Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэзыдэнт у Кіеве абмяркуе санкцыі супраць Расеі


Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

14-15 сьнежня ва Ўкраіне з афіцыйным візытам будзе знаходзіцца прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Гэта будзе першы візыт кіраўніка польскай дзяржавы на пасадзе прэзыдэнта. Як паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе Анджэя Дуды, падчас знаходжаньня ў Кіеве ён сустрэнецца з украінскім дзяржаўным кіраўніцтвам і будзе размаўляць пра неабходнасьць працягу санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі.

У першы дзень візыту пад вечар Анджэй Дуда з жонкай наведае мэмарыяльныя могілкі ў Быкоўні, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, у прыватнасьці палякі. У аўторак польскі прэзыдэнт правядзе перамовы з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцанюком і старшынём Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Гройсманам. Таксама ў Дуды ў плянах — сустрэча з украінскімі студэнтамі.

«Прэзыдэнты паразмаўляюць пра сытуацыю ва Ўсходняй Украіне — у Луганскай і Данецкай абласьцях, пра тое, наколькі выконваюцца менскія дамоўленасьці. Прэзыдэнт Дуда выкажа сваю падтрымку прэзыдэнту Парашэнку і яго намаганьням забясьпечыць мір ва Ўсходняй Украіне», — паведаміў кіраўнік прэс-службы польскага прэзыдэнта Марэк Магероўскі.

Паводле яго слоў, Дуда таксама закране ў Кіеве пытаньне дапамогі Ўкраіне — фінансавай або гуманітарнай.

«Будзе таксама размова пра адносіны з Расеяй — пра адносіны Ўкраіны з Расеяй, пра адносіны Эўразьвязу з Крамлём. Прэзыдэнт Дуда лічыць, што санкцыі, накладзеныя на Расею, тэрмін якіх заканчваецца 31 сьнежня, трэба працягнуць», — дадаў прадстаўнік прэс-службы Дуды.

Раней польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда заяўляў, што Эўропа небясьпечна маргіналізуе тэму вайны ва Ўкраіне. Ён адзначаў, што менскія дамоўленасьці цалкам не выконваюцца, а Эўропа мае выказаць свае прапановы Кіеву, як дзейнічаць пасьля 31 сьнежня, калі пункты пагадненьня «Менск-2» страцяць сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG