Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільніцу БНФ Тацяну Бялько зь вёскі Дзеравянчыцы Слонімскага раёну, якая працавала прыбіральшчыцай на мясцовай фэрме сельгаспрадпрыемства «Пераможца», прымусілі звольніцца з працы пасьля таго, як яна аслухалася начальніцу і ўвайшла ў склад участковай камісіі па выбарах прэзыдэнта.

Паводле Тацяны Бялько, падчас выбараў яна была вылучаная ў сябры ўчастковай камісіі ад раённага аддзяленьня партыі БНФ і была адзінай прадстаўніцай дэмакратычных партый у раёне, каму ўдалося трапіць у склад участковых камісій.

Загадчыца фэрмы, паводле Бялько, адразу яе папярэдзіла, каб ня ўдзельнічала ў працы камісіі, маўляў, ведаю я вашую партыю.

Тлумачэньні Бялько аб тым, што яна займаецца цалкам законнай дзейнасьцю, на загадчыцу не падзейнічалі, але і сама Бялько не паслухала сваю кіраўніцу і, як належыць, брала ўдзел у працы участковай камісіі № 32 у сваёй роднай вёсцы.

У інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што мяне загадчыца не пускала працаваць у камісію, і яна сказала, што гэтага мне не даруе.

— Калі на ўчастку пачалі разьмяркоўваць час, каму і калі дзяжурыць, то я cказала, што не магу з-за працы і папрасіла, каб мне ў зручны час паставілі дзяжурства 3 гадзіны. Загадчыцу я папярэдзіла, што ўсё пасьпею зрабіць, нават пазьней прыеду на працу і ўсё прыбяру, але яна мяне ўсё роўна не адпускала з працы. Тады я папросту села і сама паехала. У нядзелю я хадзіла са скрыняй для галасаваньня па хатах і, відаць, яна бачыла. Потым у інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што мяне загадчыца не пускала працаваць у камісію, і яна сказала, што гэтага мне не даруе.

А потым, ужо пасьля выбараў, паводле Бялько, пачалася помста:

— А чаму ты села? Падыдзеш да сваіх аднавясковак паразмаўляць — а чаму ты тут? Выносіш сьмецьце — а чаму ты тут спынілася... Я аднойчы ня вытрымала і напісала заяву на звальненьне.

Дырэктар гаспадаркі Мікалай Грэчышнікаў на маё пытаньне, чаму для працы ва ўчастковай камісіі не адпускалі Бялько — адказаў, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Паводле яго, загадчыца фэрмы адпускала Бялько на працу ў камісіі, калі тая адпрошвалася.

— Асабіста сказаў загадчыцы фэрмы, каб адпускала Бялько для працы ў камісіі. А Бялько звольнілася па ўласным жаданьні, хаця ейная праца цалкам задавальняла і загадчыцу фэрмы. Ну, і як можна стварыць умовы, немагчымыя для працы? Гэта сельская гаспадарка, яна павінна выконваць сваю працу і ўсё.

Спадарыня Тацяна кажа, што ёй надакучылі прыніжэньні ад начальніцы, яна не баіцца працы, але не разумее, калі адзін чалавек ставіцца да іншага не па-людзку.

Спадарыня Тацяна, як сама кажа, чалавек неканфліктны, ёй надакучылі прыніжэньні ад начальніцы, яна не баіцца працы, але не разумее, калі адзін чалавек ставіцца да іншага не па-людзку. Ёй засталося да пэнсіі паўтара году, і цяпер яна шукае іншую працу. Праўда, у сваёй гаспадарцы яе ўжо нікім не бяруць, як сама кажа, за палітычную дзейнасьць.

Цікаўлюся ў спадарыні Тацяны — ці шукала яна працу ў іншым месцы акрамя сваёй вёскі? Была ў Слоніме, але і там складанасьці.

— Цяжка знайсьці працу, асабліва калі даведваюцца твой узрост. Зьвярталася ў гатэль «Шчара» — там была вакансія — адмовілі, тэлефанавала на камвольны камбінат, і напачатку, нібыта, хацелі ўзяць, а потым раптам — не...

Дарэчы, у сельгаспрадпрыемстве «Пераможца» ўжо два месяцы не выплочваюць заробак. Дырэктар Грачышнікаў сказаў Свабодзе, што ёсьць часовыя складанасьці, але якія канкрэтна, не патлумачыў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG