Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алексіевіч піша на выдуманай рускай мове. Гэта геніяльна» — Дзьмітры Плакс працаваў над п’есай па кнізе Алексіевіч і зразумеў пра яе ўсё


Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

Былы грамадзянін Беларусі прадставіць у швэдзкім Каралеўскім тэатры п’есу па кнізе нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Час Сэканд-хэнд». Прэм’ера адбудзецца 12 сьнежня. А падчас працы Дзьмітры Плакс зрабіў сапраўдныя літаратуразнаўчыя адкрыцьці, якімі падзяліўся з Радыё Свабода.

П’еса працягваецца 55 хвілінаў, але кніга большая ў некалькі разоў. З 700 старонак аўтарскага тэксту давялося зрабіць 40, каб ператварыць празаічны твор у драматургічны. У пастаноўцы, распавядае Дзьмітры Плакс, занятыя 14 актораў і 150 аматараў.

«Я сьвядома пайшоў на такую рызыку — працу з прафэсійнымі і непрафэсійнымі акторамі, нават увогуле не з акторамі, а са „звычайнымі людзьмі“. Гэта спроба нейкім чынам адлюстраваць мэтад працы Сьвятланы Алексіевіч, якая размаўляе ня толькі з „прафэсійнымі адказвальнікамі на пытаньні“, але, у асноўным якраз з тымі, хто ня звыклы адказваць га пытаньні. І яна ня робіць розьніцы, пытаньні, я падазраю, тыя самыя — ня важна размаўляе яна з прэзыдэнтам ці з беспрацоўным».

Яна ня робіць розьніцы, пытаньні, я падазраю, тыя самыя — ня важна размаўляе яна з прэзыдэнтам ці з беспрацоўным.

Галоўную ролю, а гэта Сьвятлана, граюць дзьве знакамітыя швэдзкія актрысы Пэрніла Аўгуст (унутраны голас) і Лена Эндрэ (вонкавы голас). Адзін з актораў — Йімі Ліндстрэм — ужо працаваў па запрашэньні Дзьмітрыя Плакса ў ягонай пастаноўцы па Горадзе сонца Артура Клінава. Іншыя акторы найхутчэй упершыню сутыкнуліся з працай над тэкстам беларускага аўтара. Дзьмітры кажа, што асаблівых складанасьцяў у працы над тэкстам у актораў не было, але пытаньні задавалі.

«Пыталіся, напрыклад, што такое НКУС, чаму будынак называецца „сталінскім“, чаму былы дырэктар школы працуе сьледчым і падобнае. Пыталіся пра тое, што рухае чалавекам, які прайшоў ГУЛАГ, жонка якога адтуль не вярнулася, а сын быў аддадзены ў дзіцячы дом, заставацца камуністам? Што рухае чалавекам, які піша данос на ўласнага брата?» — распавядае Плакс.

Але самому аўтару п’есы давялося перажыць з тэкстам нашмат больш.

«Вядома, што калі зь 700 старонак трэба пакінуць 40, ад кнігі застаецца няшмат. Я быў вымушаны пакінуць тры тэматычныя лініі, якія для мяне ў кнізе ёсьць найгалоўнейшымі. Умоўна іх можна назваць, напэўна: тое, што камуністычны лад робіць з чалавекам; тое, што адсутнасьць камуністычнага ладу робіць з чалавекам і любоў».

Дзьмітры тлумачыць, што камунізм, ці таталітарызм увогуле, на ягоны погляд, прымушаюць чалавека даваць простыя адказы на складаныя пытаньні, прывучаюць да ўтапічнага, міталягічнага мысьленьня. А адсутнасьць таталітарызму для чалавека ў таталітарызьме выхаванага, азначае сутыкненьне з рэчаіснасьцю, якая не ўкладаецца ў чорна-белае, двухмернае ўспрыняцьце сьвету і таму выклікае паніку, боль, агрэсію — у залежнасьці ад дамінуючых рыс характару канкрэтнага чалавека.

Але любоў, па меркаваньні Дзьмітрыя Плакса, — галоўная тэма твораў Алексіевіч.

Мне здаецца, што любоў ёсьць тым палатном, на які яна кладзе свае фарбы. Усе яе кнігі — гэта гісторыя прыгодаў любові.

«Мне было вельмі цікава слухаць прамову Алексіевіч, бо мне здаецца, што я ўгадаў. Яна шмат казала пра любоў, — тлумачыць Дзьмітры, — Мне здаецца, што любоў ёсьць тым палатном, на які яна кладзе свае фарбы. Усе яе кнігі — гэта гісторыя прыгодаў любові. Гэта пра тое, якія жудасныя, жахлівыя формы любоў можа прымаць у пэўных абставінах і ў пэўныя часы. Асабліва „Час сэканд-хэнд“ пра гэта. Але і астатнія таксама».

Сапраўднае ж адкрыцьцё Дзьмітры Плакс зрабіў пры працы з тэкстам Алексіевіч, і яно тычыцца яе творчага мэтаду.

«Калі я чытаў яе кнігі, у мяне складалася ўражаньне таго, што гэта дакумэнтальны матэрыял. Я нават не думаў ані пра што іншае. Я магу зразумець тых, хто лічыць — што яна такога зрабіла, запісала 10 кілямэтраў стужкі і зьняла. Бо калі чытаеш, ты чуеш сапраўды гэтыя галасы, гэта сапраўды падаецца дакумэнтальным матэрыялам. Нават для такога спакушанага ў тэкстах чалавека, як я, — пачынае распавядаць Дзьмітры пра сваю канцэпцыю. — Калі я пачаў працаваць зь яе тэкстамі, я зразумеў, што там перароблена ўсё — ад пачатку і да канца. Гэтая мова яе цалкам выдуманая, цалкам сынтэтычная. Калі ты спрабуеш разьбіць гэта на дыялёгі — людзі так не гавораць. Гэта ты заўважаеш толькі тады, калі пачынаеш працаваць зь яе тэкстамі. гэта геніяльна зроблена».

«За адно гэта можна даваць Нобэлеўскую прэмію», — заключае Дзьмітры Плакс.

Гэтым можна патлумачыць і тое, па меркаваньні Дзьмітрыя, чаму Сьвятлана ня можа раптам загаварыць па-беларуску, як таго патрабуюць ад яе шматлікія крытыкі.

Яна робіць тое, што вялікі пісьменьнік мусіць рабіць кожны раз, калі сядае пісаць твор, — ён мусіць выдумляць мову.

«Яе руская мова цалкам сканструяваная. Гэта яе руская мова, яна яе прыдумала. Яна робіць тое, што вялікі пісьменьнік мусіць рабіць кожны раз, калі сядае пісаць твор, — ён мусіць выдумляць мову. Калі яна 40 год выдумляла гэтую мову, то патрабаваць ад яе, каб яна перайшла на іншую, гэта як у выказваньні пра рыбу: «Усе маюць таленты, але калі вы будзеце меркаваць пра рыбу па яе здольнасьці залазіць на дрэвы, то...» — тлумачыць Дзьмітры.

На публічную прэм’еру, якая адбудзецца 12 сьнежня ў Каралеўскім Драматычным тэатры ў Стакгольме Сьвятлана Алексіевіч абяцала прыйсьці. Гэта радыёспэктакль, на сцэне паставяць вялікія калёнкі замест актораў і людзі будуць слухаць разам гукавую пастаноўку. Радыётэатар у Швэцыі надзвычай папулярны, таму квіткі на такія «чытаньні» купляюць, як на звыклыя нам спэктаклі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG