Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчынам краіны ўпершыню далі права голасу. У выніку адна жанчына стала дэпутатам муніцыпальнай рады. Хоць жанчынам і забаронена вадзіць аўто.

На муніцыпальных выбарах у Саудаўскай Арабіі ў суботу, 12 сьнежня ўпершыню ў гісторыі краіны жанчынам было дазволена галасаваць і выстаўляць уласныя кандыдатуры, паведамляе BBC.

Па афіцыйных паведамленьнях, прагаласавалі 130 тысяч жанчын і 1,35 млн мужчын. Разам з амаль шасьцю тысячамі мужчынаў-кандыдатаў на муніцыпальных выбарах свае кандыдатуры выставілі 978 жанчын. Кандыдаткі мусілі альбо выступаць за перагародкай, альбо быць прадстаўленымі мужчынамі, жанчыны галасавалі на асобных выбарчых участках.

Адзінай абранай дэпутаткай стала Салма бінт Хізаб аль-Атэйбі, агулам дэпутацкія крэслы ў муніцыпальных радах атрымліваюць 2100 чалавек праз выбары і 1050 раз прызначэньне каралём.

Самі па сабе выбары — даволі рэдкая зьява для Саудаўскай Арабіі. Яны не праводзіліся з 1965 па 2005 год. Цяперашнія выбары — толькі трэція ў гісторыі каралеўства. Права жанчын галасаваць і быць абранымі зацьвердзіў пакойны кароль Абдала, гэта называецца адным зь яго галоўных дасягненьняў. У 2013 годзе ён таксама прызначыў 30 жанчын у кансультатыўную асамблею Мэджылі аш-Шура і загадаў, каб пятая частка рады са 150 чалавек заўсёды мела ў складзе прынамсі пятую частку жанчын.

Жанчыны заўважна прыцясьняюцца ў Саудаўскай Арабіі, што жыве па законах шарыяту. Напрыклад, толькі ў Саудаўскай Арабіі жанчынам забаронена кіраваць машынай. Жанчыны там ня могуць самастойна хадзіць без суправаджэньня мужа ці родзіча, абавязаныя насіць адзеньне, што пакідае адкрытым толькі вочы і далоні. Дзяўчыну дазволена выдаваць замуж у любым узросьце. У выпадку згвалтаваньня жанчыну могуць асудзіць за тое, што яна справакавала гвалтаўніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG