Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Нобэль як разьвітаньне з фантомамі


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Пачуўшы беларускую прыпавесьць у заключнай прамове Сьвятланы Алексіевіч у Стакгольме, я заплакаў.

Так бывае, калі надзея спраўджваецца. А якраз такую надзею я меў пасьля Нобэлеўскай лекцыі. Гэта быў спадзеў на збліжэньне пазыцый – адзінае, што дазволіць нам… ня выжыць… «Выжываць – гэта любой цаною, а жыць – гэта ўсё-ткі менш ці больш сумленна» (Янка Брыль).

У пераднобэлеўскім інтэрвію Алексіевіч казала, што галоўнае для Беларусі – каб грамадзтва прыйшло ў рух. Але грамадзтва прыйдзе ў рух, калі захоча большага, чым мае. Насельніцтва Беларусі мае вялікі патэнцыял такога хаценьня – стаць народам – нармальным, сучасным, эўрапейскім і пры тым адметным сваёй культурай. Не сумняюся, што Сьвятлана Алексіевіч хоча таго самага.

Яна шукала і не знайшла месца савецкаму чалавеку ў сучасных раскладах. Дзе яго месца? У СССР зь яго вялікай ідэяй і ўсім тым сьветлым, што помніцца? Але на месцы СССР цяпер РФ, дзе няма ня тое што сьвятла, але й блікаў сьвятла таго, колішняга.

Алексіевіч адчувае, што стаіць перад патрэбаю ідэнтыфікацыі. Выйсьці з савецкага чалавека і застацца «проста чалавекам» не атрымліваецца. Яна – беларуская пісьменьніца, якая прадстаўляе ў сьвеце Беларусь і беларусаў. Чаму гэта важна? Таму што грамадзтва павінна прыйсьці ў рух. Тое, як ёсьць і куды ўсё ідзе «само», не задавальняе, бо гэта катастрофа.

У прывітальным слове зьнік фантом «великой русской культуры» – як прыкмета сьветлага савецкага чалавека. Зьнік, бо ён не існуе без Вялікай Расеі (як вялікая нямецкая культура не існуе без Вялікай Германіі). Беларуская прыпавесьць Алексіевіч, на якой я заплакаў, нічым не бліжэйшая да «русской культуры» Дастаеўскага і Чэхава, чым да культуры Рэйманта ці Акутагавы ці Авіжуса, як і Дастаеўскі з Чэхавым нічым не бліжэй да Бялова з Распуціным, чым да Кафкі ці Сартра ці Фолкнера з Маркесам. Нарэшце, мне, чытачу Алексіевіч, прасьцей убачыць яе карані ў творах Адамовіча, Гарэцкага і Баркулабаўскай кроніцы, чым у кнігах Распуціна і Бялова, а нават і Чэхава з Дастаеўскім. Але будучыя інтэрпрэтатары беларускага Нобэля зробяць гэта лепш за мяне. І за Алексіевіч.

Алексіевіч набліжаецца да Беларусі. Гэта чыста этычны крок, але ён безальтэрнатыўны. Альтэрнатыва – ісьці ў той бок, якога няма.

«Падступнасьць» сытуацыі ў тым, што здабыты Алексіевіч беларускі Нобэль ужо жыве сваім жыцьцём. У яго добрая будучыня. Як у дзясяткаў літаратурных Нобэляў розных краін і культур, імёны і творы ўладальнікаў якіх даўно забыліся. Каласальная магчымасьць сытуацыі ў тым, што крок Алексіевіч да Беларусі можа стаць рэактыўным штуршком для нашай культуры, а магчыма, і для грамадзтва, якое павінна прыйсьці ў рух.

Новае слова набэлісткі прагучала драматычна, але было зьвернутае ў будучыню і ня мела таго прыпаху нафталіну, які пачуўся мне ў папярэдняй лекцыі. Прапала і падстава параўноўваць Алексіевіч з Лукашэнкам – менавіта фантомным савецкім чалавекам, які 20 гадоў трымае людзей у ілюзіі, што яны ўсё яшчэ жывуць у СССР.

Нехта пасьля словаў на нобэлеўскім банкеце заўважыў: «Дзякуй богу, што я жыву не ў эпоху Лукашэнкі, а ў эпоху Алексіевіч». Гэтыя словы – ўдзячнасьць да пісьменьніцы, што можа аб’яднаць маральную большасьць грамадзтва, якое «другі раз аглядваецца не па чужынцы, а ўжо з сэрцам…»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG