Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенна-прамысловы камітэт абвяргае ўдзел беларускіх канструктараў у вытворчасьці ўкраінскіх браневікоў


Украінскі бранявік «Варта-2»

Украінскі бранявік «Варта-2»

«Я наогул ня ведаю, адкуль узялася інфармацыя пра тое, што беларускія канструктары ўдзельнічалі ў стварэньні ўкраінскага браневіка «Варта-2». Пра гэта заявіў журналістам першы намесьнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь Ігар Быкаў.

«Шчыра кажучы, я пра гэта нічога ня ведаю. Болей за тое, я ня ўпэўнены, што ўкраінскім інжынэрам і канструктарам наогул патрэбна дапамога з боку Беларусі», — патлумачыў Ігар Быкаў, адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, што Беларусь дапамагла ўкраінскай арміі ствараць бронемашыну «Варта-2».

Ён сказаў, што Беларусь працуе над стварэньнем уласных браневікоў, іх будуць вырабляць на менскім заводзе колавых цягачоў, але гэта выключна беларуская вытворчасьць, і яна робіцца беларускімі спэцыялістамі для беларускіх патрэбаў.

Першы намесьнік дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь выступаў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, ён сказаў, што зараз у Беларусі пачалі ствараць першыя сродкі агнявога паражэньня па тыпу зямля-зямля — гэта комплекс «Палянэз». У Беларусі таксама наладжана вытворчасьць супрацьтанкавых ракетных сродкаў і радыёлякацыйных комплексаў, якія дазваляюць выявіць лятальныя апараты, уключаючы безпілотнікі на вышыні ад 30 мэтраў да 3 кілямэтраў. Ігар Быкаў сказаў, што ў Беларусі не наладжана вытворчасьць уласных пісталетаў, аўтаматаў і карабінаў. Ён патлумачыў гэта тым, што ладзіць такую вытворчасьць эканамічна невыгодна. Таму гэтую зброю Беларусь набывае ў сваіх партнэраў.

У размове з журналістамі Ігар Быкаў сказаў:

«Я нядаўна вярнуўся з Турэччыны і бачыў, як яны робяць патроны для аўтаматаў, пісталетаў, карабінаў — там лік ідзе на мільёны, на дзясяткі мільёнаў. І гэта дае сваю выгоду. Можна, вядома, сказаць, што і мы можам наладзіць вялікую вытворчасьць і прадаваць тыя ж пісталеты, аўтаматы, карабіны за мяжу. Але скажу, што гэта зусім ня простая рэч, бо сусьветны рынак ужо даўным-даўно падзелены, і на ім дамінуюць фірмы, якія займаюцца гэтым ужо больш за сотню гадоў».

XS
SM
MD
LG