшчы Годам Тэатру. Сёлета адзначаецца і 100 гадоў з дня нараджэньня знакавай постаці польскага тэатральнага мастацтва — Тадэвуша Кантара. Арганізатары Тыдня прапануюць жыхарам і жыхаркам Менску лекцыі, майстар-кляс і сустрэчы з тэатральнымі дзеячамі.

Тыдзень адкрыецца 18 сьнежня а 19 гадзіне прэзэнтацыяй адмысловага нумара беларускага часопіса «pARTisan», які прысьвечаны польскаму тэатру. Падчас імпрэзы таксама адбудзецца лекцыя і прэзэнтацыя актораў тэатра «Бюро падарожжаў» Марты Стшалка і Ярэка Сяйкоўскага. Адкрыцьцё пройдзе ў мастацкай прасторы «Цэх».

Часопіс зьмяшчае артыкулы Дарыюша Касінскага, Андрэя Масквіна, Ганны Круліцы, Крысьціны Смольскай і Агаты Сівяк.

Заснавальнік часопіса мастак і пісьменьнік Артур Клінаў распавядае, што на гэтым нумары праца па азнаямленьні беларусаў з гісторыяй польскага тэатру не спыняецца. У наступным нумары «pARTisan» будуць матэрыялы, прысьвечаныя нон-канфармісцкаму польскаму тэатру.

Артур Клінаў

Артур Клінаў

«Польскі тэатар — адзін з наймацнейшых у Эўропе. Гэта вельмі яскравы фэномэн, і беларусам ёсьць чаму павучыцца, — распавядае Артур Клінаў. — Зараз у беларускім тэатры насьпела неабходнасьць трансфармацый, адмовы ад той яшчэ постсавецкай тэатральнай мовы. Нам вельмі неабходна глядзець на найлепшыя зьявы ў эўрапейскім тэатры, і Тыдзень польскага тэатру мусіць паспрыяць гэтаму руху, задаць пэўны імпульс для разьвіцьця беларускага тэатру».

16-18 сьнежня заплянаваны акторскі майстар-кляс пад назвай «Уяўнае і рэальнае» правядуць актор тэатра «Бюро падарожжаў» з Познані. Марта Стшалка і Ярэк Сяйкоўскі падзялілі занятак на дзьве часткі. Першая навучыць актораў карыстацца целам без дапамогі тэксту, а другая — імправізаваць з тэкстам і вакалам. Майстар-кляс пройдзе ў Тэатры Беларускай драматургіі.

Тэатар «Бюро падарожжаў» быў заснаваны ў 1988 годзе ў Познані Паўлам Шкоткам. Гэта адна са знакавых альтэрнатыўных труп суседняй краіны. «Ад самага пачатку тэатар быў скіраваны на сацыяльныя і палітычныя тэмы, выкарыстоўваючы жэст, фізычнае дзеяньне, візуальны пэрформанс, музыку і тэкст», — піша пра трупу альманах Зерне.

19 сьнежня адмысловы дзень, прысьвечаны выбітнаму майстру Тадэвушу Кантару. Лекцыю пра яго творчасьць прачытае Клаўдыюш Свянціцкі — аўтар манаграфій «Маленькая краіна Эўропы ў тэатры Тадэвуша Кантара» і «Гісторыі тэатра Тадэвуша Кантара».

20 сьнежня зь лекцыямі і прэзэнтацыямі перад беларускай публікай выступяць Адам Бароўскі з тэатру «Восьмага дня» (Познань) і Зьбігнеў Алкевіч з «Акадэміі Руху» (Варшава)

XS
SM
MD
LG