Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парахавая бочка «Белоруссия»


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Мяне абурае беспардоннасьць і брутальнасьць расейскай улады, якая прывыкла лічыць беларусаў гарматным мясам. Ня месца пуцінскім самалётам у Бабруйску.

Беларусь заўсёды была парахавой бочкай для Масквы, буфэрнай тэрыторыяй, а беларусы — гарматным мясам. Якога, зразумела, ніколі не шкада. Досыць узгадаць сытуацыю 1941 году. Але я хачу нагадаць зараз аб іншым — аб зусім нядаўнім прыкладзе, даволі сьвежым у памяці.

Праходзіў учора міма міністэрства абароны над Сьвіслаччу. Мірна асьветленыя ўвечары вокны, прыгожае месца… Як вядома, гэта былы штаб Беларускай вайсковай акругі. Давайце успомнім – чым яна была.

На тэрыторыі «куска зямлі» разьмяшчаліся шэсьць армій. Па адной на кожную вобласьць! Дзьве танкавыя, штабы ў Барысаве і Бабруйску. 28-я агульнавайсковая, штаб у Горадні. 26-я паветраная армія. Армія стратэгічных ракетных войскаў з ядзернымі боегалоўкамі, штабы дывізій — Ліда, Мазыр, Паставы. 2-я асобная армія супрацьпаветранай абароны краіны.

Апроч гэтага, было мноства іншых батальёнаў, палкоў, брыгад і дывізій. Яны існавалі асобна ад пералічаных армій. Адны ўваходзілі ў склад беларускай акругі, як, напрыклад, 120-я дывізія ва Ўруччы, іншыя падначальваліся штабам па-за межамі Беларусі альбо напрасткі Маскве.

Добра бачна гэта, між іншым, на прыкладзе авіяцыі, што базавалася ў БССР. Напрыклад, пяць палкоў цяжкіх бамбавікоў, гэта больш за дывізію, прызначаных для дастаўкі на далёкія адлегласьці ядзерных зарадаў. Яны да БВА дачыненьня ня мелі. Было таксама некалькі розных іншых палкоў. Напрыклад, у Крычаве, што належаў Маскоўскай акрузе супрацьпаветранай абароны, альбо полк марской авіяцыі ў Быхаве.

А калі падлічыць, напрыклад, танкі: у дывізіі іх магло быць ад 220 да 300, возьмем памножым на шэсьць (калі ўзяць дзьве арміі), будзе прыблізна паўтары тысячы. У мотастралковых дывізіях таксама бывала па 130-180 танкаў. У гарадзенскай агульнавайсковай арміі былі спачатку тры танкавыя і мотастралковая. Яна прыкрывала заходнюю мяжу! Можна знайсьці зьвесткі, што толькі ў дзьвюх дывізіях Гарадзенскай 28-й было 400 танкаў. Мы бачылі тыя танкі ў Слоніме ў 1984-м, калі праходзілі вайсковыя зборы. Апроч іх, было яшчэ мноства БТР, БМП.

Вайсковыя часткі стаялі амаль у кожным беларускім райцэнтры, а нярэдка іх было некалькі. Нават у вёсках, па лясах было мноства, асабліва ракетных дывізіёнаў. Горадня была наладавана Савецкай Арміяй, існавала паўтара дзясятка гарадкоў.

Тысячы танкаў, сотні і сотні самалётаў, дзясяткі тысяч пэнсіянэраў, якія заставаліся ў Беларусі і якія не жадалі ніякай беларускай незалежнасьці…

І сёньня Крэмль гуляе, як кошка з мышкай, зь беларускім начальствам, трымае ў падвешаным стане, навязвае сваю авіябазу. Праўда, у НАТО, як прагучала, ня бачаць для сябе нейкай небясьпекі, калі ў Бабруйску паявіцца расейская авіягрупа. Што ж, калі так, беларускае начальства тады зь лёгкай душой зможа «перадумаць», як толькі пачуе ад Крамля вартую цану за згоду.

Магчыма, у параўнаньні з былой парахавой бочкай пад назвай «БВА», гэта дробязь — самалёты Расеі ў Бабруйску, але беларусам тады чарговы раз дадуць зразумець, што яны для Масквы былі і застануцца закладнікамі.

Так, нам будзе гідка. А суседзям украінцам — неспакойна.

Напісаў гэты тэкст і ўбачыў у інтэрнэце публікацыю свайго аднакурсьніка Валодзі Мікалайчука на сайце «галоўнай газэты» краіны. Пад рубрыкай «Дэмбэльскі альбом» «гвардыі лейтэнант Мікалайчук» успамінае, як пасьля тых нашых збораў трапіў «двухгадзічнікам» на Фолюш у Горадні ў шостую танкавую, асноўную ўдарную сілу 28-й арміі.

Так выйшла, што ў той час я пасяліўся на кватэры на Фолюшы, езьдзіў на працу за Нёман, у абласную газэту. І мы зь Мікалайчуком сустракаліся, канечне. Ён піша, што ў дывізіі была тысяча танкаў, якія вывеў Брэжнеў з ГДР. Па раскладу, скажуць вайскоўцы, не павінна было, зашмат. Але ён іх бачыў.

І сапраўды, Брэжнеў перад сьмерцю пасьпеў напачатку 1980-х вывесьці гэтыя танкі. (Прапанаваўшы Захаду часткова раззброіцца.) Іх выгрузілі каля Горадні, ніхто не зьбіраўся цягнуць у Маскву. Я на Фолюшы быў на зборах пазьней і адзін з такіх жа «партызанаў» мне распавядаў, што першы раз трапіў на зборы, калі гэтыя танкі прыпёрлі ад немцаў. На палігоне ў Гожы (дзе разьмяшчаўся адзін з палкоў) яны стаялі пад кожным дрэвам. Разгрузка адбывалася на станцыі Парэчча пры мяжы зь Літвой.

«Партызанаў» нагналі столькі, што спалі на зямлі, пад кустом. А танк машына рэзкая, хуткая. Гэтага чалавека ледзь не пераехала, дзівам ацалеў. І ясна, што тыя танкі расьпіхалі куды толькі можна. І яны ў часы Шушкевіча-Кебіча мабыць крыху дапамагалі Беларусі выжыць. Штосьці напэўна прадалі, штосьці разрэзалі аўтагенам у Барысаве на танкавым заводзе.

Ну й варта было на гэтым паставіць кропку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG