Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італія заблякавала аўтаматычны працяг санкцыяў супраць Расеі


Прэм'ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце "дваццаткі" ў турэцкай Анталіі, 16 лістапада 2015 году.

Прэм'ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце "дваццаткі" ў турэцкай Анталіі, 16 лістапада 2015 году.

Італія запатрабавала абмеркаваньня эканамічных санкцый Эўразьвязу да Расеі замест іх аўтаматычнага працягу прадстаўнікамі ЭЗ.

Сустрэча пасланьнікаў, якая адбылася 9 сьнежня, павінна была без абмеркаваньня зацьвердзіць паўгадавое падаўжэньне санкцый, якія заканчваюцца ў студзені 2016 года. Яны былі накладзеныя на Маскву ў мінулым годзе ў сувязі з крызісам ва Ўкраіне. Але дыпляматы ў Брусэлі паведамілі агенцтву Reuters, што Рым быў незадаволены намерамі аўтаматычна падоўжыць санкцыі і ня лічыць гэтае пытаньне малаважным элемэнтам парадку дня. Прэс-сакратар місіі Італіі пры ЭЗ заявіла, што яе краіна папрасіла спэцыяльнага абмеркаваньня гэтага пытаньня.

Падтрымка адзінства ЭЗ мае вырашальнае значэньне для намаганьняў па ціску на Маскву ў справе мірнага працэсу на Украіне і спыненьня канфлікту паміж украінскімі урадавымі сіламі і сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея.

У канцы ліпеня 2014 году Эўразьвяз, нароўні са Злучанымі Штатамі, увёў эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якія тычацца энэргетычных, банкаўскіх і абаронных галін.

Гэтыя санкцыі мінаюць ў канцы студзеня, празь месяц пасьля заканчэньня тэрміну выкананьня ўмоў мірнага пагадненьня, узгодненага ў Менску Нямеччынай, Францыяй, Украінай і Расеяй у лютым гэтага года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG