Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна, Уладзімер Мацкевіч і Аляксей Янукевіч дзеляцца ўражаньнямі пра прамову Сьвятланы Алексіевіч на банкеце ў Стакгольмскай ратушы.

Натальля Радзіна, галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97»:

«У мяне самыя лепшыя ўражаньні ад выступу Сьвятланы Алексіевіч. Яна сказала па-сутнасьці — прыгадала Плошчу і ўшанавала герояў. І між іншым, фактычна вынесла прысуд так званаму «Мытнаму саюзу», сказаўшы пра аўтарытарызм у Беларусі, Расеі і Казахстане.

Уладзімер Мацкевіч, філёзаф, мэтадоляг, кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь»:

«Сьвятлана засталася сама сабой. У гэтым сэнсе чаканьні спраўдзіліся. Яна падкрэсьлена апалітычная. Тое, што яна дала ацэнку рэжымам, якія пануюць на постсавецкай прасторы — гэта нармальная рэакцыя неабыякавага чалавека, які гаворыць пра тое, што само аб сабе енчыць, пра што немагчыма маўчаць. Яна пасьлядоўная ў сваім пакліканьні, у выкананьні сваёй місіі — пісьменьніцы, дасьледчыцы траўмаванай сьвядомасьці. Сьвятлана кажа парадаксальную рэч, але я ёй веру — яе кніжкі не пра боль, жарсьці, драпежніцтва, яны — пра любоў. Гэта — праўда. І гэта так цяжка! Амаль як любіць Хрыста ўкрыжаванага, у крыві і зганьбаванага. Алексіевіч вытрымоўвае сьведчаньні сваіх суразмоўцаў, пераносіць іх на паперу, надае ім літаратурную форму — гэта патрабуе неймаверных высілкаў. Моц для гэтага можа даць толькі любоў. Я б не зацыкліваўся на кавалачку беларускай мовы. Гэта патрэбна было зрабіць, яна і зрабіла. Я б хутчэй зьвярнуў увагу на слова Belarus у ангельскім і швэдзкім вымаўленьні і перакладах. Алексіевіч чулі неабыякавыя і ўплывовыя людзі па ўсім сьвеце, чулі правільную назву нашай Радзімы, і ёсьць шанец, што гэта стане спачатку модаю, а потым звычкаю. І мы будзем называцца правільным імем, на нашай мове, а не ў нягеглых перакладах і калькаваньні.

Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ:

«Прамова Сьвятланы Алексіевіч больш не пакіне сумневаў ва ўсіх тых, хто непакоіўся, ці ў дастатковай, так бы мовіць, ступені спадарыня Сьвятлана дэманструе сваю беларускасьць ды праслаўляе ў сьвеце менавіта Беларусь. Тут яна ясна кажа, што яе краіна — Беларусь, і што гэтая ўзнагарода павінная зрабіць Беларусь больш вядомай ды паважанай у сьвеце. Яна выказвае павагу ды падзяку Быкаву ды Адамовічу. А мы, ў сваю чаргу, мусім быць удзячныя ёй, бо гэтая годная жанчына моцна ўздымае ў сьвеце аўтарытэт нашай нацыі і нашай краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG