Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі кінадакумэнталіст: Пакуль не пабываў у Сырыі, думаў, што найстрашней было ў Чачні


У Менску завяршыўся паказ дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных правам чалавека. Усе карціны ўдзельнічалі ў прэстыжным польскім кінафэстывалі WATCH DOCS.

Ці не найбольшае эмацыйнае ўзрушэньне ў гледачоў выклікала стужка «Алепа. Запіскі зь цемры» польскага рэжысэра Міхала Пшэдлацкага. Два месяцы здымачная група знаходзілася ў эпіцэнтры вайны, якую прэзыдэнт Сырыі Башар Асад фактычна абвясьціў уласнаму народу. Да таго пяць месяцаў Міхал займаўся ў Сырыі гуманітарнай дзейнасьцю.

Жыцьцё ў асаджаным горадзе падаецца праз гісторыі сямі герояў: былога афіцэра, уладальніка крамы, мясцовага імама, пекара, вулічнага гандляра, інжынэра, журналіста. Голас мясцовых жыхароў дае зразумець, чаму яны гатовыя ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зьменаў у краіне.

Цягам гадзіны з паловай чаргуюцца кадры пакутаў, якія выпалі на долю жыхароў некалі квітнеючага горада: штодзённыя бамбаваньні і абстрэлы, сотні загінулых, пахаваных пад руінамі дамоў, адсутнасьць вады і правіянту. Убачанае найлепш тлумачыць, з чаго паўстала шматмільённая хваля ўцекачоў.

«Цунамі, у якім ледзь не загінуў, перавярнула ўсё маё жыцьцё»

12 са сваіх 36 гадоў Міхал Пшэдлацкі працуе ў сфэры гуманітарнай дапамогі рэгіёнам, пацярпелым ад войнаў і прыродных катаклізмаў. Супольна з чэскай дабрачыннай арганізацыяй «People in need» («Людзі ў бядзе») распачынаў шэраг місій па ўсім сьвеце — Паўднёва-Ўсходняя Азія, Афрыка, Блізкі Ўсход, Усходняя Эўропа. Неўзабаве паездкі сталі ўвасабляцца ў фотарэпартажы і дакумэнтальныя фільмы.

На праглядзе «Алепа. Запіскі зь цемры»

На праглядзе «Алепа. Запіскі зь цемры»

У размове са Свабодай Міхал расказаў, як спэцыяльнасьць эканаміста памяняў на гуманітарную дзейнасьць:

«Я скончыў эканамічны ўнівэрсытэт у Польшчы, але зусім ня гэтым займаюся. Мой лёс вызначыў выпадак. У 2003-м я паехаў на Шры-Ланку, працаваў у рэклямным агенцтве. А праз год здарыўся жахлівы цунамі, у якім сам ледзь не загінуў. Я кінуў рэкляму і пачаў дапамагаць пацярпелым: спачатку ўласнымі сіламі, а потым трапіў у гуманітарную арганізацыю. Вось так усё і пачалося. Фактычна цунамі перавярнуў маё жыцьцё. Пасьля ўсходу Шры-Ланкі потым былі Інданэзія, Аўганістан, Пакістан, Бірма, Банглядэш, Этыёпія, Самалі, Чачня, Сырыя, Украіна (можа што і забыўся). Дзейнасьць у гуманітарнай сфэры, праца фатографам, дакумэнталістам — у залежнасьці ад месца. Звычайна гуманітарная дапамога. Але практычна з кожнай краіны я прывозіў фатаграфіі, рэпартажы. У мяне ёсьць акаўнт на flickr.com, дзе я выкладаю здымкі, пішу кароткія нататкі. Шмат людзей ужо пабачылі, больш за 2,5 мільёны».

Кадар зь фільму

Кадар зь фільму

Адну з такіх задакумэнтаваных камандзіровак на вайну Міхал прывёз у Менск. Матэрыял для фільма «Алепа. Запіскі зь цемры» здымаў у 2013 годзе ў другім паводле значнасьці горадзе Сырыі, які стаў месцам жорсткіх баёў паміж урадавымі войскамі, апазыцыйнай свабоднай арміяй і групоўкамі ісламістаў. Але ўвесь цяжар вайны традыцыйна абрынуўся на самых неабароненых — мірных жыхароў. Міхал з жалем канстатуе, што многіх ягоных герояў ужо няма на гэтым сьвеце:

«На жаль, сьвету, які мы паказваем у нашым фільме, ужо не існуе. Яго ўжо няма, ён зьнік, зьнішчаны. Калі мы здымалі гэтую стужку, то думалі: усё ўбачанае намі на ўласныя вочы, — гэта кульмінацыя трагедыі, вяршыня. Штодзённыя бамбаваньні, абстрэлы, забітыя дзеці... Але ў параўнаньні з тым, што адбываецца цяпер, тады былі ледзь не мір і спакой. Гэта зараз там сапраўдная вайна, а нам падавалася, што вайна была тады. На сёньня Алепа практычна зьнішчаны: ад 2 мільёнаў жыхароў у горадзе засталося ў найлепшым выпадку 100 тысяч».

Абмеркаваньне пасьля прагляду

Абмеркаваньне пасьля прагляду

«Няма ніякай гарантыі, што з Сырыі ўдасца вярнуцца»

Напачатку 2016 году Міхал Пшэдлацкі разьлічвае вярнуцца ў Сырыю. На гэты момант замежнікаў у непрадказальнай краіне практычна не засталося: у нешматлікіх гуманітарных арганізацыях працуюць толькі мясцовыя і нават самыя экстрэмальныя журналісты ня хочуць злавіць шалёную кулю:

«Зараз вельмі складана працаваць на тэрыторыі Сырыі. Алепа ў асноўным пад кантролем „Ісламскай дзяржавы“. Журналістаў, якія нейкім чынам туды трапляюць, можна пералічыць на пальцах літаральна адной рукі. І хоць зрабіць гэта надзвычай складана, пры адпаведным жаданьні ўсё ж магчыма. Проста патрэбна вельмі вялікая падрыхтоўчая праца. І пры гэтым — ніякай гарантыі, што ўдасца адтуль вярнуцца».

Кадар з фільму

Кадар з фільму

Адметна, што на тэрыторыю, падкантрольную баевікам ІДзІЛ, не рызыкуюць сунуцца нават пранырлівыя карэспандэнты катарскага тэлеканалу «Аль-Джазіра»:

«Думаю, што ў замежных карэспандэнтаў доступу на такія тэрыторыі няма ўвогуле. Магчыма, выключэньнем 1-2 чалавекі з „асаблівым статусам“, але пайменна наконт мэдыяў я ня ў курсе. „Ісламская дзяржава“ — гэта вельмі закрытая, вельмі сакрэтная і вельмі непрадказальная групоўка. Журналістам зь ёй зьвязвацца папросту небясьпечна».

Запытваю ў суразмоўцы, ці згодны ён, што адстаўка Башара Асада — абавязковая ўмова для пачатку працэсу замірэньня ў Сырыі? Ці насамрэч на прэзыдэнце ляжыць адказнасьць за кровапраліцьце, якое больш за чатыры гады не спыняецца ў краіне?

Перад праглядам у Галерэі TUT.by

Перад праглядам у Галерэі TUT.by

«Асабіста я лічу, што гэта мусіць быць абавязковай умовай, бо менавіта Асад кінуў свой народ у раку крыві. Асад павінен сысьці з улады, таму што не зьяўляецца агульнанацыянальным лідэрам. Сёньня ён — увасабленьне тэрору супраць уласнага народу. Гэта зь ягонай віны людзі пачалі гінуць у Сырыі, зь ягонай віны выкарыстана хімічная зброя ў жніўні 2013-га, зь ягонай віны кожны дзень сотні людзей разьвітваюцца з жыцьцём. Асад і „Ісламская дзяржава“ павінны сысьці з Сырыі раз і назаўсёды. Там месца для звычайных жыхароў, якія распачалі рэвалюцыю».

«Расея дапамагае Асаду і заадно — «Ісламскай дзяржаве»

Ня так даўно да антытэрарыстычнай апэрацыі ў Сырыі падключылася Расея. Праўда, дзейнічае самастойна, ігнаруючы заклапочанасьць натаўскай кааліцыі. Зрэшты, кожны з бакоў перасьледуе свае мэты: калі заходнія дзяржавы б’юць па пазыцыях ІДзІЛ, то Масква не дае зрынуць Асада:

Дыскусія з гледачамі

Дыскусія з гледачамі

«Так, Расея ваюе на баку Башара Асада. Зрэшты, у Маскве і не хаваюць, што ад самага пачатку канфлікту падтрымліваюць існуючы рэжым. І яны будуць яго абараняць, таму што гэта геапалітычнае пытаньне. Расея мае адзіныя ў сьвеце ваенныя базы ў партах Латакіі і Тартусе, адкуль ёсьць доступ да Міжземнага мора. Таму расейцы добраахвотна не пакінуць Сырыю, бо ў такім выпадку яны страцяць уплыў на рэгіён Сярэдняга Ўсходу. А пазбавіцца такога пляцдарму Расея ня можа і ня хоча».

Пры гэтым заходнія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што расейскія самалёты бамбяць не «Ісламскую дзяржаву», а найперш апанэнтаў рэжыму Асада:

«Хутчэй за ўсё, калі верыць інфармацыі вельмі дасьведчаных міжнародных мэдыяў — напрыклад, той жа «Аль Джазіры» ці Бі-Бі-Сі — большасьць бомбаў сапраўды падае на апазыцыю, а не на ІДзІЛ. Таму, жадаючы таго ці не, расейцы дапамагаюць ня толькі Башару Асаду, але і «Ісламскай дзяржаве».

Кадар з фільму

Кадар з фільму

За апошняе дзесяцігодзьдзе Міхал Пшэдлацкі папрацаваў шмат у якіх гарачых пунктах на мапе сьвету. Ці можна казаць, што Сырыя — самы страшны досьвед канфліктаў, у эпіцэнтры якога давялося апынуцца?

«Так, Сырыя — сапраўды самы страшны мой досьвед. Я працаваў у Чачні, дзе Грозны быў амаль цалкам зьнішчаны, практычна зьнесены з твару зямлі, і думаў, што страшна было тады. Але тое, што пабачыў у Сырыі, — нашмат страшней. Мы два месяцы былі ў эпіцэнтры баявых дзеяньняў, пад бамбардзіроўкамі, спрабавалі зьняць фільм аб мірных жыхарах, якія засталіся на тэрыторыі Алепа. А яшчэ пяць месяцаў я працаваў у гуманітарнай місіі. Гэтага хапіла, каб скласьці ўражаньне».

Кадар з фільму

Кадар з фільму

Міхал падкрэсьлівае, што кардынальна разьдзяляе гуманітарную дзейнасьць і працу дакумэнталіста. Найперш гэтага патрабуе статус сябра дабрачыннай арганізацыі, якая павінна трымацца абсалютна нэўтральнай пазыцыі:

«Гуманітарная арганізацыя — яна нэўтральная. Таму і праца ў гуманітарнай арганізацыі абавязкова нэўтральная. Калі я працаваў на тэрыторыі Алепа, кіраваў гуманітарнай праграмай, на той час я „хранікёрам“ ня быў. Калі ж зноў вярнуўся ў Алепа, каб рыхтаваць фільм, наўмысна трымаўся далёка ад арганізацыі — здымаў асобнае жыльлё, наймаў супрацоўнікаў, ніяк не зьвязаных з арганізацыяй, каб не ўплываць на яе працу. Таму што гэтыя функцыі трэба разьдзяляць».

«Арабскія рэжымы спэкулююць на сырыйскай трагедыі»

Бясконцае кровапраліцьце ў Сырыі Міхал Пшэдлацкі перажывае як асабістую трагедыю. А што замінае міжнароднай супольнасьці адкінуць палітычныя амбіцыі і заняць выразную пазыцыю адносна таго, як уратаваць краіну ад поўнага зьнішчэньня?

Дзеці Алепа. Здымак Міхала Пшэдлацкага

Дзеці Алепа. Здымак Міхала Пшэдлацкага

«Справа ў наступным: дзяржавы, якія ўваходзяць у НАТО, абураныя, што Расея падтрымлівае рэжым Башара Асада. Як тут аб’яднацца, калі НАТО мае зусім іншы погляд на вырашэньне пытаньня Сырыі, чым Расея? Пакуль у Крамлі хочуць, каб Асад заставаўся ва ўладзе, а іншыя краіны катэгарычна супраць гэтага, ніякай агульнай пазыцыі ня будзе».

Чаму пасьпяховыя арабскія краіны — перадусім Савудаўская Арабія, Кувэйт, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ды іншыя — адмаўляюцца прымаць сырыйскіх уцекачоў? Відавочна, што адаптавацца да новых рэаліяў у знаёмым рэгіёне прасьцей, чым у «перапоўненай» Эўропе:

«Я з вамі згодны, але думаю, што арабскія краіны наўмысна не зрабілі ніводнага кроку, які мог бы вырашыць праблему яшчэ ў зародку. Не было ніякай peacekeeping operation, якую магла зрабіць Ліга арабскіх дзяржаваў. Чаму? Таму што для многіх арабскіх рэжымаў сытуацыя ў Сырыі нават выгадная. Яна паказвае іх народам: калі хочаце зьменаў — гэта тое, праз што вы пройдзеце, праз раку крыві. Калі хочаце свабоды, будзеце жыць так, як зараз сырыйцы. Таму многім палітыкам у арабскіх дзяржавах гэта на руку: ніякі народ ня пойдзе на рэвалюцыю, маючы перад вачыма чатыры гады няспыннага кровапраліцьця і 300 тысяч ахвяраў».

Будзённасьць вайны. Здымак М. Пшэдлацкага

Будзённасьць вайны. Здымак М. Пшэдлацкага

Атрымліваецца, што ў рэгіёне адэкватную дапамогу сырыйцам аказвае толькі суседняя Турэччына?

«Адэкватную дапамогу аказваюць многія краіны, але, вядома, Турэччына зрабіла так шмат, што цяжка нават уявіць. Паводле некаторых ацэнак, гэта ўжо каштавала бюджэту 10 мільярдаў даляраў. Пра каго гавораць ня так часта — гэта Лібан, які вельмі шмат дапамагае, а таксама Ярданія. Краіны, якія ў самы складаны час падтрымалі вялізную колькасьць уцекачоў і працягваюць падтрымліваюць».

Чаму, маючы магчымасьць перачакаць трагедыю ў геаграфічнай блізкасьці, такая маса ўцекачоў рушыць у Эўропу? Пры тым, што ва ўмовах больш жорсткага мігранцкага заканадаўства ўзьнікае пытаньне, ці ўдасца там застацца надоўга:

Вынік авіяўдараў. Здымак М. Пшэдлацкага

Вынік авіяўдараў. Здымак М. Пшэдлацкага

«Таму што Эўропа — далёка ад вайны, там меншы маральны і псыхалягічны ціск. Апроч таго, у Турэччыне, Ярданіі, Лібане ўжо проста няма ўмоваў, каб прымаць новых уцекачоў. Там ужо знаходзяцца мільёны людзей і няма магчымасьцяў, каб гарантаваць базавыя правы чалавека. Але самая горшая сытуацыя ў людзей, якія знаходзяцца ў лягерах на сырыйскім баку — у Баб-аль-Саляме, у Атмэ, у аль-Керамэ, адкуль няма куды бегчы, бо ў людзей папросту няма грошай. Яны ўжо чацьвёрты раз у бежанцах за апошнія гады: з Дамаску зьбеглі спачатку ў Хомс, потым у Хаму, адтуль у Алепа, дзе ўрэшце страцілі ўсё: сваіх родных, свае дамы, свае грошы, свае мары».

«Шмат герояў фільму за час вайны загінулі ці зьехалі з краіны»

Запытваю ў Міхала, як ён даведваецца пра лёсы сваіх герояў? Ці ёсьць хоць нейкая сувязь з Алепа?

Жыцьцё ў падзем’і. Здымак Міхала Пшэдлацкага

Жыцьцё ў падзем’і. Здымак Міхала Пшэдлацкага

«Цяжка гаварыць, але шмат нашых герояў за час вайны ўжо загінулі... Зь некаторымі сувязь ёсьць, зь імі мы трымаем сувязь праз Фэйсбук, праз электронную пошту, праз мэдыі. Гэтыя людзі ўжо не жывуць у Алепа, з тымі, хто там застаўся, ніякай сувязі няма: горад пад кантролем ІДзІЛ, няшмат каго засталося фізычна. Ёсьць кантакт з тымі, хто зьехаў у Турэччыну, у раёны Сырыі, дзе крыху лепш. Ці з сырыйцамі, якія зьехалі ў Эўропу».

Зусім нядаўна Міхал Пшэдлацкі вярнуўся зь іншага праблемнага пункту — Данбасу. Дабрачынная арганізацыя «People in need» атрымала дазвол ад кіраўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР займацца гуманітарнай дзейнасьцю і ў ізаляваны анклаў рушыла дапамога, так патрэбная мясцоваму насельніцтву. Як выжываюць людзі на гэтых тэрыторыях?

Міхал Пшэдлацкі на кінафэстывалі ў Менску

Міхал Пшэдлацкі на кінафэстывалі ў Менску

«Канечне, жывуць бедна. Не сакрэт, што там шмат людзей жыло бедна і да канфлікту, а зараз гуманітарная сытуацыя на мяжы катастрофы. Дапамога неабходная, прычым, ужо зараз. Туды ідзе дапамога ад Расеі, ад ААН, ад „Чырвонага Крыжа“, але думаю, што гэтага мала. На тэрыторыях, падкантрольных самаабвешчаным адміністрацыям у Данецку, у Луганску аб’ём патрабуецца нашмат большы. Зрэшты, як і на сумежных тэрыторыях, падкантрольных Украіне. Таму што ў кожнай вайне найперш пакутуе чалавек, мірны жыхар. Людзям трэба дапамагчы, ідзе зіма. Я ня ведаю, якой яна будзе для жыхароў Данбасу, але будзе дрэнна, гэта адназначна».

Фільм Міхала Пшэдлацкага «Алепа. Запіскі зь цемры» уганараваны на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага кіно, яго паглядзелі сотні тысяч гледачоў ва ўсіх частках сьвету. У эўрапейскай частцы мараторый на паказ стужкі накладзены толькі ў Расеі — на той падставе, што яе зьмест супярэчыць афіцыйнай палітыцы Крамля ў рэгіёне.

XS
SM
MD
LG