Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана нафты калі не на дне, то дзесьці ўжо блізка ад яго, — экспэрт


Уладзімер Драбянцоў

Уладзімер Драбянцоў

Усясьветныя кошты на нафту адкаціліся да адзнакі ў 40 даляраў за барэль, вымушаючы экспартэраў і спажыўцоў прыстасоўвацца да новых эканамічных рэаліяў. Ці дасягнута ўжо дно падзеньня, альбо абвал будзе працягвацца? Якія наступствы гэта мае для Беларусі, якая ня толькі залежная ад расейскай нафты, але і зарабляе на яе перапрацоўцы?

Сытуацыю на рынку аналізуе адзін з самых дасьведчаных спэцыялістаў у нафтагазавай галіне Ўладзімер Драбянцоў — у нядаўнім мінулым старшы эканаміст Усясьветнага банку, а цяпер галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаній British Petroleum па Расеі і СНД.

На яго перакананьне, асноўнай прычынай радыкальнага падзеньня коштаў стала змаганьне вытворцаў нафты за рынкі збыту. Перадусім гэтаму паспрыяў той факт, што Злучаныя Штаты Амэрыкі ў выніку «сланцавай рэвалюцыі» з буйнейшага спажыўца нафтавай сыравіны пераўтварыліся ў пастаўшчыка. На далейшыя паказьнікі, лічыць адмыслоўца, будзе ўплываць дынаміка здабычы сланцавай нафты ў ЗША:

«Усе мы сёньня ёсьць сьведкамі зьменлівай дынамікі здабычы і вытворчасьці нафты ў сьвеце. У прыватнасьці, дынамікі здабычы ў трох вядучых дзяржавах-вытворцах — Савудаўскай Арабіі, Расеі і ЗША. Прынцыповы момант, што летась Злучаныя Штаты абагналі двух колішніх лідэраў: то бок, упершыню за многія гады Амэрыка стала краінай з найвышэйшым узроўнем здабычы нафты ў сьвеце. Зразумела, што імклівы рост здабычы нафты ў ЗША пачаўся ня летась. Так, уплыў здабычы сланцавай нафты прывёў да таго, што цэны на „чорнае золата“ абваліліся ў 2014 годзе, але рэвалюцыя сланцавай нафты пачалася за акіянам нашмат раней».

На думку экспэрта, абвал коштаў на нафтавым рынку мусіў здарыцца нашмат раней, аднак утрымаць балянс дапамагла так званая «арабская вясна» — чарада народных хваляваньняў, якая прывяла да зьвяржэньня рэжымаў у некаторых дзяржавах Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Сярод іх і краіны, дабрабыт якіх наўпрост трымаўся на нафтавым гандлі:

За тры гады здабыча нафты ў ЗША вырасла на 3 мільёны барэляў на суткі і, каб гэта не было кампэнсавана выпадзеньнем іншых краінаў, цана на нафту абрынулася б нашмат раней

«Чаму, нягледзячы на „рэвалюцыю сланцавай нафты“ ў ЗША, з цаной на нафту да мінулага году практычна нічога не адбывалася? Тут элемэнт выпадковасьці. Рост здабычы нафты ў ЗША цягам 3 гадоў — ад сярэдзіны 2011-га да сярэдзіны 2014-га — цалкам кампэнсаваўся выпадзеньнем экспарту нафты з краінаў, якія належаць да ліку традыцыйных пастаўшчыкоў. Перш за ўсё гэта Лібія, якая выпала з абоймы пасьля „арабскай вясны“, таксама гэта тычыцца Ірану пасьля ўвядзеньня больш жорсткіх санкцый, Емену, абодвух Суданаў. Вынікам стала тое, што за тры гады здабыча нафты ў ЗША вырасла на 3 мільёны барэляў на суткі і, каб гэта не было кампэнсавана выпадзеньнем іншых краінаў, цана на нафту абрынулася б нашмат раней. Але, падкрэсьліваю, выпадкова склалася, што гэты прырост быў кампэнсаваны выпадзеньнем здабычы ў іншых краінах роўна на тыя ж 3 мільёны барэляў у суткі. Таму тут магіі няма, так адбылося выпадкова. Ня трэба думаць, што нехта адмыслова гэта зрабіў».

Паступова сытуацыя стабілізавалася, і старыя гульцы вярнуліся на рынак. Нафты стала шмат і, як вынік, яна ўжо фізычна ня можа каштаваць так дорага, як раней. Кошты папаўзьлі ўніз.

Нафтасховішча ў Кітаі

Нафтасховішча ў Кітаі

Як кажа Ўладзімер Драбянцоў, тэарэтычна ўтрымаць цэны магла Савудаўская Арабія — трэба было проста зьнізіць аб’ёмы здабычы, што дазволіла б утрымліваць цэньнік нават на адзнацы 100 даляраў за барэль. Аднак, маючы падстрахоўку ў выглядзе значных золатавалютных рэзэрваў, тамтэйшыя стратэгі вырашаюць іншую задачу: пашырыць геаграфію збыту і выціснуць з рынку асноўных канкурэнтаў. Іран, Ірак, Лібія, Вэнэсуэла, Нігерыя, для якіх нафтавыя прыбыткі складаюць асноўную крыніцу бюджэтных паступленьняў, такі дэмпінг доўга ня вытрымаюць:

«Найперш хачу зьвярнуць увагу, што цудаў на сьвеце не бывае. Калі краіны не скарачаюць сваю здабычу, калі здабыча нафты перавышае попыт на яе, нафту трэба кудысьці разьмясьціць. Улічваючы, што плянэта Зямля нафту нікуды не экспартуе, трэба знайсьці месца для гэтай нафты дзесьці на зямлі. Іншага месца, апроч нафтасховішчаў, не існуе. І вось гэты лішак нафты на рынку прывёў да імклівага росту запасаў сыравіны ў нафтасховішчах разьвітых краінаў. На працягу 2014 году спачатку гэтыя аб’ёмы выйшлі на рэкордныя ўзроўні за апошнія 5 гадоў, а потым нашмат іх перавысілі. Чаму гэта важна? Зьвярну ўвагу на простую рэч. Зразумела, што нафтасховішчы маюць фізычную мяжу, і калі ўсе сховішчы будуць запоўненыя, штосьці на рынку павінна зьмяніцца. І гэта „штосьці“, хутчэй за ўсё, будзе тычыцца цаны».

Пасьля таго, як арганізацыя краінаў-экспартэраў АПЭК не прыняла рашэньня пра скарачэньне здабычы нафты, усясьветныя кошты маркі Brent дасягнулі мінімальных значэньняў за апошнія 7 гадоў — ніжэй 40 даляраў за барэль. Дзяржавы Пэрсыдзкага заліву пацьвердзілі штосуткавую здабычу ў аб’ёме звыш 30 мільёнаў барэляў, даўшы зразумець, што не зьбіраюцца штучна ўздымаць кошты. Між тым, Уладзімер Драбянцоў не сумняваецца: падобная сытуацыя мае часовы характар і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве скачка цэнаў не пазьбегнуць:

Тое, што адбываецца з інвэстыцыямі ў нафтаздабычу, непазьбежна закладае пэрыяд высокіх коштаў на нафту. Дзесьці, скажам, празь 5-7 гадоў

«Дзьве часткі таго, што адбываецца на рынках. Першая — кароткачасовая пэрспэктыва, у якой цэны будуць заставацца валацільнымі і нават могуць яшчэ панізіцца ў параўнаньні зь цяперашнім узроўнем. Другая — больш доўгатэрміновая. Але тое, што адбываецца з інвэстыцыямі ў нафтаздабычу, непазьбежна закладае пэрыяд высокіх коштаў на нафту. Дзесьці, скажам, празь 5-7 гадоў. Чаму так? Апроч сланцавай здабычы нафты ў ЗША, якая абсалютна рэвалюцыйная, астатняя нафтаздабыча, па вялікім рахунку, традыцыйная. Разрыў паміж прыняцьцем рашэньня аб інвэставаньні і выхадам нафтапрадукту на рынак складае тыя ж 5-7 гадоў. Адпаведна, калі цяпер інвэстыцыі скарачаюцца — сёлета нафтакампаніі скарацілі свае праграмы ў сярэднім на 20% — празь 5-7 гадоў нафты на рынак выйдзе нашмат меней, чым было б у іншым выпадку. Што можа ўплываць на кошты да таго часу? Найперш, якая мяжа сабекошту здабычы сланцавай нафты складзецца ў ЗША, бо мы гэтага яшчэ ня ведаем. Па-другое, наколькі Савудаўская Арабія зможа вырашаць праблемы свайго бюджэту, а таксама плацёжнага балянсу пра такіх нізкіх цэнах на нафту».

Пакуль краіны-экспартэры падлічваюць страты, спажыўцы карыстаюцца выгодамі новых рэаліяў. Праўда, як зазначае Ўладзімер Драбянцоў, рост аб’ёму спажываньня нафтапрадуктаў станоўчы толькі на першы погляд, а насамрэч гэта тармозіць іншыя працэсы — напрыклад, прасоўваньне на рынак альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі:

«У разьвітых краінах падзеньне спажываньня нафты назіралася апошнія 8 гадоў, мы ледзь не сказалі, што гэта структурнае падзеньне: так у Эўропе рост эфэктыўнасьці прывёў да таго, што нафты ў абсалютным выражэньні спажывалася ўсё менш.

Паверыце ці не, але сёлета спажываньне нафты ў Эўропе расьце, гэта якраз эфэкт нізкіх коштаў.

Паламаць эканамічныя заканамернасьці складана, бо нізкія цэны стымулююць рост попыту. У ЗША гэта ўвогуле адбываецца, як ва ўнівэрсытэцкім падручніку: як толькі цана падае ніжэй 3 даляраў за галён паліва, людзі мамэнтальна пачынаюць езьдзіць часьцей і езьдзіць далей. У Эўропе — той жа эфэкт. Нават у Кітаі, нягледзячы на запавольваньне тэмпаў росту, спажываньне нафты працягвае расьці — летась Кітай даў палову ад усясьветнага прыросту. Нават ва ўмовах запавольваньня даходы на душу насельніцтва растуць, а гэта прывядзе да павялічэньня аўтапарку. І да таго, пакуль электрамабілі выціснуць рухавікі ўнутранага згараньня як асноўную крыніцу руху, попыт на нафту будзе расьці.

Цяперашні пэрыяд нізкіх нафтавых цэнаў ня толькі запавольвае рост энэргаэфэктыўнасьці, а і стварае праблемы для разьвіцьця альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі

Таму цяперашні пэрыяд нізкіх нафтавых цэнаў ня толькі запавольвае рост энэргаэфэктыўнасьці, а і стварае праблемы для разьвіцьця альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі: паколькі яны патрабуюць высокіх субсыдыяў, у пэрыяд нізкіх коштаў на асноўныя энэргэрэсурсы гэтыя субсыдыі становяцца ўсё менш сэнсоўнымі».

Эканоміка Беларусі наўпрост залежыць ад эканамічнага становішча ў Расеі і здольнасьці фінансаваць стратэгічнага саюзьніка. Аднак апошнія тэндэнцыі на сыравінным рынку не даюць падставаў да аптымізму. Як кажа галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаніяў ВР па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў, Менску трэба быць гатовым да таго, каб тужэй зацягваць паясы: абвал цэнаў на нафту яскрава прадэманстраваў, на чым грунтаваўся беларускі «эканамічны цуд»:

«Па-першае, значэньне рынкаў нафты і газу для эканомікі Беларусі выходзіць далёка за межы паліўна-энэргетычнага комплексу: 97% першасных энэргарэсурсаў, якія спажываюцца ў краіне, прыпадае на нафту і газ. Але значэньне для эканомікі ў цэлым — ня толькі ў гэтым: цэны на сыравіну ўплываюць на Расею, а структура экспарту Беларусі ўсё яшчэ моцна на яе завязаная. Узьнікае ланцуговая рэакцыя, бо Беларусь, да ўсяго, — экспартэр нафтапрадуктаў. Цэлы комплекс праблемаў, якія прыводзяць да таго, што той жа нафтавы рынак, а таксама тое, што на ім адбываецца, наўпрост уплывае на эканоміку Беларусі. Па-другое, адбываюцца рэвалюцыйныя зьмены. Яны настолькі істотныя, што нават удзельнікі рынку, якія прысутнічаюць на ім многія гады, яшчэ не навучыліся адэкватна іх ацэньваць. Па-трэцяе, пры фармаваньні эканамічнай палітыкі трэба апэраваць рэаліямі, а ня мітамі, якія склаліся адносна таго, што ўплывае на цану. На жаль, з досьведу кантактаваньня з чальцамі ўрадаў у былым СССР я зрабіў выснову, што такія міты яшчэ жывучыя і прысутнічаюць у галовах людзей, якія прымаюць рашэньні».

Дык ці варта чакаць, што цана нафты ўпадзе да ўзроўню 30 даляраў за барэль ці нават ніжэй? Бальшыня экспэртаў мяркуе, што яна калі не на дне, то дзесьці ўжо блізка ад яго. Днямі Амэрыканскае энэргетычнае агенцтва апублікавала абноўлены прагноз, згодна зь якім цана гатунку Brent у 2016 годзе можа скласьці 55 даляраў за барэль, WTI — 50 даляраў, а здабыча нафты ў ЗША скароціцца зь цяперашніх 9,3 мільёнаў да 8,7 мільёнаў барэляў штосуткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG