Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акторка фільмаў Бэргмана выконвае галоўную ролю ў пастаноўцы па п’есе Алексіевіч


Лена Эндрэ (зьлева) і Пэрніла Аўгуст

Лена Эндрэ (зьлева) і Пэрніла Аўгуст

Лена Эндрэ, зорка Швэдзкага тэлебачаньня, якая здымалася ў фільмах Інгмара Бэргмана і Лів Ульман, 12 сьнежня ў Каралеўскім драматычным тэатры возьме ўдзел у публічнай прэм’еры радыёп’есы паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час Сэканд-Хэнд».

Пастаноўка зробленая былым беларускім грамадзянінам Дзьмітрыем Плаксам, які даўно жыве ў Швэцыі. Галоўныя ролі ў ёй граюць дзьве знакамітыя швэдзкія актрысы Пэрніла Аўгуст (унутраны голас) і Лена Эндрэ (вонкавы голас).

Лена Эндрэ прысутнічала падчас Нобэлеўскай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч 7 сьнежня. Акторка зазначыла Свабодзе, што спадзяецца пабачыць пісьменьніцу падчас прэм’еры і паціснуць ёй руку:

Яе творы надзвычай важныя для ўсяго сьвету. Гэтыя галасы, гэтыя сьведчаньні пра вялікую эпоху, пра якую кожны мае сваё бачаньне.

«Яе творы надзвычай важныя для ўсяго сьвету, — кажа Лена Эндрэ. — Гэтыя галасы, гэтыя сьведчаньні пра вялікую эпоху, пра якую кожны мае сваё бачаньне. Кожны на Захадзе нават мае сваё меркаваньне. Ты думаеш, што ты гэта ведаеш, але насамрэч не. Я толькі цяпер прачытала кнігу „У вайны не жаночае аблічча“ і яна шакіруе, вельмі моцная. У пэўным сэнсе гэта жахлівае чытаньне. У сёньняшнім сьвеце ідзе так шмат войнаў, ты ня можаш гэта зразумець, калі ты не прайшоў праз гэта. Але з такімі кнігамі, у цябе зусім іншае ўяўленьне пра рэальнасьць.

Тое, як яна пра гэта піша, пра звычайных людзей, якіх ты бачыш штодня, са сваімі спадзяваньнямі і любоўю, — усё гэта робіць (яе тэксты — РС.) такімі моцнымі па ўзьдзеяньні і кранальнымі. Гэта іншы спосаб пісаць гісторыю, я думаю. Я ўпершыню перажыла нешта падобнае, гэта вельмі важна».

«Мне зусім ня важна, беларускі яна пісьменьнік ці расейскі, — працягвае Эндрэ. — Я нават не магу зразумець, чаму так важна, дзе ты нарадзіўся ці дзе ты жывеш. Я лічу, што гэта зусім няважна. Вядома, для пэўных людзей важна належаць да пэўнай нацыі. Але калі яна кажа „я — беларуска“, „я — украінка“, „я — руская“ — значыць, так яно і ёсьць. Яна — усе гэтыя нацыі разам».

Паслухаць радыёп’есу можна тут.

XS
SM
MD
LG