Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З трох савецкіх пісьменьнікаў-набэлістаў (Пастэрнак, Шолахаў, Салжаніцын) двух за атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры пакаралі. Сёньня СССР няма і за Нобэля больш не перасьледуюць...

Драматург і сцэнарыст Аляксандар Гладкоў (1912-1976) пакінуў у сваіх дзёньніках гісторыю цкаваньня Аляксандра Салжаніцына. Друкаваць дзёньнікі сёлета закончыў часопіс «Новый мир». Гладкоў паказаў знутры гісторыю атрыманьня галоўнай літаратурнай прэміі вядомым празаікам, атмасфэру таго часу. Тое, што ён пісаў, тады было крамольным, тым больш многія зьвесткі браліся з замежных радыёстанцый. Сам ён таксама пабываў у Гулагу (1948-54), быў арыштаваны «за захоўваньне антысавецкай літаратуры».

4 жніўня 1970-га Аляксандар Гладкоў запісаў, што з рэдакцыі «Литературной газеты» паступілі чуткі, што ўжо «60 краін падтрымалі заклік францускіх пісьменьнікаў даць Нобэлеўскую прэмію Салжаніцыну». І што, быццам бы, Набокаў і Бёль здымаюць свае кандыдатуры на ягоную карысьць. Гладкоў робіць выснову, што можна чакаць «антысалжаніцынскай акцыі». Што гэта будзе? Можа «анафэма ў друку», а можа — высылка за мяжу.

8 кастрычніка прэмію прысудзілі, і Салжаніцын заявіў, што хоча паехаць яе атрымаць. Аднак у канцы лістапада ён паведаміў у Швэдзкую акадэмію, што ня зможа прыехаць, паколькі ня ўпэўнены, «ці яго пусьцяць назад у СССР». Таму спадзяецца атрымаць яе ў швэдзкай амбасадзе.

Цэнтральны дом літаратара ў Маскве (ЦДЛ), асабліва рэстаран, стаў у тыя дні «кірмашом навін». Што яшчэ гавораць? Што Ахмадуліна і некаторыя іншыя даслалі ляўрэату віншавальныя тэлеграмы, але Гладкоў падумаў і устрымаўся: улічваючы «сваю бяздомнасьць і патрэбу ў дапамозе ад Саюзу». Што Салжаніцын хоча разьвесьціся з жонкай, паколькі ў яго раман і «чакаецца бэбі». Неўзабаве вядома: пасіі 26 год, яе зваць Наташа Сьвятлова, яна цяжарная на шостым месяцы.

Наступныя запісы ў дзёньніку зробленыя ўжо ў 1971-м. У Салжніцына нарадзіўся сын і назвалі яго Ермалаем! — ставіць клічнік Гладкоў, гэта яму здаецца перакручаным снабізмам. Радыё перадае, што пісьменьнік адмовіўся ад думкі даслаць у Стакгольм сваю нобэлеўскую прамову, баіцца, што па пошце ня дойдзе, а іншымі шляхамі перадаваць ня хоча , бо «у СССР гэта лічыцца процізаконным». Гладкоў заўважае, што на дзеяньні ляўрэата можа ўплываць сытуацыя «новасьпечанага «бацькі сямейства».

Паявіўся новы раман «Жнівень 1914-га». Шмат аб ім чуў, але ніхто не захапляўся пакуль, зазначае Гладкоў: хаця й ня лаюць, кажуць толькі, што дыхтоўна напісана. Адна амэрыканская фірма быццам бы паабяцала аўтару паўмільёна за права на выданьне.

15 жніўня 1971: Бі-бі-сі перадала заяву Салжаніцына да старшыні КДБ Андропава і да Касыгіна пра «налёт» на дом пісьменьніка пад Нара-Фамінскам (далей высьвятляецца, што гэта — дача). Замест пісьменьніка туды паехаў ягоны сябра: знайшоў там «разгром» і чалавек дзесяць «кадэбістаў». Яны зьвязалі і зьбілі гэтага чалавека. Гладкоў удакладняе, што дача – «просьценькі вясковы маленькі дамок».

Наступны запіс: зьбітаму прынесьлі прабачэньні, маўляў, прынялі за «рабаўніка». І што гэта былі зусім ня людзі з «органаў», а ўсяго толькі з «угро». Усё гэта наіўна, піша Гладкоў, можна ўявіць, як нейкі генэрал КДБ «матам крыў» сваіх няўдалых супрацоўнікаў.

Новы раман Салжаніцына, што даходзіць праз глушылкі з Лёндану, нечакана мала падабаецца і хутка перастаў выклікаць цікавасьць. Прычым такой жа думкі тыя, хто яго прачытаў «вачыма» і бяз сьпешкі. І так здарылася ў момант найбольшага трыюмфу аўтара! — уражваецца Гладкоў. Сам ён слухаць таксама перастаў. Столькі разоў бывала, што імкнуўся атрымаць кнігу ці рукапіс, што хадзіў па руках, а тут няма нават цікаўнасьці. Пахваляе «Жнівень 1914-га» толькі Барыс Мажаеў, нават параўнаў з «Вайной і мірам», але ж ён «глыбока правінцыйны» пісьменьнік.

Запіс у канцы кастрычніка. Салжаніцын выказаў жаданьне атрымаць Нобэлеўскую прэмію (прысуджаную больш за год таму) не паціхеньку, не «як крадзенае дабро», а ў швэдзкай амбасадзе. Наступны запіс: Растраповіча, калі ён вяртаўся з Вены, разьдзелі на мяжы да сподняга, шукаючы лістоў, адрасаваных Салжаніцыну. Музыкант быў гэтак траўмаваны, што адмяніў канцэрт.

Пахаваньне Твардоўскага: «Фальшывыя прамовы па паперках, у ганаровай варце недругі». Салжаніцын быццам бы перахрысьціў магілу і зьехаў з удавой на машыне. Убачыўшы яго, літаратурны зубр Сіманаў шугануўся ўбок, што заўважылі прысутныя. Потым «усе паехалі піць у ЦДЛ».

2 студзеня 1972-га: па Маскве ўвечары праляцела чутка, што ў «Литер. газете» будзе нечакана перадрук са «Штэрну» пра сям’ю Салжаніцына. Што быццам бы дзед і бацька былі багатыры, а сам пісьменьнік цяпер дрэнна ставіцца да сваёй цёткі і стрыечных сёстраў. Гладкову гэта здаецца глупствам. Пры чым тут цётка? А «непралетарскае паходжаньне»? Вельмі падобна на прыёмы жоўтай прэсы, зазначае ён. І зусім ужо недарэчна раман «Жнівень 1914-га» «Литгазета» назвала «антысавецкім». Усе адзінадушна лічаць публікацыю глупай.

Новая навіна: вырашана, што Нобэлеўскую прэмію Салжаніцыну ўручаць на прыватнай кватэры. Але ўлады не далі візы прадстаўніку Швэдзкай акадэміі. Чуткі аб магчымай высылцы пісьменьніка за мяжу. Ускоснае пацьверджаньне: нібыта Суркоў на закрытым партсходзе сказаў, што з Салжаніцыным «трэба сканчаць». Гэта ўспрымаюць як «прымусовую высылку». Ён дае інтэрвію двум амэрыканскім карэспандэнтам. Расказаў, што не дазваляюць карыстацца архівамі і бібліятэкамі, чытаюць лісты, падслухоўваюць тэлефонныя размовы, пастаянна сочаць за ім і за сябрамі.

Нечакана ў адным інтэрвію Салжаніцын называе Бёля «літаратурным бонзам». Той абражаны: «ня раз даставаў і дасылаў яму лекі» і г.д. У Швэцыі надрукавалі (канец жніўня 1972) прамову Салжаніцына, зь якой яму выступіць не ўдалося. Апроч савецкай улады, ён са злосьцю крытыкуе Захад і ААН, зазначае Гладкоў і запісвае пазьней свае ўражаньні: «Думкі слушныя, але тон прамовы фальшывы. Стылістыка ненатуральная і манерная. У С-на дрэнна з літаратурным густам. Быццам ён гаворыць не ад сябе, а ад некага напышлівага і высакамоўнага». І таму нават тое, што слушна, «выклікае адштурхоўваньне і раздражненьне».

«Усе радыёстанцыі сьвету» перадаюць тэкст нобэлеўскай прамовы Салжаніцына. Міжвольна Гладкоў слухае зноў і зноў. Ёсьць шчырыя горкія думкі, піша ён, але «жахлівая стылістыка». Хаця чытаць прамову лепей, чым слухаць.

Запіс за 28 сакавіка 1973 году. Салжаніцыну быццам бы дазволілі развод.

30 ліпеня ў Гладкова пабываў сам Салжаніцын. Гэта была адзіная іхняя сустрэча. Сказаў, што ня хоча эміграцыі. Што афіцыйна ажаніўся з масквічкай, і таму нібыта павінны прапісаць у Маскве, але чатыры месяцы не даюць адказу. Баіцца: могуць адмовіць, «таму што не працуе ў Маскве».

Калі нобэлеўскі ляўрэат зьехаў, узьнікла адразу «адчуваньне нейкай пустаты». «У ім была заўважная інэрцыя руху, энэргіі, чаму міжволі зайздросьціш», напісаў Гладкоў: «І крышку сумна. Міма мяне пранеслася нейкая сіла, яе ўжо няма, а я застаўся на месцы».

У канцы жніўня інтэрвію ў ангельскай прэсе: Салжаніцын лічыць, што КДБ хоча яго забіць, арганізаваць «няшчасны выпадак» ці іншым чынам, таму ён папярэджвае сьвет. Пісьменьніцкую арганізацыю ён называе «саюзам пісьменьнікаў, якія лгуць».

19 сьнежня чуў па радыё, што ў Парыжы выйшла новая кніга «Мацерык Гулаг», аб якой даўно хадзілі чуткі. (Першыя трыста асобнікаў прадалі за гадзіну!) У наступным запісе Гладкоў папраўляецца: «Архіпэлаг Гулаг». У сувязі зь яго выхадам узьніклі змрочныя чаканьні: можа стаць падставай для расправы з аўтарам і тымі, хто яму спачувае. Гладкову здаецца, што выхад кнігі цяпер быў недарэчы. Але ўсе лічаць, што арыштаваць аўтара не рашацца, каб пазьбегчы міжнароднага скандалу.

У заяве ТАСС «Архіпэлаг…» названы «паклёпам». Сам пісьменьнік лічыць, што ў сярэднім у лягерах знаходзілася каля 12 мільёнаў вязьняў. Памерлых замянялі новымі. Нехта называе мужнасьць Салжаніцына «па-за межамі ўяўленьня». Усе чакаюць, што нешта адбудзецца ў адказ. Але ў «Литературнай» ды іншых газэтах ні слова пра яго. Хутчэй за ўсё, рашэньне наконт яго прынятае і вырашана, што больш ня трэба шуму, мяркуе Гладкоў. Але праз некалькі дзён адгукаецца «Правда»: «Шлях здрадніка». Публікацыю перадрукоўваюць астатнія газэты.

«Правда» зноў адгукаецца «падборкай праклёнаў» пад назвай «Пагарда і гнеў» ад Сіманава, Таўстаногава, Марэсьева і гарняка Гаўрыленкі з Макееўкі. «Литгазета» называе Салжаніцына «літаратурным уласаўцам». Кажуць, піша Гладкоў, што ў вітрыне Салёну мастакоў на Горкага выстаўлены шарж на пісьменьніка: «Мінакі спыняліся ды ішлі далей. Народ бязмоўнічаў».

У канцы студзеня на душы робіцца лягчэй, у газэтах нічога пра Салжаніцына. Уся Масква абмяркоўвае, што зь ім зробяць. Гладкоў запісвае сваю думку: «Савецкай дзяржаве ня так страшны Салжаніцын, як незвычайная мізансцэна: чалавек, які жыве без прапіскі, супрацьпаставіў сябе аграмаднай, магутнай дзяржаве». І падкрэсьлівае: «Бомба «Архіпэлагу Гулаг» разарвалася ў самым канцы 73-га году, а пачатак 74-га ідзе пад знакам гэтай падзеі». Становіцца вядома, што неўзабаве ў ЗША кніга выйдзе мільённым накладам.

12 лютага стала вядома, што «двое ў форме і шасьцёра ў цывільным» арыштавалі Салжаніцына. Сыходзячы, «высмыкнулі тэлефон». Ноч у Лефортаўскай турме. Наступнага дня пісьменьніка самалётам «Аэрафлёту» даставілі ў Франкфурт на Майне. Яго забраў да сябе Генрых Бёль.

Гладкоў робіць запіс у дзёньніку: «Я ўвесь час думаю аб тым, як цяпер добра Бёлю і Салжаніцыну разам, якая гэта сьветлая і дзіўная сустрэча». І далей: «Высылка С. вызваленьне ня толькі для яго, але й для савецкага ўраду: цяпер ужо ня трэба кожны дзень зьдзяйсьняць бачныя ўсяму сьвету прыкрасьці. У нейкай ступені гэта і вызваленьне ад комплексу непаўнавартасьці, які навязаў яму С.». Усе радыёстанцыі перадаюць водгукі адносна дэпартацыі нобэлеўскага ляўрэата, водгукі з палёгкай і радасьцю.

8 сьнежня 1974 году Салжаніцын накіраваўся ў Стакгольм, каб атрымаць Нобэлеўскую прэмію.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG