Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта былі апантаныя ідэяй, крыштальныя, сумленныя людзі»,— гісторык пра апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце


Фота з кнігі Сяргея Навумчыка "1994": Мітынг у Менску 3 ліпеня 1994 году. Улады не пусьцілі калёну БНФ да Плошчы Перамогі

Фота з кнігі Сяргея Навумчыка "1994": Мітынг у Менску 3 ліпеня 1994 году. Улады не пусьцілі калёну БНФ да Плошчы Перамогі

У Горадні адбылася прэзэнтацыя тому дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць дзейнасьць парлямэнцкай апазыцыі БНФ у 1990-95 гадах. У ёй удзельнічалі ўкладальнік кнігі гісторык Аляксандр Кур’яновіч і выдавец Валер Булгакаў. Выдавец сказаў, што гісторык «ня еў, ня піў, сям’ю не стварыў, абы зрабіць і выдаць» гэты зборнік «Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII скліканьня: дакумэнты, факты, камэнтарыі». Праца заняла ў складальніка пяць гадоў.

Аляксандр Кур’яновіч адказаў на пытаньні «Свабоды».

Аляксандр Кур’яновіч

Аляксандр Кур’яновіч

Чаму гісторык вырашыў не зьвяртацца па дапамогу да саміх удзельнікаў былой фракцыі БНФ, дэпутатаў ВС XII-га скліканьня?


Кур’яновіч: «Наўмысна, можна сказаць. Цяпер модная вусная гісторыя, успаміны людзей. Але мы вырашылі быць нэўтральнымі і каб яны потым самі паглядзелі збоку на гатовае выданьне. Таму што, калі б я да іх зьвярнуўся, то трэба было б папрасіць дакумэнты, што яны маюць у асабістых архівах. Але я выкарыстоўваў выключна Нацыянальны архіў, Нацыянальную бібліятэку. Ну, гэта была ўстаноўка сьвядомая».

«Ня меў кантактаў са сьведкамі падзей, каб не падпасьці пад уплыў, ня быць заангажаваным, удакладняе гісторык. Хаця ў гэтым можа быць і мінус, згаджаецца ён. Аднак вусныя ўспаміны могуць прыйсьці ў супярэчнасьць з дакумэнтамі».

Гісторык павінен займаць аб’ектыўную пазыцыю, зазначае Аляксандр Кур’яновіч.

Сам ён не пісаў тэксту, прысьвечанага апазыцыі БНФ, толькі камэнтары да апублікаваных дакумэнтаў.

Ці існуюць праблемы з пошукам, з атрыманьнем дакумэнтаў?

Вокладка кнігі дакумэнтаў, прысьвечанай дзейнасьці апазыцыі БНФ у ВС XII скліканьня

Вокладка кнігі дакумэнтаў, прысьвечанай дзейнасьці апазыцыі БНФ у ВС XII скліканьня

Цяжкасьцяў ніякіх не было, дакумэнты даступныя для дасьледчыкаў, адказвае гісторык:

«Трэба толькі напісаць заяву і вас дапусьцяць у архіў. Фактычна ў Нацыянальным архіве адлюстраваныя ўсе аспэкты дзейнасьці апазыцыі БНФ. У асноўным гэта стэнаграмы выступаў дэпутатаў апазыцыі, а таксама ёсьць некалькі справаў зь іхнімі законапраектамі. Мы нават не змаглі ў гэтую кніжку зьмясьціць усе дакумэнты, трэба было ад чагосьці адмаўляцца, аб’ём і так — 800 старонак».

Доступ у архівах да матэрыялаў таго пэрыяду пакуль свабодны, зазначае Аляксандр Кур’яновіч. Напрыклад, яму выдалі заяву Аляксандра Лукашэнкі аб жаданьні балятавацца ў Вярхоўны Савет у 1990 годзе. Дакумэнты па Вярхоўным савеце з 1990 году знаходзяцца ў свабодным доступе: напісаў заяву, атрымаў, адсканаваў. Цікава, што ў іх ёсьць укладыш, ён звычайна пусты, ня ўпісана прозьвішчаў, ніхто іх дагэтуль ня браў.

Аляксандр Кур’яновіч рыхтуе доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную ўсёй гісторыі Вярхоўнага Савету Беларусі. ВС паявіўся ўпершыню ў Канстытуцыі БССР 1937 году, першыя выбары адбыліся ў наступным годзе. Дзейнасьць апазыцыі БНФ будзе часткай гэтай працы. Ніколі раней у Вярхоўным Савеце не магло быць апазыцыі, кажа ўкладальнік.

Якія ўрокі аўтар вынес з працы?

Аляксандр Кур’яновіч пералічвае: БНФ выявіў нядрэнныя здольнасьці да слушных прагнозаў аб тым, як будзе разьвівацца сытуацыя ў краіне. Былі, вядома, хібы. Але рашэньні было праводзіць цяжка, а часамі немагчыма. На 345 дэпутатаў у апазыцыі былі 28-30, кажа гісторык. Гэта былі «апантаныя ідэяй крыштальныя, сумленныя людзі», кажа гісторык. У іх не было ніякай матэрыяльнай зацікаўленасьці. Яны ведалі, што «робяць вялікую справу», яны паказалі «ідэалягічную стойкасьць і адданасьць», але «іх было мала».

Аднак у Нацыянальным архіве няма асобнага фонду БНФ, кажа гісторык. Ёсьць фонд Славянскага сабору Белая Русь (такая партыя была зарэгістраваная ў 1992-99 гадах), хаця яна была супраць незалежнасьці Беларусі. І ёсьць асобны фонд Грамадзянскай партыі. Усё. Праўда, ёсьць асобныя фонды дэпутата Алега Трусава (N 576) або старшыні ВС Станіслава Шушкевіча.

Выдавец кнігі, гісторык Валер Булгакаў падчас прэзэнтацыі

Выдавец кнігі, гісторык Валер Булгакаў падчас прэзэнтацыі

Як вывучаюцца падзеі таго часу ў сёньняшняй Беларусі?

«Той пэрыяд мала вывучаецца сёньня ў Беларусі, —зазначае Аляксандр Кур’яновіч.— Існуе асьцярога чапаць гэты пэрыяд. Цяжка знайсьці гістарычны аналіз, сур’ёзных кніжак няма. Асабліва што датычыць БНФ, яго дзеяньняў. Абароненых дысэртацый палітычнай гісторыі Беларусі няма. Дасьледчыкі закранаюць асьцярожна толькі пэўныя старонкі. Нават перабудова — цяжкі для іх у гэтым сэнсе пэрыяд. Маладыя дасьледчыкі ня возьмуцца за 1990-95 годы. Ня знойдуць навуковага кіраўніка. А калі ўсё ж напішуць дысэртацыю, узьнікнуць цяжкасьці з абаронай, калі дойдзе да ВАКу». Празь ідэалягічныя праблемы, удакладняе гісторык.

Цяпер Аляксандр Кур’яновіч рыхтуе новае выданьне, прысьвечанае першым прэзыдэнцкім выбарам, у Нацыянальным архіве існуе асобны фонд.

Сваю кандыдацкую дысэртацыю Аляксандр Кур’яновіч абараніў па тэме «Паўсядзённасьць ФРГ у 1970-1990-я гады». Але тэма апазыцыі ў Вярхоўным Савеце прысутнічала ў думках. Калі ён вучыўся ў школе, па радыё перадавалі парлямэнцкія сэсіі. Ён рабіў урокі і слухаў выступы прадстаўнікоў БНФ ды іншых дэпутатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG