Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі прыдумалі новы спосаб кантраляваць перапіску ў інтэрнэце


«У сувязі са складанай геапалітычнай сытуацыяй» анэксаваны Расеяй Крым можа застацца бяз Skype і Facebook.

Расея можа абавязаць «арганізатараў распаўсюду інфармацыі» працаваць выключна па дамове з апэратарамі сувязі. Такі законапраект трапіў у газэту «Ведомости». Супрацоўнікі інтэрнэт-кампаніяў, якія азнаёміліся з праектам, мяркуюць, што гаворка ідзе найперш пра мэсэнджэры — праграмы для перапіскі накшталт Skype, Viber альбо Telegram, а таксама сацсеткі кшталту «УКантакце», Facebook ці Twitter.

Паводле законапраекту, кампаніі-распрацоўшчыкі сродкаў абмену паведамленьнямі ў інтэрнэце маюць працаваць у Расеі толькі па дамове з інтэрнэт-правайдэрамі, а таксама паведамляць пра сваю дзейнасьць у Раскамнагляд. Акрамя таго, абмен паведамленьнямі мае адбывацца толькі між «ідэнтыфікаванымі карыстальнікамі» (працэдура ідэнтыфікацыі не ўдакладняецца). Парушальнікаў правілаў і дамоваў з апэратарамі маюць блякаваць на ўзроўні апэратараў.

Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі інтэрнэт-кампаніяў, законапраект распрацаваны Раскамнаглядам з ініцыятывы адміністрацыі прэзыдэнта «ў сувязі са складанай геапалітычнай сытуацыяй» і цяпер абмяркоўваецца ў рабочай групе чыноўнікаў і прадстаўнікоў апэратараў. Раскамнагляд адмовіўся ад камэнтароў.

Калі законапраект будзе прыняты без належных зьменаў, многія расейцы могуць застацца (часова ці назаўсёды) без замежных сацсетак і мэсэнджэраў. Многія кампаніі-распрацоўшчыкі ня маюць прадстаўніцтваў у Расеі, а тыя, што маюць, наўрад ці здолеюць апэратыўна кантактаваць з кожным апэратарам, якіх у Расеі сотні (падобная сытуацыя ня раз здаралася з блякаваньнямі вэб-сайтаў паводле ранейшага закону). У такім разе пры адсутнасьці дамовы альбо нейкім парушэньні апэратар сам заблякуе сэрвіс, тым часам як стваральнік сэрвісу можа і не даведацца пра блякаваньне.

Асобныя праблемы могуць узьнікнуць у Крыме. Сёньня там ужо не працуюць сэрвісы Google і Apple накшталт AppStore, Play Store, а таксама плацёжны сэрвіс PayPal — у сьнежні 2014 года Барак Абама падпісаў указ, згодна зь якім у ЗША ўведзенае гандлёвае эмбарга адносна тэрыторыі анэксаванага Крыму. У выпадку прыняцьця закону аб дамовах з расейскімі апэратарамі, амэрыканскія кампаніі-распрацоўшчыкі мэсэнджэраў і сацсетак ня змогуць заключаць такія дамовы па працы ў Крыме.

XS
SM
MD
LG