Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі: Пуцін зьдзейсьніў пераварот, рэвалюцыя непазьбежная


Заснавальнік арганізацыі «Адкрытая Расея», экс-кіраўнік ЮКАСу Міхаіл Хадаркоўскі заявіў на прэс-канфэрэнцыі пра тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін учыніў у краіне антыканстытуцыйны пераварот, і цяпер — для вяртаньня да дэмакратыі і прававой дзяржавы — у Расеі непазьбежная рэвалюцыя.

Хадаркоўскі назваў законы, якія прымаюцца ў краіне, нелегітымнымі і заклікаў сабатаваць іх па меры сіл і магчымасьцяў, падкрэсьліўшы, што вяртаньне ў прававое поле з падобнай сытуацыі і называецца рэвалюцыяй. Ён дадаў, што асноўная задача — зрабіць яе мірнай.

Паводле кіраўніка «Адкрытай Расеі», пасьля падобнай зьмены ўлады давядзецца тэрмінова аднаўляць многія сфэры жыцьця дзяржавы, такія як адукацыя, навука, паліцыя. Ён адзначыў, што сродкі на гэта ёсьць і іх трэба рацыянальна выкарыстоўваць, «а не абменьваць на ляяльнасьць прайдзісьветаў ў пагонах».

Сваё заданьне Хадаркоўскі бачыць у паказаньні грамадзтву альтэрнатываў і дапамогі ў стварэньні пляцовак для абмеркаваньня свабоднай будучыні краіны. Для гэтай мэты быў задзейнічаны праект «Адкрытыя выбары».

Акрамя таго, Хадаркоўскі адмовіў свой удзел у забойстве мэра Нефцеюганска ў 1998 годзе, у сувязі зь якім ён быў абвешчаны ў вышук. На думку Хадаркоўскага, забойства «было раскрытае ў тым годзе, у якім было зьдзейсьненае», а інфармацыі па ім дастаткова ў адкрытых крыніцах. Выканаўцы забойства, кажа ён, былі знойдзеныя:

«Яны былі арыштаваныя, затым яны былі адпушчаныя і забітыя».

Тым ня менш, Хадаркоўскі гатовы адказаць на пытаньні сьледзтва, калі гэта палічыць неабходным «краіна яго цяперашняга прыбываньня» — Швэйцарыя. На пытаньне аб магчымым палітычным прытулку ў Вялікабрытаніі, ён адказаў, што разглядае розныя варыянты сваіх далейшых дзеяньняў.

Абвінавачваньні ў раскраданьні і нясплаце падаткаў супраць яго і кіраўніцтва «Юкасу», па якім Хадаркоўскі адсядзеў 10 год, ён лічыць сфабрыкаванымі ў сувязі зь яго апазыцыйнай пазыцыяй і «выступамі адносна карупцыі».

XS
SM
MD
LG