Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія праваабаронцы прапанавалі ўладам сьпіс першачарговых захадаў


Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой заклікалі дзяржаву ў бліжэйшы час прыняць шэраг мераў аднаўленчага характару, якія не патрабуюць унясеньня зьменаў у заканадаўства.

На іх думку, гэта неабходна зрабіць «зыходзячы з зацікаўленасьці ў разьвіцьці беларуска-эўрапейскіх адносінаў і ўмацаваньня і абароны правоў чалавека ў нашай краіне».

Праваабаронцы заклікаюць спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць журналіста Аляксандра Алесіна, графіцістаў Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Яраслава Ульяненкава, палітыка Алеся Міхалевіча, а таксама перагледзець у адкрытым судовым працэсе крымінальную справу Міхаіла Жамчужнага (заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн»). Зьняць судзімасці для аднаўленьня грамадзянскіх і палітычных правоў у дачыненьні да былых палітвязьняў.

Аўтары заявы лічаць неабходным зьняць забарону на ўезд у Беларусь праваабаронцы Алены Танкачовай, а таксама гарантаваць бясьпечныя ўмовы вяртаньня на радзіму асобаў, якія вымушана пакінулі яе ў выніку палітычных перасьледаў.

Прапануецца зарэгістраваць праваабарончы цэнтар «Вясна» і іншыя некамэрцыйныя арганізацыі, спыніць перасьлед журналістаў і ўвесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў.

На заканадаўчым узроўні для паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека, паводле праваабаронцаў, неабходна адмяніць артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый. Таксама яны заклікаюць прывесьці заканадаўства ў сфэры правоў чалавека ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.

«Лічым важным наладзіць дыялёг у гэтай сфэры паміж дзяржаўнымі інстытутамі і праваабарончымі арганізацыямі і распрацаваць нацыянальны плян па правах чалавека і грамадзянскай супольнасьці ў цесным узаемадзеяньні дзяржавы і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі», адзанчаецца ў заяве.

XS
SM
MD
LG