Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржваенпрам Беларусі: Да «Варты-2» ня маем ніякага дачыненьня


Бранявы аўтамабіль «Варта-2»

Бранявы аўтамабіль «Варта-2»

Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў зьмясьціў інфармацыю пра новы ўкраінскі бранявы аўтамабіль «Варта-2», узяты на ўзбраеньне Нацыянальнай гвардыяй Ўкраіны. Паводле Арсэна Авакава, у вытворчасьці новай бронемашыны акрамя ўкраінскіх адмыслоўцаў бралі ўдзел беларускія інжынэры. Якім чынам Беларусь магла спрычыніцца да стварэньня браневіка «Варта-2»?

«Мы да гэтага ня маем ніякага дачыненьня, пытаньне не да нас. Прадпрыемствы Дзяржваенпраму ў гэтым пляне не працуюць і ніколі не працавалі», — запэўнілі ў прэсавай службе Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін не выключае як пэўнага ўдзелу беларусаў у распрацоўцы «Варты-2», гэтак і таго, што зьвесткі пра беларускі ўдзел —толькі піяр-акцыя:

«З большага гэта дзіўная заява пра наш удзел, бо мне цяжка ўявіць, чым мы маглі дапамагчы ўкраінцам, бо ў іх усе адмыслоўцы па танках, а ня ў нас. Там у Харкаве ёсьць канструктарскае бюро, там жа танкабудаўнічы завод, ёсьць яшчэ некалькі заводаў па рамонце танкаў, якія займаюцца распрацоўкамі бронетэхнікі таксама і на экспарт. Таму не ўяўляю, чым тут можа дапамагчы Беларусь, якая ня мае адмысловага канструктарскага бюро і адпаведных сіл канструктараў і тэхнолягаў. Вось дапамога з боку Украіны ў рамонце бранятанкавай тэхнікі Беларусі была б лягічнай. Ведаю, што калі Аляксандар Лукашэнка быў з візытам ва Ўкраіне, яму паказалі ўкраінскі БТР, які яны пастаўлялі ў Тайлянд і тады Лукашэнка даручыў нашым інжынэрам і канструктарам ВПК пераняць гэты досьвед і ўжыць яго. Таму даволі скептычна паставіўся да той навіны, што гэта мы дапамаглі, а не наадварот. Хіба толькі калі паставілі туды рухавік нашага Менскага маторнага завода, дык яны пастаўляюцца на любую тэхніку. Дарэчы, на нашым Барысаўскім заводзе па рамонце бронетэхнікі на старыя савецкія БТР ставяць такія маторы магутнасьцю пад 200 „коней“, якія вельмі надзейныя і працуюць фактычна на любым паліве. То бок, калі гаворка пра рухавік — усё ж магчыма. Яшчэ калі пра трансьмісію — таксама магчыма. Але што да баявога модуля, брані ды ўзбраеньня, тут наўрад ці магло быць нейкае супрацоўніцтва», — мяркуе ваенны экспэрт Аляксандар Алесін.

Паводле супрацоўніка аддзелу збыту Менскага маторнага заводу, які займаецца пастаўкамі ва Ўкраіну, супрацоўніцтва ММЗ з Украінай працягваецца, у тым ліку ідуць пастаўкі менскіх рухавікоў у Палтаву ды іншыя гарады Ўкраіны. Калі карэспандэнт Свабоды спытаў, ці пастаўляе завод таксама рухавікі для тэхнікі вайсковага прызначэньня, суразмоўца адказаў: «Гэтага я вам не скажу, бо ня ведаю».

XS
SM
MD
LG