Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП, БХД і Рух «За свабоду» стварылі правацэнтрысцкую кааліцыю, але без удзелу БНФ


Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» абвясьцілі аб стварэньні правацэнтрысцкай кааліцыі і прадставілі супольныя патрабаваньні да ўладаў.

Аб гэтым было заяўлена на прэс-канфэрэнцыі старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча і сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага.

Патрабаваньні да ўладаў складаюцца з трох пунктаў: зьмены ў выбарчым заканадаўстве, рэгістрацыя дэмакратычных грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, а таксама роўныя ўмовы для дзейнасьці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

«Мы заклікаем дэмакратычныя сілы Беларусі, а таксама ўсіх грамадзян краіны да правядзеньня супольных грамадзкіх кампаніяў, накіраваных на падтрымку вышэйпералічаных патрабаваньняў.

Мы таксама зьвяртаемся да ўсіх міжнародных партнэраў з прапановай наўпрост зьвязаць пытаньне аб поўным зьняцьці візавых і фінансавых абмежаваньняў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў са зьмяненьнем Выбарчага Кодэксу i правядзеньнем сумленных, свабодных парлямэнцкіх выбараў у 2016 годзе», — адзначаецца ў заяве АГП, БХД і «За свабоду».

Раней дэкляравалася, што ў правацэнтрысцкую кааліцыю таксама ўвойдзе Партыя БНФ, але на сойме партыі 12 сьнежня было прынятае рашэньне не далучацца да АГП, БХД і руху «За свабоду».

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Прынятае рашэньне, што на выбары ў 2016 годзе Партыя БНФ пойдзе асобна, са сваім уласным сьпісам кандыдатаў і са сваім пасланьнем. Магчыма, калі зьявяцца новыя абставіны, мы вернемся да разгляду пытаньня ўдзелу ў гэтай кааліцыі.

На сёньняшні момант у партыі ёсьць досыць цьвёрдае перакананьне, што дзеля таго, каб было больш карысьці ад нашай працы, важна, каб нашае пасланьне было данесенае да людзей менавіта ў тым выглядзе, якім мы яго бачым. А ўзгадняць і нешта дадаваць з боку БХД, АГП і „За свабоду“ ў наша пасланьне — гэта не паспрыяе таму, каб яно стала лепшым і больш прывабным.

Што тычыцца патрабаваньняў да ўладаў, то фактычна ўмовы, пры якіх выбары можна было б лічыць свабоднымі і справядлівымі, неаднаразова намі таксама называліся. Мы ня бачым сэнсу прымаць нейкі новы дакумэнт з гэтай нагоды. Аднак мы пацьвярджаем, што дзеля таго, каб можна было назваць выбары сумленнымі, ёсьць шэраг рэчаў, якія ўлады мусяць зрабіць — яны агульнавядомыя і, натуральна, для нас яны таксама застаюцца актуальнымі на парадку дня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG