Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Блогеру не далі падгледзець як адкрыюць памятны знак супрацоўніка дзяржбясьпекі


Магілёўскаму блогеру Яўгену Глушкову не дазволілі зрабіць відэасюжэт пра рэпэтыцыю адкрыцьця памятнага знаку супрацоўнікам дзяржбясьпекі ля абласной управы КДБ.

Яму загадалі сьцерці зробленыя фрагмэнты імпрэзы. Пятнаццаць хвілінаў Глушкоў правёў у будынку спэцслужбы.

«Мне сказалі: „Ці вы не разумееце, што здымаць нельга?“ І загадалі сьцерці, што наздымаў. Ля будынка КДБ было кіраўніцтва гораду, нейкі генэрал. Шмат людзей. Сьпявалі песьні. Я наагул не разумею навошта такія мерапрыемствы праводзіць у вечаровай цемры. Дапускаю, што маё зьяўленьне ля будынка КДБ было нахабным учынкам, але ў маіх дзеяньнях не было крамолы», кажа пра здарэньне Яўген Глушкоў.

Блогер адзначае: спачатку затрымалі яго міліцыянты, якія ня ведалі, што зь ім рабіць. Потым забралі супрацоўнікі КДБ. Празь пятнаццаць хвілінаў Глушкова адпусьцілі.

Яўген Глушкоў робіць відэасюжэты пра падзеі ў горадзе. Потым выкладае іх у інтэрнэт. «Я фіксую хроніку гарадзкіх падзеяў», — тлумачыць сваё хобі блогер.

Што да адкрыцьця памятнага знаку, то яно заплянаванае на 18 сьнежня і прымеркаванае да Дня супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі.

XS
SM
MD
LG