Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Юры Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Паводле зьвестак ад Юрыя Рубцова, ён разам з жонкай цяпер знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў у Нюрнбэргу.

«Па патрабаваньні сына і жонкі, я быў вымушаны пакінуць Беларусь і папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Мяне адмыслова ня бралі на працу на радзіме, і ў выпадку нявыплаты падатку за дармаедзтва я зноў трапіў бы за краты. Але я гатовы змагацца з рэжымам, і ўпэўнены, што яго можна зрынуць, не выводзячы людзей на вуліцы супраць узброеных да зубоў міліцыянтаў. Аднак, чытаючы праграмы шматлікіх апазыцыянэраў, я ня бачу той, якая сапраўды патрэбная нашай краіне, — я ўсё больш думаю пра тое, што нашыя апазыцыянэры імкнуцца толькі заняць трон Лукашэнкі.

У сына па-ранейшаму праблемы на працы з-за маёй гісторыі, але цяпер ім усё гэта лёгка зваліць на цяжкую эканамічную сытуацыю ў краіне. Цяпер мы з жонкай знаходзімся ў намётавым лягеры ў Нюрнбэргу. Не магу назваць ўмовы добрымі, але ў абарону Нямеччыны хачу сказаць, што захапляюся гэтай краінай, якая пасьля Другой усясьветнай вайны дала прытулак столькім уцекачам», — заявіў Юры Рубцоў тэлеканалу Белсат.

Сёлета Юры Рубцоў быў вызвалены з-за кратаў паводле указу Аляксандра Лукашэнкі. Актывіст адбываў тэрмін у 2 гады за ўхіленьне ад працы, якія атрымаў за тое, што на «хіміі» адмовіўся працаваць за мізэрны заробак. На «хімію» Юры Рубцоў патрапіў паводле суду за тое, што зьняважыў судзьдзю, які судзіў яго напалову распранутага — міліцыянты сарвалі з Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG