Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская чыгунка закрыла маршрут з Масквой


Дзяржаўная кампанія «Чыгунка Літвы» закрыла пасажырскі маршрут Вільня — Масква — Вільня. Сёньня раніцай у расейскую сталіцу прыбыў апошні склад літоўскага фармаваньня, перадае ТАСС.

«Наўпроставае пасажырскае злучэньне на гэтым напрамку спыняецца праз значнае зьніжэньне пасажырапатоку», — адзначылі ў кампаніі.

Адзіны шанец дабрацца зь Вільні да Масквы — на транзытным цягніку Калінінград — Масква — Калінінград. Да яго будуць прычапляць вагоны «Чыгункі Літвы».

У 2014 годзе на дадзеным маршруце было перавезена 72,9 тысячы чалавек, у той час як у 2013 гэты паказчык складаў 100,7 тысячы чалавек.

Гэта ўжо другі пасажырскі маршрут расейскага напрамку, закрыты як стратны ў бягучым годзе літоўскімі чыгуначнікамі праз рэзкае скарачэньне колькасьці пасажыраў. Зь 1 чэрвеня было спынена злучэньне паміж Вільняй і Санкт-Пецярбургам. У 2014 годзе цягнікі на гэтай лініі перавезьлі 42,5 тысячы чалавек, што было на 40% менш, чым годам раней.

У той жа час расьце пасажырапаток паміж Вільняй і Менскам. Калі ў 2013-м на маршруце Вільня — Менск — Вільня было перавезена 318,7 тысяч чалавек, у 2014 — ужо 330 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG