Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч як паэтка і літаратурны крытык


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

У кожнага нобэлеўскага лаўрэата і кожнай нобэлеўскай лаўрэаткі па літаратуры ёсьць сваё творчае мінулае, ад якога нікуды не ўцячы; свой «Вопыт, сын цяжкіх памылак», паводле клясыка вялікай расейскай літаратуры. Трэба сказаць, што і ў першых публікацыях Сьвятланы Алексіевіч можна знайсьці штосьці малатыповае для яе сёньняшняй — напрыклад, паэзію і літаратурную крытыку.

У біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменьнікі» першай публікацыяй нобелеўскай ляўрэаткі пазначаны артыкул у «Сельскай газэце» ад 25 лістапада 1970-га. Але асабовая справа з архіву ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» захоўвае даведку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што дэбютам Сьвятланы Алексіевіч быў верш у Петрыкаўскай раённай газэце «За новыя рубяжы», надрукаваны 5 сьнежня 1966 году, калі пісьменьніцы было 18 гадоў... Нам удалося знайсьці той даўні нумар петрыкаўскай газэты, дзе сапраўды апублікаваны верш «Октябрь» за подпісам «С. Алексіевіч»:

Время чётко чеканит профиль

Прожитых нами лет.

Перед нашим великим прошлым

Я сегодня держу ответ.

Годовщиной пришло оно снова,

И, итожа прошедший год,

Держит гордо великое слово

Мой великий герой-народ.

Нету дня, на тот день похожий,

Когда вышел народ из тьмы,

Начинаются горы с подножий –

С Октября начинаемся мы.

Каждый год мы сверяем на этот.

Новостроек горят огни.

И победы больших пятилеток

Продолжают октябрьские дни.

Увесь той нумар петрыкаўскай раёнкі быў прысьвечаны ўгодкам савецкай канстытуцыі. Яны з 1936 года (і да 1977-га) традыцыйна адзначаліся 5 сьнежня, у дзень прыняцьця так званай «сталінскай» канстытуцыі СССР. Алексіевіч жа выступае зь вершам пра Кастрычніцкую рэвалюцыю — зьява для дэбютнай публікацыі шараговая на той час. «Кастрычніцкай» тэмай літаратурныя пэрыёдыкі (у тым ліку і выданьні БССР) былі шчыльна напоўненыя ўсе амаль 70 год існаваньня савецкае ўлады. Варта сказаць, што верш Алексіевіч — не найгоршы прыклад творчасьці ў гэтым напрамку: у 18-гадовай аўтаркі адчуваецца цьвёрдая рука і нядрэнныя мастацкія вобразы «Начинаются горы с подножий — С Октября начинаемся мы». Можна тут прыгадаць у той самы час напісанае Алесем Разанавым: «Мы прарастаем зь Леніна, як саджанцы зь зямлі» альбо «Чаго варты плён пакаленьняў, палёгшых у барацьбе, калі не ўсьміхнецца Ленін, калі ня будзе цябе?»

Дарэчы, два будучыя асноўныя прэтэндэнты на Нобэлеўскую прэмію ад Беларусі сыдуцца і ў галіне літаратурнай крытыкі. А менавіта — у рэцэнзіі Сьвятланы Алексіевіч на паэму Алеся Разанава «Назаўжды». У артыкуле «Обретение голоса», зьмешчаным у газэце «Знамя юности» 9 мая 1973 года будучая набэліянтка пісала пра Разанава: «Зь ім зьвязанае прадчуваньне багатых паэтычных адкрыцьцяў, адважнага асвойваньня новых мастацкіх пластоў. Гэта адзін з тых талентаў, якія пасьпяваюць своечасова нарадзіцца і прыйсьціся да двара ў сваім часе... Тое, што першыя крытыкі прынялі ў вершах маладога паэта за чужы для паэзіі рацыяналізм, з гадамі перарасло ў інтэлектуальнае напружаньне ягонага радка... У кожнай з наступных сваіх газэтных і часопісных публікацый ён аб’яўляўся перад чытачом якасна новым, голасна паведамляючы пра гэта: „Я маю права ўсё закрэсьліць і потым нанава пачаць“ („Пошук“). Нязьменным заставалася адно жаданьне: выказаць свае адносіны да навакольнага сьвету праз новыя вымярэньні, у малыя памеры — закласьці многае... Разанаў — паэт драматычных і складаных паэтычных інтанацый, не адкрытага паэтычнага пісьма. Мажліва, усё-такі варта даверыцца інтуіцыі і словам паэта, у якога, безумоўна, свой няпросты шлях у паэзіі. Як і ў кожнага сапраўднага таленту».

Такім чынам, яшчэ да выданьня другой разанаўскай кнігі Алексіевіч заўважыла немалы паэтычны патэнцыял у творцы-аднагодку. Ёсьць тут і пэўныя празарэньні, якія спраўдзяцца ў будучыні: укладаньне вялікага зьместу ў адмысловыя малыя формы, гермэтычнасьць разанаўскай паэзіі, рух да пастаяннага самаабнаўленьня. Яшчэ адзін экспэрымэнтатар 1970-х, паэт Юрка Голуб, таксама не прайшоў міма ўвагі крытычнага вока Сьвятланы Алексіевіч — яна напісала рэцэнзію на яго другі зборнік вершаў «Дрэва навальніцы», дзе зь яўнай абазнанасьцю і досьведам чытаньня літаратурна-крытычнай масы (што адчувалася і ў артыкуле пра Разанава) згадвае рэцэнзэнцкія «спрэчкі і перасьцярогі». Але

«ўсе радасна сыходзіліся ў адным — у беларускую паэзію ўвайшоў арыгінальны і яркі талент. Малады паэт уразіў віртуознасьцю тэхнікі і формы ў ступені, якая ня кожны раз падуладная і сталаму майстру. Агульнай была і перасьцярога, каб пошукі новых вобразных і слоўных сродкаў не ператварыліся б у паэта ў самамэту, калі іх перанасычанасьць перашкаджае думцы».

Збольшага такі дуалізм быў характэрны для творчасьці Голуба і надалей, ды і сёньня да яе можна апэляваць гэткім самым чынам, як гэта рабіла ў 1970-я Сьвятлана Алексіевіч.

З вышэйпрыведзеных прыкладаў паэзіі Алексіевіч і цытатаў зь ейных крытычных артыкулаў відавочным становіцца яе ўнутранае «шасцідзясятніцтва» — безумоўна, запозьненае, якім яно, зрэшты, было і ва Ўладзімера Някляева, і раньняга Алеся Разанава. Але менавіта шасцідзясятніцтва для большай часткі тагачаснай літаратурнай моладзі сталася арыентырам у эстэтыцы. Да таго ж, духу ягонага ў беларускай культурнай атмасфэры адчувальна бракавала. У рэцэнзіі на кнігу Юркі Голуба Алексіевіч напіша:

«Адважныя і няспынныя пошукі ў самой паэтычнай тэхніцы сёньня ня тое, што магчымыя, а абавязковыя. Чым больш дасканалай робіцца чалавечая сьвядомасьць, тым ярчэйшыя і дасканалейшыя павінны быць сродкі мастацтва».

Тут праяўляецца ідэя пра навукова-тэхнічны прагрэс (у тым ліку і ў савецкай палітыцы пасьля асуджэньня культу асобы Сталіна) і вера ў культурны прагрэс, ачалавечваньне чалавецтва — цэнтральная для шасцідзясятніцкай паэзіі.

Другой тэмай літаратурнай крытыкі Алексіевіч 1970-х гадоў была жаночая плынь у беларускай літаратуры. Будучая набеліятка прааналізавала кнігі Валянціны Коўтун «Каляровыя вёслы», Людмілы Ганчаровай «Пятая пара году», Ніны Шкляравай «Мая вёска», «Прадыславу» Вольгі Іпатавай, зборнік вершаў Ніны Мацяш «Удзячнасьць». Дастаткова вялікі аб’ём, каб разглядаць літаратурную крытыку Алексіевіч як зьяву — і жаночую тэму як асобную галіну ў гэтай зьяве. Асаблівай увагай тут была надзеленая менавіта палеская паэтка зь няпростым лёсам Ніна Язэпаўна Мацяш:

«Для яе вершы сталіся этычнай праверкай кожнага кроку, кожнага руху душы. І гэтым яна трапіла ў самы нэрв часу, які патрабуе ад паэта гэткай жа незалежнай і годнай пазыцыі ў жыцьці, у літаратуры, як і самы паэтычны голас. Бо фармальная дасканаласьць — нішто само па сабе. Паэзія месьціцца ў душы паэта, у яе адчуваньнях, відзежах, у падыходзе да навакольля».

Алексіевіч, пішучы пра сучасную ёй паэзію, прагаворвае і важныя для сябе эстэтычныя прынцыпы — перш за ўсё прынцып вернасьці сабе, вычуваньня свайго. Вось жа, крытык адзначае нехарактэрны для паэзіі Мацяш эпічны пачатак, зь якім апошняя спрабуе экспэрымэнтаваць:

«Амаль усе ейныя спробы грамадзянскага патасу выглядаюць бездапаможна. Узяўшыся за вялікае эпічнае палатно з намерам уславіць героіку народных паўстаньняў, падзьвіжніцтва, паэтка не палічылася з складам сваёй паэтычнай натуры. Чытаеш і ня верыш вачам сваім. Паэзіі няма. Ёсьць зарыфмаваны газэтны артыкул».

І ў артыкулах пра аповесьць Вольгі Іпатавай, і ў рэцэнзіі на зборнік Мацяш настойліва ўзьнікае тэма сучаснасьці. Іпатава піша пра Эўфрасіньню Полацкую, але Сьвятлана Алексіевіч і тут ставіць рытарычнае пытаньне: «Хіба не сучасная і ня блізкая нам сёньня думка пра драматычнасьць жаночага лёсу?». Гаворачы пра Мацяш, падкрэсьлівае:

«У час хуткасьцей, якія скаланаюць чалавечую сьвядомасьць, трэба больш глыбака адчуваць. І менавіта ў мастацтве перад усім праяўляюцца новыя маральныя патрэбы кожнай эпохі. І ў першую чаргу ў паэзіі, якая паводле таемнай прыроды сваёй — стэнаграфія духу асобы, духу часу».

Гэтыя нататкі не прэтэдуюць на вычарпаньне тэмы, але і зь іх, мяркую, бачна, наколькі сур’ёзна была ўпісаная Сьвятлана Алексіевіч у мысьленчы кантэкст савецкага шасцідзясятніцтва — з усім ягоным занурэньнем у прычыны і наступствы НТР, маральна-этычныя праблемы, у тэму адказнасьці паэта і пісьменьніка перад чытачом дый перад самім сабой. Па сутнасьці, усе гэтыя падводныя камяні можна знайсьці ў ейных нон-фікшн кнігах. А нават і ў Нобэлеўскай лекцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG