Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі выдавец прэзэнтаваў кнігу ў Ізраілі


Аляксандар Рыжы ў Ізраілі

Аляксандар Рыжы ў Ізраілі

Аляксандар Рыжы, галоўны рэдактар прыватнага выдавецтва з Горадні «ЮраСаПрынт», наведаў Ізраіль, завёзшы туды дзясятак кіляграмаў кніг.

У горадзе Беэр-Шэва адбылася прэзэнтацыя кнігі «Шлях дзяўчыны з Горадні», якая выйшла нядаўна ў выдавецтве на расейскай мове. Выдавец прывёз сто асобнікаў. Кніга прысьвечаная Лізе Чапнік (па мужы Машэвіцкай), яна нарадзілася ў Горадні, а ў час вайны ўзначальвала ў суседнім Беластоку падпольны антыфашысцкі камітэт. Аўтарка кнігі Марына Шэпелевіч.

Гарадзенскага выдаўца запрасілі мэрыя і сям’я Машэвіцкіх. Сама Ліза Чапнік яшчэ жывая. Ёй 93 гады. У Беэр-Шэва жыве яшчэ адна былая гарадзенка Ганна Руд, таксама былая падпольшчыца. Абедзьве дапамагалі ў стварэньні гарадзенскага музэю гісторыі габрэяў, што адкрыўся сёлета.

Прэзэнтацыя адбылася ў школе. Яе арганізавала мэрыя, распавядае Аляксандар Рыжы, прысутнічаў мэр. Былі запрошаныя выхадцы з Беларусі, з Горадні, з краін былога СССР. У прыватнасьці, быў сын некалі вядомага гарадзенскага гісторыка Якава Мараша Ільля. Ён рыхтуе кнігу «Лёсы міжваеннай гарадзенскай інтэлігенцыі», магчыма, што яе надрукуе «ЮрСаПрынт», кажа Аляксандар Рыжы. Ільлі Марашу ён прывёз новую кнігу «Пяцьдзесят гарадзенскіх вуліц», якая выйшла на расейскай мове, аўтар — краязнаўца Віктар Саяпін.

Віза ў Ізраіль цяпер не патрэбная, нагадвае Аляксандар Рыжы. Ці адчуў ён асаблівыя правілы бясьпекі ў аэрапорце, прыдзірлівасьць службоўцаў? Не, нічога такога. Важна выразна сказаць куды і зь якой мэтай едзеш, кажа ён. Усе дакумэнты ў яго былі, паказаў запрашэньне ад мэрыі, бронь з гатэлю. І ніякіх пытаньняў не было. Па-расейску памежнікі размаўлялі, успамінае Аляксандар, але вельмі слаба.

Што запомнілася ў Ізраілі? Незабыўнымі для гарадзенца сталі Ерусалім, Мёртвае мора, у якім удалося пакупацца, хоць быў сьнежань.

Запомніўся музэй барацьбітоў гета. Першым выданьнем у музэйнай бібліятэцы на беларускай мове, між іншым, стала кніга гісторыка Андрэя Чарнякевіча «Памяць пра Гродна», прысьвечаная жыхарам перадваеннага гораду — палякам, беларусам, габрэям, расейцам. Яе прывёз выдавец Рыжы. Дарэчы, у музэі ёсьць выданьне-пуцяводнік па Горадні, падрыхтаванае ўласнымі сіламі. У ім адлюстраваная гісторыя ад старадаўняга часу да 1945 году. Ёсьць макеты большасьці гета, у тым ліку наваградзкага, віленскага, што праўда, гарадзенскага няма. У музэі расказваюць гісторыю масавых уцёкаў з наваградзкага гета і пра габрэйскі партызанскі атрад, што дзейнічаў на Наваградчыне.

У Ерусаліме паўтары тысячы славутых аб’ектаў, якія варта ўбачыць, кажуць там турыстам, распавядае гарадзенскі выдавец. Робіць уражаньне храм, што стаіць у былым Гефсіманскім садзе, дзе захаваліся алівы, сярод якіх маліўся некалі Хрыстос. Сьцяна плачу, бачаная раней толькі па тэлевізары. Як сказаў экскурсавод сьцяна — гэта «прамы тэлефон з госпадам Богам». Уражвае храм дамавіны Гасподняй, які служыць розным канфэсіям, кажа Аляксандар Рыжы.

Наколькі было цёпла напачатку месяца? На Мёртвым моры, кажа Аляксандар Рыжы, было 25 градусаў, але моцны халодны вецер з пустыні. У Ерусаліме тым часам усяго 10 градусаў, а на наступны дзень у Хайфе 22-23, вада ў моры — 20. «Купаюцца толькі расейцы, увогуле прыежджыя, для мясцовых тэмпэратура недастатковая», зазначае ён.

У гарадзенскага выдаўца засталося ўражаньне, што «краіна дарагая, бохан хлеба на нашы грошы шэсьцьдзесят тысяч, бутэлька піва — недзе пяць даляраў, пачак цыгарэт — амаль дзесяць. Нармальны абед у рэстарацыі дваццаць пяць-трыццаць. Адпачынак таксама каштуе, на тым жа Мёртвым моры». Як падаецца Аляксандру Рыжаму, гэта адпачынак не для сярэдняга беларуса. Што праўда, лятаць у Ізраіль вельмі выгадна зь Вільні: туды і назад квіток каштаваў 120 эўра, зь Менску можа быць утрая даражэй, кажа ён. Адзінае, канечне, што існуе абмежаваньне вагі багажу — дзесяць кіляграмаў. Але кніга, якую ён браў з сабой на прэзэнтацыю, важыла няшмат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG