Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы католікаў прайшлі вуліцамі Менску


У Менску адбылася вулічная працэсія з нагоды пачатку Году Божай міласэрнасьці ў Каталіцкім касьцёле. Таксама былі адчыненыя Брамы Божай міласэрнасьці ў найгалоўнейшым касьцёле краіны.

Тысячы менчукоў каталіцкага веравызнаньня прайшлі вуліцамі гораду ад касьцёла сьвятых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасьці ў Менску, да катэдральнага касьцёла Панны Марыі на плошчы Свабоды, пранёсшы ў працэсіі галоўную рэліквію — абраз Божай Міласэрнасьці.

На пачатку працэсіі ў Чырвоным касьцёле адбылася малітва, падчас якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў:

«Юбілейны Год Міласэрнасьці адкрывае новую эпоху ў гісторыі Касьцёлу — а менавіта самім спазнаць дзеяньне Божай міласэрнасьці, абвяшчаць яе людзям і практыкаваць у штодзённым жыцьці».

Вулічнае шэсьце ў Менску з нагоды пачатку Году Божай міласэрнасьці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў працэсію, у якой прайшлі некалькі тысяч вернікаў, а цэнтральнае месца працэсіі заняў абраз Божай міласэрнасьці. Затым герарх адчыніў «Сьвятыя Брамы Божай Міласэрнасьці» у архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі на знак адкрытасьці Божай міласэрнасьці для ўсіх людзей.

Абраз Божай міласэрнасьці быў усталяваны пры галоўным алтары архікатэдры. Гэта адзіная ў Беларусі копія абраза, які знаходзіцца ў Нацыянальным санктуарыі Божай Міласэрнасьці ў Вільні і быў напісаны на пачатку мінулага стагодзьдзя са слоў законьніцы, сьвятой сястры Фаўстыны. У Менску гэты абраз знаходзіцца ў месцы будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыю Божай міласэрнасьці — у менскай капліцы Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца, дзе штодня а 15.00 гадзіне праходзіць адмысловая малітва.

Адкрыцьцё сьвятых брамаў — надзвычайная падзея ў Каталіцкім сьвеце, зьвязаная з пачаткам Году Божай міласэрнасьці, абвешчанага папам Рымскім Францішкам. Гэты год праводзіцца адзін раз на 25 гадоў і меўся прыпасьці на 2025 год, але пантыфік абвясьціў яго ў надзвычайным парадку з прычыны таго, што ў сьвеце адбываецца вайна. І цяпер увесь каталіцкі сьвет цягам году будзе маліцца да Божай міласэрнасьці, каб у сьвет прыйшоў супакой.

Год Божай міласэрнасьці ў каталіцкім сьвеце пачаўся 8 сьнежня — у дзень 50 — годзьдзя завяршэньня Другога Ватыканскага сабору. Пачаткам сталася адкрыцьцё папам Францішкам сьвятой брамы ў базыліцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане. 8 сьнежня адбылося адкрыцьцё Брамы Міласэрнасьці ў Рыме. Апошні раз такая ўрачыстасьць праходзіла ў 2000 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG