Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў Пуціну і Эрдагану памірыцца. Матвіенка адмовілася


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі заклікае Расею і Турэччыну ісьці на саступкі і кампрамісы, Расея патрабуе выбачэньняў.

На міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 20-годзьдзю нэўтралітэту Туркмэністана Аляксандар Лукашэнка заклікаў Расею і Турэччыну пайсьці на ўзаемныя саступкі і кампрамісы для аднаўленьня добрасуседзкіх адносін пасьля інцыдэнту са зьбітым над турэцка-сырыйскай мяжой расейскім Су-24.

«Памылкі ў гэтым бурным сьвеце непазьбежныя, і іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Прабачце мяне, гэта тычыцца і апошняга кан флікту паміж нашай Расеяй і сяброўскай нам Турэччынай», — падкрэсліў Лукашэнка.

На пытаньне адносна заявы Лукашэнкі рэзка адказала сьпікер расейскага Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, перадае ТАСС:

Валянціна Мацьвіенка

Валянціна Мацьвіенка

«Турэччына зьдзейсніла акт агрэсіі супраць Расеі, ваеннае злачынства, — адзначыла яна, дадаўшы, што „хто напаў, той і павінен несьці адказнасьць“. — Мы ня можам дараваць тое, што адбылося, без адпаведнай адэкватнай рэакцыі на гэта Турэччыны. У любым выпадку гэта застанецца сур’ёзным, вялікім шнарам на нашых адносінах».

Мацьвіенка спадзяецца, што кіраўніцтва Турэччыны «апамятаецца, дасьць адпаведныя ацэнкі таму, што адбылося, і прынясе Расеі прабачэньні». Сьпікер адзначыла, што ніхто ня хоча напружанасьці, і што Масква і Анкара маюць кантакты «па лініі МЗС і па іншых каналах». Яна распавяла, што размаўляла ў Ашхабадзе з кіраўніком МЗС Турэччыны зь ініцыятывы апошняга, але «праз шчыльны графік паездкі» ніякіх двухбаковых афіцыйных сустрэчаў не заплянавана.

Такую параду Расеі Лукашэнка даў напярэдадні перамоваў з Пуціным 15 сьнежня ў Маскве. Раней меркавалася, што Лукашэнка наведае Расею першым чынам пасьля выбараў, але візыт быў перанесены «з-за надзвычайнай загружанасьці графікаў двух прэзыдэнтаў».

XS
SM
MD
LG