Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепшае дакумэнтальнае кіно польскага фэстывалю WATCH DOCS — беларусам


Цягам 10-13 сьнежня ў Беларусі будзе гасьцяваць польскі фэстываль дакумэнтальнага кіно WATCH DOCS. Гэта адзін з найбуйнейшых у сьвеце форумаў, прысьвечаных тэме правоў чалавека. Імпрэза існуе ад 2001 году, у Беларусі паказы фільмаў з гэтай пляцоўкі пройдуць упершыню. Месцы дэманстрацыі — сталічная крэатыўная прастора ЦЭХ і Галерэя TUT.BY.

Як расказала Свабодзе арганізатарка паказу, старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Яворская, у Менску можна будзе ўбачыць блізу двух дзясяткаў стужак польскіх, францускіх, амэрыканскіх, італьянскіх, галяндзкіх, аргентынскіх, ізраільскіх, украінскіх дакумэнталістаў, якія атрымалі ўзнагароды на міжнародных конкурсах. Прычым, паглядзець абсалютна бясплатна:

«Увогуле гэта польскі фэстываль дакумэнтальнага кіно, які ўжо 15-ы раз праходзіць у Варшаве. Адзін з найбуйнейшых у сваёй катэгорыі, у Эўропе гэта другі фэстываль па наведвальнасьці — колькасьць гледачоў перавышае 60 тысяч чалавек. Спачатку ён праходзіць у польскай сталіцы, а потым пачынае вандраваць па іншых гарадах і краінах. Такім чынам, 10 сьнежня ў Варшаве ён завяршаецца, а мы, у сваю чаргу, падхопліваем эстафэту і адкрываем яго ў Менску — акурат у Дзень абароны правоў чалавека».

Якім рэпэртуарам арганізатары зьбіраюцца зьдзівіць беларускіх гледачоў? Чым адметная тэматычная падборка ў прывязцы да Міжнароднага дня абароны правоў чалавека?

Тацяна Яворская
Тацяна Яворская

«Ня ведаю наконт зьдзівіць, бо мы перадусім імкнуліся, каб былі ўзьнятыя актуальныя пытаньні, ня вырашаныя ў розных частках сьвету. Найперш, найноўшая гісторыя Ўкраіны, якая не абмяркоўвалася так публічна, як мы прапануем яе абмеркаваць: гэта і гісторыя Майдану („Чорная кніга Майдану“), які зь цягам часу можна пераасэнсаваць, і валанцёрскую кампанію („Паўднёвая мяжа“), якая ахапіла ўсю краіну. У Менск завітае лідэрка валанцёрскага руху з поўдня Ўкраіны Натальля Бамбірайтэ, пасьля прагляду пройдзе зь ёй сустрэча. Натуральна, канфлікт у Сырыі: прыедзе польскі кінарэжысэр Міхал Пшэдлацкі, які апошнія 10 гадоў здымае ў месцах, дзе адбываюцца збройныя канфлікты. Чарговай краінай вайны для яго стала Сырыя. „Алепа. Запіскі зь цемры“ — адна з працаў, якую ён прадставіць асабіста. Зноў жа, пасьля прагляду (адзначу, што стужка з абмежаваньнем 18+) можна будзе паразмаўляць, задаць свае пытаньні».

Тацяна Яворская ўдакладняе, што праграмай форуму прадугледжаныя і іншыя сустрэчы, абмеркаваньні, дыскусіі. Так, пасьля амэрыканскай стужкі аўтарства Джааны Гамільтан (Johanna Hamilton) «1971», прысьвечанай актывістам, якія скралі сакрэтныя дакумэнты ФБР, адбудзецца размова пра спосабы абароны пэрсанальных дадзеных з экспэртам кампаніі Lawtrend Аляксеем Казьлюком:

«Наогул тэмы ў праграме паказу ўздымаюцца самыя разнастайныя. Напрыклад, будзе вельмі цікавы фільм пра тое, як больш за 40 гадоў таму група неабыякавых грамадзянаў ЗША, незадаволеных дзеяньнямі спэцслужбаў, уварвалася ў адзін з офісаў ФБР і вынесла дакумэнты дзяржаўнай важнасьці. Кінутыя на пошук 150 спэцагентаў так нічога і не знайшлі, а выкрадальнікі неўзабаве пачалі друкаваць матэрыялы ў „Вашынгтон пост“. Толькі праз чатыры дзясяткі гадоў амэрыканская рэжысэрка зьняла пра іх фільм — як я разумею, проста выйшаў тэрмін, цягам якога людзей можна было асудзіць за мінулае злачынства. То бок, удзельнікі той дзёрзкай акцыі нарэшце раскрыліся, і вось пра іх зьнялі фільм».

12-13 сьнежня на пляцоўках фэстывалю арганізуюцца сямейныя прагляды. Навізна ў тым, што на час сэансу будзе працаваць дзіцячы пакой. Пакуль з малымі будуць увіхацца выхавацелькі, бацькі змогуць паглядзець стужкі, прысьвечаныя праблемам падлеткаў. А пры жаданьні ў фармаце пытаньне-адказ паўдзельнічаць у сустрэчы з дасьведчаным псыхолягам, які працуе з інтэрнэт-залежнымі дзецьмі і іх бацькамі:

У нас заплянаваны час для сямейных праглядаў, падчас якіх будзе працаваць сямейны пакой, дзе можна пакінуць дзетак з выхавацелямі.

«Вельмі важна, што ў нас заплянаваны час для сямейных праглядаў, падчас якіх будзе працаваць сямейны пакой, дзе можна пакінуць дзетак з выхавацелямі. Найперш гэта кароткамэтражныя фільмы пра выхаваньне дзяцей, пра ўзаемаадносіны дарослых зь дзецьмі. Мяркую, што і дзецям будзе цікава, і для бацькоў карыснае кантактаваньне».

Без перабольшаньня ўнікальнай зьявай абяцае стаць фільм-адкрыцьцё фэстывалю. «Сьвяшчэнная рымская кальцавая» — адзіная ў гісторыі дакумэнтальная карціна, якая атрымала галоўную ўзнагароду Вэнэцыянскага кінафэстывалю:

«Фільм-адкрыцьцё — „Sacro Gra“ па-італьянску ці „Сьвяшчэнная рымская кальцавая“. На сёньня гэта адзіны фільм у межах Вэнэцыянскага кінафэстывалю, які ўзяў галоўны прыз — „Залатога льва“. Вельмі прыемна, што мы атрымалі дазвол на тое, каб паказаць гэтую гістарычную стужку ў Менску. Мова арыгіналу — італьянская, з субтытрамі. Важна ведаць, што ўсе фільмы дэманструюцца з субтытрамі, на беларускую і расейскую мовы перакладалі прафэсійныя перакладчыкі. У праграме будзе пазначана, на якой мове фільм і на якой субтытры».

Як кажа Тацяна Яворская, ня менш адметнай абяцае быць і фінальная стужка фэстывалю, у якой зусім зь нязвыклага боку паказваецца побыт асобных жыхароў Нарвэгіі:

«Апошняе, пра што хочацца сказаць, — гэта пра фільм-закрыцьцё „Браты, сёстры назаўжды“, ён перакладзены на беларускую мову. Гэта гісторыя нарвэжцаў, якія не адно пакаленьне жывуць традыцыйным укладам у сваёй вёсцы. Надзвычай цікавы фільм, які нечакана для ўсіх стаў блёкбастэрам. Калі яго паказалі ў Нарвэгіі, аказалася, што больш за ўсё наведнікаў у кінатэатрах ішло менавіта на яго. Сапраўдны бэстсэлер. Сэнс у тым, што зьнята жыцьцё нарвэжцаў, якія жывуць гэтак жа, як у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Жывуць у вёсцы, дзе няма электрычнасьці, тэлефону, куды не дайшлі сучасныя тэхналёгіі і, як у Беларусі, пад коніка саджаюць бульбу. Засталося дадаць, што ўсе фільмы — дакумэнтальныя, прагляды — бясплатныя».

Апроч уласна кінапаказаў, у Галерэі TUT.BY будуць экспанавацца плякаты маладых беларускіх дызайнэраў, прысьвечаных тэме правоў чалавека. Працы створаны да Міжнароднага конкурсу студэнцкага плякату ENABLED FOR DISABLED у сталіцы Македоніі Скоп’е.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG