Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перавыданьне кнігі пра Ўладзімера Мулявіна — да 75-годьдзя музыкі


Як паведаміў на ўласнай старонцы ў «Фэйсбуку» галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, да 75-годзьдзя з дня народзінаў Уладзімера Мулявіна падрыхтаваны да выданьня перапрацаваны і дапоўнены варыянт кнігі «Нота судьбы».

Мяркуючы па ўсім, другое выданьне кнігі, верагодна, пад іншай назвай, будзе даволі істотна адрозьнівацца ад таго, што ўбачыла сьвет у 2004 годзе.

Як і тады, аўтарам канцэпцыі і рэдактарам-складальнікам кнігі зьяўляецца Людміла Крушынская. Змест новай кнігі, наколькі вядома, быў значна перагледжаны. Так, замест некаторых дзяжурнага характару выказваньняў пра Мулявіна асобных дзеячаў культуры і мастацтва зьявіўся шэраг арыгінальных артыкулаў, агульная колькасьць фотаздымкаў, сярод якіх ёсьць і тыя, што раней не публікаваліся, набліжаецца да паўтысячы. Трапілі ў кнігу аб’ёмам 616 старонак і здымкі нот некаторых песень, напісаныя рукой лідара «Песьняроў». Як і раней, кнігу суправаджаюць даведачныя матэрыялы. Гэта пералік дат жыцьця і творчасьці Ўладзімера Мулявіна і — новае! — сьпіс усіх музыкаў, якія ў розныя гады выступалі ў складзе калектыву.

Як можна меркаваць паводле допісу Віктара Шніпа, гэтым разам кнігу рыхтавалі да друку ці не ў пажарным парадку, але гэтымі днямі яе макет быў скіраваны ў друкарню.

Першае выданьне «Ноты судьбы», наклад якой аб’ёмам 446 старонак складаў 3000 асобнікаў, хутка зьнікла з паліц кнігарняў, і пазьней кнігу можна было набыць хіба што выпадкова ў букіністаў. Кніга была падрыхтаваная ў рамках ушанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна. Сярод намечаных мерапрыемстваў значыліся стварэньне фільма і кнігі, прысьвечаных памяці лідара «Песьняроў», Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва «Песьняры», усталяваньне мемарыяльнай шыльды і надмагільнага помніка, заснаваньне музэя, падрыхтоўка мультымэдыйнага выданьня пра Мулявіна і выданьне анталёгіі запісаў калектыву. Апошнія два пункты пастановы былі падрыхтаваныя, аднак так і не дачакаліся тыражаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG