Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Алексіевіч: Час маўчаньня


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Пасьля таго, як адгрукатаў «нобэлеўскі тыдзень», пасьля п’янкой сьвяточнай атмасфэры варта задаць сабе пытаньне: «Ну, і што цяпер?»

Відавочна, што беларуская контар-культура, складовай часткай якое зьяўляюцца кнігі Сьвятланы Алексіевіч, набывае ў асобе набэлісткі важнага сьпікера – і ў самой краіне, і навонкі яе. Сёлета аўтарытарная ўлада займела сабе «на радасьць» велізарную больку і яўна ня ведае, як зь ёй цяпер даць рады. Прысабечыць – малаверагодна. Дамаўляцца – карона ўпадзе.

Падкрэсьленая лібэральная эўрапейскасьць Алексіевіч, ейныя выказваньні на адрас беларускага (а таксама расейскага і казахскага) ўзурпатара, урэшце – банкетная прамова ставяць яе за межы якога-кольвек дыялёгу з уладай. Прынамсі – наўпроставага. Да другой прамовы ўскосна можна было прасачыць ўладныя спадзяваньні на канфлікт Алексіевіч з беларускай дэмакратычнай супольнасьцю. Напярэдадні цырымоніі ўзнагароджаньня ў ананімным «Ад рэдакцыі» аўтар «СБ-Беларусь сегодня» пісаў: «Ці зможа сп-ня Алексіевіч праявіць цьвёрдасьць характару і перакананьняў альбо «прагнецца» перад натоўпам тых самых «чырвоных чалавечкаў» з ліку псэўдадэмакратаў, зь якімі ўсё жыцьцё змагалася сваімі таленавітымі кнігамі? Будзе вельмі сумна, калі Сьвятлана Алексіевіч схіліцца перад «агрэсіўна-паслухмяным» кантынгентам, якога так гідзіўся яе літаратурны настаўнік Алесь Адамовіч. Паглядзім…»

Кім там «гідзіўся» адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру, удзельнік апазыцыйных мітынгаў Алесь Адамовіч – цяжка разабраць. Увесь ананімны камэнтар напоўнены маніпулятыўнай рыторыкай. Але самое зьяўленьне яго ў органе друку АП РБ даволі паказальнае – былі ва ўладных колах спадзевы на чарговую канфрантацыю ўнутры дэмакратычна настроенага элемэнту, на поўнае і беспаваротнае адпрэчаньне ім беларускага Нобэля. «Паглядзелі…» Не пракаціла.

Аднак масты ня спаленыя дашчэнту. Дыялёг паміж набэлісткай і ўладай яшчэ можа распачацца праз ускосныя знакі ўвагі. Праўда, для гэтага трэба пайсьці на кампраміс. Міністар культуры Барыс Сьвятлоў у камэнтары для журналіста «Эўрарадыё» Алеся Пілецкага паведаміў, што дзяржава можа надаць Сьвятлане Алексіевіч званьне заслужанага работніка культуры, але «ў адпаведнасьці з заканадаўствам, трэба, каб такая прапанова была ўнесеная грамадзкай арганізацыяй, нейкім працоўным калектывам, установай. Тады – калі ласка, тады ўсё можа быць». Маўляў, грукайцеся і адчыняць вам, прасеце – і займееце ласку.

Безумоўна, грамадзкая арганізацыя для гэтага можа знайсьціся. Напрыклад, ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» ці ГА «Беларускі ПЭН-цэнтар», у якіх Сьвятлана Алексіевіч даўно зьяўляецца паўнапраўным сябрам, могуць напісаць адпаведныя паперы: хадайніцтвы, характарыстыкі, сьпісы апублікаваных твораў, даведкі аб творчых дасягненьнях, абгрунтаваньне важнасьці таго, што робіць нобэлеўская ляўрэатка. Аднак, калі і запускаць гэтыя працэсы, то падаючы адразу дакумэнты і на атрыманьне ордэна Францішка Скарыны, нагруднага знаку «Выдатнік друку» і прэміі «За духоўнае адраджэньне» – у фармаце карнавальна-абсурдысцкага пэрформансу.

Бо навідавоку сур’ёзная рэпутацыйная параза афіцыйнай культуры. Чалавек выйшаў за яе межы і атрымаў сусьветнае прызнаньне. Пры такой сытуацыі сядаць у чэргі да міністэрскіх прыёмных як мінімум дзіўна. Карыстаючыся лексыкай ананімаў з «СБ», «прагнуцца» мусіць ня контар-культура, а дзяржава. Сьціснуць свае амбіцыі ў кулак і паказаць добрую волю, увагу да сваёй знакамітай грамадзянкі – адзначыць высокімі ўзнагародамі, без усякіх хадайніцтваў, прадстаўленьняў і просьбаў.

Контар-культуры варта захоўваць у гэтай сытуацыі поўнае годнасьці маўчаньне: на дыялёг яшчэ будзе час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG