Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 адрозьненьняў выбараў у Армэніі ад выбараў у Беларусі


Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргасян галасуе падчас рэфэрэндуму па канстытуцыйных зьменах у Ерэване, 6 сьнежня 2015 году

Прэзыдэнт Армэніі Серж Саргасян галасуе падчас рэфэрэндуму па канстытуцыйных зьменах у Ерэване, 6 сьнежня 2015 году

З Армэніі вярнуліся сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Міхаіл Пятрушын і супрацоўнік Цэнтарвыбаркаму Глеб Хмялёў. На запрашэньне армянскіх калегаў яны назіралі за правядзеньнем рэфэрэндуму, які прайшоў у гэтай краіне, у нядзелю 6 сьнежня.

Спадар Пятрушын адзначыў наступныя асаблівасьці галасаваньня ў Армэніі:

1.Галасаваньне праводзілася толькі ў дзень рэфэрэндуму. Датэрміновага галасаваньня там няма.

2. На кожным бюлетэні тры сябры выбарчай камісіі ставяць свае пэрсанальныя пячаткі.

3. Для таго, каб пазьбегнуць падвойнага галасаваньня адным і тым жа выбарцам, у пасьведчаньні асобы, якая галасуе, абавязкова ставіўся спэцыяльны штамп аб удзеле ў рэфэрэндуме. Праз 24 гадзіны гэты штамп аўтаматычна зьнікае з дакумэнту.

4. Скрыні на ўчастках толькі празрыстыя. Для таго, каб выпадкова нехта ня ўбачыў, як прагаласаваў той ці іншы выбарца, бюлетэнь клаўся ў канвэрт, а на канвэрце ставілася спэцыяльная пячатка ўчастковай выбарчай камісіі.

5. Падлік галасоў вядзецца ў пэўнай пасьлядоўнасьці. Спачатку падлічваюцца сапсаваныя бюлетэні, затым — нявыкарыстаныя. Іх кладуць у спэцыяльныя канвэрты. Затым адчыняюць скрыні зь бюлетэнямі. Назіральнікі маюць магчымасьць бачыць усе дзеяньні сябраў камісіі і чуць агалошваньне вынікаў. Канфліктаў не было.

У Армэніі канстытуцыйныя папраўкі прадугледжваюць пераход ад дзейнай прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіраваньня. Вышэйшым органам выканаўчай улады абвяшчаецца ўрад, які распрацоўвае і ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку на аснове сваёй праграмы. На ўрад ўскладзена таксама агульнае кіраўніцтва сыстэмай дзяржаўнага кіраваньня. Новы праект абавязвае прэзыдэнта прызначаць прэм’ер-міністрам кандыдата ад партыі ці партыйнага блёку, які перамог на парлямэнцкіх выбарах.

Паўнамоцтвы прэзыдэнта будуць істотна «абрэзаныя», ён будзе абірацца не агульнанацыянальным галасаваньнем, а парлямэнтам. Адзін і той жа чалавек можа быць абраны кіраўніком дзяржавы ўсяго адзін раз.

Апазыцыя Армэніі выступіла супраць рэфэрэндуму. На думку апазыцыянэраў, пераход да парлямэнцкай рэспублікі выгадны ў першую чаргу прэзыдэнту краіны Сержу Саргсяну, які, паводле дзейнай пакуль Канстытуцыі, ня зможа балятавацца на новы тэрмін у 2018 годзе, бо Асноўны закон Армэніі забараняе адной і той жа асобе абірацца прэзыдэнтам болей за два разы. Зьмяненьне Канстытуцыі дазволіць Саргсяну застацца ва ўладзе ў якасьці прэм’ер-міністра, які фактычна стане першай асобай у дзяржаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG