Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь да 2030 году мусіць скараціць выкіды парніковых газаў на 28%


У Парыжы завяршылася Ўсясьветная канфэрэнцыя ААН па пытаньнях зьмяненьня клімату, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі 196 краінаў сьвету.

На форуме былі прынятыя новыя пагадненьні, што заменяць Кіёцкі пратакол. Выніковы дакумэнт, які называецца «Рамачная канвэнцыя аб зьмяненьні клімату» прымаўся цяжка — канфэрэнцыю давялося працягнуць на два дні. Адзін з заключных раўндаў перамоваў доўжыўся ўсю ноч зь мінулага чацьвярга на пятніцу і завяршыўся толькі а 6-й раніцы. Як распавядалі ўдзельнікі форуму, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ўсю ноч пераходзіў з аднаго перамоўнага пакою ў другі, спрабуючы ўзгадніць дэталі фінальнага дакумэнту. Краіны — сябры ААН будуць падпісваць «Рамачную канвэнцыю», пачынаючы з 22 красавіка 2016 году.

Фінальнае пагадненьне мяркуе, што краіны не будуць дапускаць падвышэньня тэмпэратуры атмасфэры плянэты больш чым на 2 градусы, а ў ідэале падвышэньне павінна быць абмежаванае 1,5° С. На гэта, пачынаючы з 2020 году, будзе выдаткоўвацца 100 мільярдаў даляраў штогод.

У працы канфэрэнцыі брала ўдзел і прадстаўнічая беларуская дэлегацыя — міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, чыноўнікі, навукоўцы, эколягі.

Каардынатарка кліматычнай кампаніі супольнасьці «Зялёная сетка» Анастасія Бекіш, якая толькі што вярнулася з Парыжу, распавяла:

«Гэтым пагадненьнем пастаўлена глябальная мэта — процідзейнічаць зьмяненьням клімату, абмежаваць рост усясьветнай тэмпэратуры двума градусамі, а ў некаторых выпадках і паўтара градусамі. А каб гэтага дасягнуць, неабходна вельмі сур’ёзна мяняць энэргетычную сыстэму ва ўсім сьвеце. Гэта павінны будуць рабіць як разьвітыя паўночныя краіны, так і краіны, што разьвіваюцца, у асноўным паўднёвыя. Што да Кіёцкага пратаколу, ён тычыўся толькі разьвітых краінаў, толькі яны абавязаныя былі скарачаць выкіды парніковых газаў і падтрымліваць бяднейшыя краіны, а Парыскія пагадненьні тычацца літаральна ўсіх дзяржаваў сьвету.

Гэта азначае, што ўсяму сьвету трэба цалкам адмовіцца ад выкапневага паліва — спальваньня нафты, газа, вугалю. Беларусі, як і ўсяму сьвету, давядзецца вельмі хутка пераходзіць на выкарыстаньне аднаўляемых крыніц энэргіі і ўкараняць энэргаэфэктыўныя тэхналёгіі.

Таксама Парыскія пагадненьні прадугледжваюць шчыльнае міжнароднае супрацоўніцтва. Беларусь, магчыма, будзе ўдзельнічаць у сумесных праектах з краінамі Эўразьвязу, актыўна ўкараняць новыя тэхналёгіі».

Рэспубліка Беларусь прадставіла свае нацыянальна-вызначальныя ўнёскі і абавязваецца забясьпечыць да 2030 году скарачэньне выкідаў парніковых газаў ня менш як на 28% ад узроўню 1990 году без уліку выкідаў і сьцёкаў парніковых газаў у сэктары «Землекарыстаньне, зьмяненьне землекарыстаньня і лясная гаспадарка» безь якіх-кольвек дадатковых умоваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG