Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: на стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі паўплывала фігура Караткевіч


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Імпульсам для аб’яднаньня АГП, БХД і руху «За свабоду» стала неабходнасьць дэзавуіраваць статус Тацяны Караткевіч як асноўнай прадстаўніцы беларускай апазыцыі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітоляг Юры Чавусаў.

Чавусаў зьвяртае ўвагу на тое, што кааліцыі розных партый звычайна ствараюцца напярэдадні выбараў для таго, каб здабыць больш галасоў ці больш мандатаў. Але ў беларускіх рэаліях гэта не зьяўляецца галоўнай матывацыяй апазыцыйных палітыкаў:

«Такое адчуваньне, што асноўныя імпульсы для аб’яднаньня гэтых структураў сыходзяць з таго факту, што ёсьць неабходнасьць дэзавуіраваць статус Караткевіч і „Гавары праўду“ як асноўнага прадстаўніка беларускай апазыцыі. Бо цяпер склалася сытуацыя, калі ў апазыцыі па выніках прэзыдэнцкіх выбараў засталася фігура Тацяны Караткевіч, якая не абапіраецца на нейкую партыю, але заяўляе, што ў яе працы бяруць удзел прадстаўнікі розных партый, ствараецца сьпіс „За мірныя перамены“, абвешчана пра правядзеньне нейкага кангрэсу прыхільнікаў мірных перамен. Вось гэта пазыцыянаваньне Тацяны Караткевіч як адзінай палітычнай фігуры, якая аб’ядноўвае людзей паверх палітычных бар’ераў, яно, напэўна, падштурхнула гэтыя тры партыі да аб’яднаньня. Хутчэй нават ня проста падштурхнула, а прымусіла пераадолець пэўны недавер, які паміж гэтымі партыямі існаваў. Бо з аднаго боку БХД і АГП даволі даўно існуюць у хаўрусе, а вось рух „За свабоду“ раней з гэтымі партыямі не супрацоўнічаў і скептычна ставіўся да падобных палітычных кааліцый», — кажа экспэрт.

Наколькі новая кааліцыя будзе ўстойлівай і ўплывовай, Чавусаў прадказаць не бярэцца.

Што тычыцца патрабаваньняў да ўладаў, якія былі агучаныя новай кааліцыяй, то Чавусаў лічыць саму наяўнасьць гэтых патрабаваньняў другаснай праблемай:

«Патрабаваньні слушныя і важныя, і месяц таму па выніках кампаніі назіраньня акурат гэтыя патрабаваньні больш шырокім колам палітычных структураў былі падтрыманы. Але я б скептычна ацаніў наяўнасьць гэтых патрабаваньняў. Ім трэба было нешта заявіць — на аснове чаго яны аб’ядноўваюцца. Вось яны і заявілі. Ну, не казаць жа ім, што вось у Брусэлі ім параілі аб’яднацца. Тут хутчэй патрабаваньня паўсталі як вынік аб’яднаньня, а не штуршок для аб’яднаньня», — заявіў палітоляг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG